– Цямніш, – працягнуў той.

– Нічога я не цямню! Проста мне сон пацешны прысніўся. Бася сцісла пераказала бацькам свае прыгоды.

– Ох жа мне гэтыя дарослыя дочкі! – усклікнуў тата. – Няма чаго табе пра ўсялякіх кавалераў думаць. Хадзі справай якой-небудзь займіся.

– Тата, якой справай? У мяне ж вакацыі!

– Нічога, я табе зараз прыдумаю справу.

Бася даела сняданак, цмокнула тату і матулю і, кінуўшы ім на хаду «дзякуй», хуценька рэціравалася да сябе ў пакой.

– Правільна, як дапамагчы мне да канферэнцыі рыхтавацца – дык не, – прабурчаў ёй услед бацька.

Хутка Басі патэлефанавала сяброўка Эва. Трошкі пабалбатаўшы, яны дамовіліся сустрэцца ў Эвы дома.

Басю так распіралі эмоцыі, што, як толькі яна прыйшла да сяброўкі, адразу ж пачала распавядаць ёй пра падзеі мінулай ночы, ужо другі раз за раніцу. Спачатку Эва з сур’ёзным тварам слухала Басю, але напрыканцы апавядання гучна разрагаталася.

– Ай, ну цябе, Эўка! – пакрыўдзілася дзяўчынка. – Чаго ты рагочаш?

– Прабач, я не хацела, – сказала сяброўка, выціраючы слёзы. – Дык што ты там кажаш?

Бася закаціла вочы:

– Табе што, усё спачатку распавядаць?

– Ды не, ты мне толькі пра хлопца распавядзі, пра інтэр’ер не трэба. Ты ж ведаеш, я ў падрабязнасцях не люблю.

– Ды што пра яго распавядаць? Хлопец як хлопец, – скрытна прамовіла Бася.

– Ну, красунчык хаця ці не? Дзяўчынка збянтэжылася і кіўнула.

– Ага, – прамямліла яна.

– Што «ага»? – усклікнула Эва. – Дык так ці не?

– Ну зразумела ж, так! Хаця не, красунчык – гэта не пра яго. Разумееш, ён такі…

– Які? – чакальна працягнула Эва.

– Высакародны.

– Ой, Баська! – ізноў зарагатала сяброўка. – Закахацца трэба ў сапраўднага чалавека, трымай прыклад з мяне.

– Ну-ну, у каго, у каго, а ў цябе кожны дзень новы сапраўдны кумір.

– Так, я нясталая! – з выклікам сказала Эва. – Мабыць, я пакуль што ў пошуку!

Бася фыркнула, і абедзве зарагаталі.

– Не, усё ж у такое мінулае лепей не трапляць – безупынныя войны! – тонам бывалага вывела Эва.

– Хіба? – спытала Бася.

– Які там у вас год?

– Чаму гэта ў нас?

– Ну, у Міхала твайго.

– Зусім ён не мой! – паружавела дзяўчынка.

– Год які? – нецярпліва паўтарыла Эва. – Дзесяць разоў ужо пытаюся!

– Тысяча пяцьсот пяцідзясяты, – насупіўшыся, прабурчала Бася.

– Зараз паглядзім, што там у вас.

– Гм! – кашлянула дзяўчынка.

– У ніх, – паправілася Эва, пацягнуўшыся за энцыклапедыяй. – А ты ведаеш, час мірны. Каранаванне Барбары Радзівіл, праўда, з далейшым атручваннем.

– Але гэта ж толькі гіпотэза.

– Вось сходзіш у госці да свайго новага знаёмага – даведаешся. Не забудзься распавесці потым.

– Эва!!! – абурана ўсклікнула Бася. – Хопіць з мяне здзекавацца!

– Ды годзе табе. Жартую.

– Я лепш пайду дадому, а то хутка дождж пачнецца.

– Добра, – згадзілася Эва. – Дарэчы, мы з бацькамі збіраемся на выхадныя ў Тракай. Паедзеш з намі?

– Я спытаюся ў маіх, а то яны мяне ўсё ўмольваюць ехаць разам з імі на канферэнцыю. Але я не хачу.

– Ну добра.

– Я табе патэлефаную.

– Дамовіліся. І хопіць марыць, а то ўжо дарослы чалавек, а ўсё табе казачкі.

– Ды годзе, бывай! Патэлефаную, – развіталася дзяўчынка.

Па дарозе дадому яна ўсё ж такі трапіла пад дождж і наскрозь прамокла.

– Я не разумею! – абурылася матуля. – Няўжо так складана ўзяць з сабой парасон?

– Калі я збіралася ісці, нішто не прадказвала такой залевы, – апраўдвалася дзяўчынка.

– Што мне з ёй рабіць? – звярнулася матуля да таты. Той пацепнуў плячыма.

– Эва запрасіла мяне ў Тракай. Яны з бацькамі едуць туды на лецішча.

– А як жа мы? – спытаў тата.

– Ды едзьце! І вы ад мяне ўдваіх адпачнеце, і я ад вас.

– Няўдзячная! – Тата тэатральна заламаў рукі.

– Басенька, ты ўпэўнена? – занепакоена сказала матуля.

– Ну зразумела! Мы ж гэта тысячу разоў ужо абмяркоўвалі.

– А я думала, пакуль тата будзе на канферэнцыі, мы разам з табой па крамах паходзім, па горадзе пашпацыруем.

– Па горадзе вы разам с татам пашпацыруеце пасля канферэнцыі.

– Ну, я нават не ведаю, як пакінуць цябе адну, – матуля задумалася. – Добра, заставайся, але тады бабуля будзе цябе кантраляваць.

– Ну-ну, як справамі займацца, дык я дарослая, а як на пару дзён адной застацца, дык я маленькая, наглядчыкаў да мяне адразу прыстаўляеце, – пакрыўдзілася дзяўчынка.

– Дачушка, ці мала што з табой можа здарыцца.

– Так, мы ж у лесе жывём, а не ў цывілізаваным грамадстве! – усклікнула Бася.

– Ну, супакойся, – перарваў яе тата. – Не забывай хаця б проста тэлефанаваць бабулі.

– Добра, – утаймавалася дзяўчынка і паднялася да сябе.

Перейти на страницу:

Похожие книги