— Надакучыла чакаць. Чэснаму чалавеку ніякага разгарнення няма. Затое гультаям выгода.
На поплаў прыходзяць яшчэ чацвёра мужчын, дзяўчаты, а з імі Стась. У гэтыя дні Стась неяк вельмі ўжо туліцца да дзяўчат.
— Эй ты, лайдак,— заву я Стася,— хадзі да нас. Хопіць табе за Верчыну спадніцу трымацца.
Стась грозіць мне кулаком, а сам смяецца. Сёння мне асабліва хочацца быць са Стасем, бо я чамусьці саромеюся Кірылы.
— Што ж гэта, мужчыны, за работа такая? — дакорліва кажа Даніла.— Ці ж то панскае сена? Не складзем у стагі, пагніе ўсё. Як жа глядзець пасля будзе?
Мужчыны адчуваюць сябе ніякавата. Яны пераступаюць з нагі на нагу, пакашліваюць, але ні слова ў сваю абарону.
Дзядзька Даніла талкова распараджаецца людзьмі. Ён усё ведае: і каму лепей быць на стагу, і каму падаваць сена з зямлі, і каму з воза. Людзі слухаюць яго ўважліва. Так, як кладзе стагі дзядзька Даніла, ніхто не ўмее.
Наш стог вырас ужо ў рост чалавека. Другі яшчэ не пачыналі. Даніла па-маладому падміргвае мужчынам.
— Што ж, мужчынкі, давядзецца нас даганяць.
— Дзе ўжо нам? Цяпер не дагнаць.
— Ну што ж, давайце мяняцца. Як ты глядзіш, Максімавіч, калі мы новы пачнем, а яны наш будуць канчаць?
Платон Загурскі смяецца, выскаляючы белыя зубы.
— Я, вядома, вытрымаю. А вось хлопцы як?
Мы запэўняем, што вытрымаем. Спрэчка падбадзёрвае нас. Добра было б абагнаць тых, хто спазніўся. Але мужчыны не дужа ахвотна згаджаюцца на такую мену. I я разумею чаму: тады перакураў ужо не будзе.
I вось пачынаецца работа. Дзяўчаты і маладзейшыя хлопцы-падлеткі падвозяць вазы з далёкіх участкаў поплаву. Халімон Лепятуха падцягвае сена валакушай. А мы ўскідваем сена на стог. Цяпер на стагу Даніла. I мы здзіўляемся, як ён спраўляецца ладкаваць сена, якое на козлы падае Загурскі з Кірылам, а адтуль мы са Стасем.
Душна, трохі пыльна, але працуецца весела. Мы даўно ўжо абагналі мужчын. Цяпер і яны ніяк не хочуць адстаць. Пачынаецца гонка.
Прыходзіць яшчэ колькі мужчын. Справа пачынае ісці спарней. I неяк весела. Стомы чамусьці не адчуваецца. Мабыць таму, што працуеш не адзін. Нездарма ж некалі людзі на ўсякую цяжкую работу збіралі талаку.
Цяпер я залез на самы верх стога, да дзядзькі Данілы. Я падхопліваю пададзенае мне сена і перакідваю яго далей. Даніла прытоптвае яго. Стог выцягваецца ўверх, усё больш закругляецца.
Зверху відаць прастора поплаву, палавелая збажына і нашы вёскі. Ля Стасева сельбішча стаіць напалову ўсохшы ясакар з бусліным гняздом-кучомкай. Мне добра відаць галовы буслянят з доўгімі дзюбамі. Самі буслы дыбаюць па беразе Расянкі і звонка кляцаюць дзюбамь Потым адзін з іх падымаецца, ляціць на ясакар, трымаючы ў дзюбе жабу.
На русакоўскай дарозе паяўляецца брычка. Я адразу пазнаю яе. Едзе старшыня калгаса Чукрай. За вочы яго празвалі «Абсурд». Але пры людзях да яго звяртаюцца ветліва, хоць усмешка і тады не знікае з людскіх твараў.
Сёння Чукрай едзе адзін, без Цопы. Гэта крыху здзіўляе. Бо старшыня ніколі не прыязджае ў вёску без брыгадзіра ці яго памочніка.
Крыху здзіўляе і тое, што на гэтым месяцы ён прыязджае ў нашу брыгаду другі раз. Усе спадзяваліся, што старшыня не пакажа да нас носу яшчэ месяцы два.
Брычка зварочвае на поплаў, кіруе проста да стагоў. Старшыня выкульваецца з брычкі і нерашуча спыняецца. Людзі як бы не заўважаюць яго. Яны заняты сваёй справай. Ім цяпер не да старшыні. Праца захапіла іх, узяла ў палон. Чукрай збянтэжана топчацца ля суседняга стога, і нечакана ягоны твар расплываенца ўсмешкай. Каго ўбачыў Чукрай? Ён распасцёр рукі і пайшоў да нашага стога. Я гляджу ўніз і бачу, што Загурскі кінуў працаваць і таксама развёў рукі.
Яны сустракаюцца ля стагоў, абнімаюцца і доўга ляпаюць адзін аднаго па плячы, смяюцца і маўчаць.
— А я да цябе ехаў, ды вось на поплаў завярнуў. Не спадзяваўся тут убачыць. Думаў, ты ў цяньку дзе ляжыш,— узрадавана гаворыць Чукрай.
— Не тваёй, браце, натуры,— жартуе Загурскі.— Ну і раз’еўся ты, Амяльян.
— Дзе там, пахудзеў…— махае рукой старшыня.
Абодва рагочуць. Калгаснікі спынілі работу, з цікавасцю паглядаюць на Загурскага і Чукрая.
— Ты вось што, Амяльян, бяры вілы ў рукі, ды на стог. А то вунь Даніла з Янкам удвух запарыліся. Прытупнеш нагой — стог, як пад прасам, асядзе.
— Ай-яй-яй!..— ківае галавой Чукрай.— А кіраваць жа хто будзе? Абсурд.
Але ён бярэ вілы, лезе на козлы, упоперак якіх ляжаць дошкі, адтуль, узяўшыся за вілачнік, адзін канец якога трымае Даніла, караскаецца на стог.
Узабраўшыся на верх, Чукрай нейкі час глядзіць на поплаў. Там, у далечыні, ля Расянкі, завіхаюцца ля стагоў русакоўцы. Яны выйшлі пазней за нас і зрабілі не так многа, але, як відаць, і яны стараюцца не адстаць.
— А я думаў, што Цопа з Макухай ні на што не здатныя,— як бы разважае Чукрай.— Аж яны вунь як разгарнуліся… Глядзі, сёння і стагаваць кончым.
Даніла чмыхае носам. Атрымліваецца гэта ў яго так выразна і шматзначна, што Чукрай здзіўлена глядзіць, не разумеючы, відаць, чым ён незадаволены.
— Вашага Цопу мятлой гнаць трэба. Каб не Загурскі, дык тут можа і пяці чалавек не было б.