– Часткова мне, канечне, зразумела: мы ўсе сёння занадта перанерваваліся ў сувязі з тымі падзеямі, што тут адбыліся. Я не менш за вас хваляваўся, чым усё гэта павернецца, але, на шчасце, абышлося, усе засталіся жывыя…
– Не ўсе.
Пан Альбрыхт раздражнёна ўздыхнуў.
– Людзі Эль-Анабі, як і сам Эль-Анабі, – бандыты, – адчаканіў стары. – Няўжо вы будзеце шкадаваць тых, хто здзейсніў шмат злачынстваў? Дарэчы, як вы, так і ваша Бася маглі стацца іхнімі чарговымі ахвярамі.
– Я іх не шкадую. Але я і не лічу правільным тое, што тут сёння здарылася, – адказаў Міхал. – І самае жахлівае, што Бася таксама бачыла гэта.
– Паверце, мне вельмі шкада, што так адбылося, але ніхто ж не вінаваты ў тым, што яна апынулася тут. Гэта быў яе выбар.
– Яе выбар?! – выбухнуў юнак. – Пан Альбрыхт, вы чуеце сябе? Гэта ж вы ўцягнулі яе ва ўсю гэтую блытаніну з Ключом. Вы ўвесь час падагравалі яе цікаўнасць да яго. У рэшце рэшт, гэта вы з самага пачатку падсунулі ёй маё люстра, таму што вам яно не хацела адчыняцца, але вам карцела даведацца, што за ім і ці здолее маленькае дзяўчо адчыніць яго!
– Гэта ўсё? – суха спытаў стары.
– Вы нічым не лепшы за Эль-Анабі, – кінуў Міхал апошняе абвінавачванне.
– Што? – асалапеў стары. – Ды як вы смееце параўноўваць мяне з ім?
– Думаеце, я не бачыў вашага твару, калі мы збіралі Ключ? Вы акурат гэткі ж сквапны дзед, які нічога не шануе, акрамя сваёй цалкам бессэнсоўнай і нікому не патрэбнай мэты.
– Як вы можаце так казаць пра Ключ?! Верагодна, праз вашу юнацкасць вы няздольны ўцяміць гэта, але Clavis speculari з’яўляецца вяршыняй навукі! Усё жыццё я марыў сабраць яго, кіруючыся сваёй прыхільнасцю да даследчыцкай дзейнасці, а не нейкімі ганебнымі мэтамі, для здзяйснення якіх яго хоча атрымаць Эль-Анабі.
– Адкуль вы ведаеце, навошта Ключ патрэбны Эль-Анабі? Наўрад ці ён дзяліўся з вамі сваімі планамі, – з сумневам у голасе прамовіў юнак і, крыху падумаўшы, дадаў, пабліскваючы вачыма: – Мо ён хоча знішчыць Ключ, каб назаўжды спыніць гэтую дурную мітусню вакол яго. Уласна я зрабіў бы менавіта так.
– Прэч адсюль, – ціха прамовіў пан Альбрыхт, зрабіўшыся белым, як палатно.
– З вялікай асалодай! – дзёрзка вымавіў Міхал і ліха павярнуўся, каб сысці.
– Мне цікава, што вы скажаце праз некалькі дзён, – саркастычна кінуў яму ў спіну пан Альбрыхт.
Міхал павярнуўся і здзіўлена ўтаропіўся ў яго.
– Нічога, – паціснуў плячыма юнак. – А што я буду мусіць сказаць?
– Ну не ведаю, вам жа трэ будзе неяк жыць тут далей. У гэтым вымярэнні.
– Нічога, зладжу, – запэўніў яго юнак і штурхнуў дзверы, каб нарэшце пайсці.
– Стой! – пачуў ён у сябе за спінаю задушаны голас і мімаволі азірнуўся цераз плячо.
Стары хапаўся за сэрца і ротам лавіў паветра.
– Калі ласка, таблеткі… Вельмі баліць… Хутчэй… – адрывіста казаў ён.
Міхал пакруціў галавой.
– Пан Альбрыхт, колькі можна? – стомлена спытаў ён.
– Гэта не жарт, – прахрыпеў стары. – Балюча…
Юнак накіраваўся да шапіка, дзе ў пана Альбрыхта разам са спіртнымі напоямі ляжалі таблеткі ад сэрца. Намацаўшы там пласцінку, ён падышоў да старога і ўклаў яму яе ў руку. Стары пачаў сутаргава вытрасаць таблетку з ячэйкі. Не вытрымаўшы гэтага відовішча, Міхал дапамог яму і, пакінуўшы пласцінку на стале так, каб пан Альбрыхт здолеў да яе дацягнуцца, калі яму зноў спатрэбяцца таблеткі, пайшоў з кабінета.
– Там старому, здаецца, блага, – пахмурна паведаміў ён малойчыкам, што відавочна нудзіліся.
Тыя падхапіліся з месца і ўдвух пабеглі да пана Альбрыхта, пачаўшы штурхацца масіўнымі целамі на невялічкіх прыступках, што вялі да дзвярэй. Міхал убачыў, як, усё-такі прарваўшыся ўнутр, яны абляпілі старога і пачалі наперабой задаваць яму пытанні, паспяваючы падчас гэтага пакрыкваць адзін на аднаго. Паназіраўшы за імі крыху ў дзвярны прахон, юнак упэўніўся, што без нагляду пан Альбрыхт не застанецца, і рашучым крокам пайшоў на двор.
Ужо пачало цямнець, запаліліся невялічкія ліхтары, развешаныя ўздоўж вуліцы. Міхал удыхнуў марознае паветра і выпусціў з рота белае воблачка. Ён паглядзеў, як яно развеялася, і павольна рушыў прэч ад крамы, разважаючы пра тое, што яму сапраўды цяпер трэ неяк жыць далей у гэтым часе, адных жа зберажэнняў наўрад ці будзе дастаткова. «Уладкуюся на працу», – вырашыў Міхал. Толькі куды могуць узяць студэнта падрыхтоўчага аддзялення без асаблівых уменняў, вартых для ХХІ стагоддзя? «Добра, патэлефаную заўтра Басі. Яна ж, напэўна, штосьці ведае», – усміхнуўся сам сабе Міхал і тут жа выняў з кішэні мабільны, каб патэлефанаваць ёй сёння проста так.
Частка трэццяя
Напрыканцы ўсё будзе добра. Калі не добра, то гэта яшчэ не канец.
Раздзел 1
– Ну вось усё і скончылася, мадэмуазэль. Я думаў, што ў маіх сілах працягнуць пошукі, але цяпер… – Ён абвёў рукою бальнічную палату. – Цяпер усё страціла сэнс. Я канчаткова ператварыўся ў мізэрнага, нікому не патрэбнага старызну.