Заступалася і яна за мяне, вядома. Намаўляла прыкласці нейкія намаганні, каб выкупіцца — але я не хацеў ні да каго звяртацца. Хоць, можа, які аднакурснік па Празе ці Лейпцыгу адгукнуўся б. Пані нават, не папярэдзіўшы, спрабавала таемна прадаць дзеля майго выкупу свае дыяментавыя завушніцы, але волі ў яе не нашмат больш, чым у слугі. Ліхвяр даклаў пану Агалінскаму пра свавольства жонкі — пабаяўся звадзіцца з пагрозным суседам. Была гнюсная сцэна, пані Галена, вядома, не прызналася, дзеля чаго ёй патрэбныя грошы, нешта выдумала… І ў маёнтку стала яшчэ горш. Бо Агалінскаму ўвялі ў вушы, што я — знаўца атрутаў і чорнай магіі, і магу яму адпомсціць. Чым больш ён мяне мучыў, тым больш мяне баяўся. І вось аднойчы, на пачатку красавіка, пан асабліва ўзлаваўся і загадаў кінуць неслухмянага раба ў халодную нанач. А якраз былі замаразкі, у маёй вязніцы снег не раставаў. І да раніцы я б не дажыў — у адных нагавіцах, збіты на горкі яблык… Пані Галена прыйшла да мяне, выкраўшы ключ. Аддала сваё футра… Вось тады і здарылася між намі… Грэх? Так, грэх. Можа быць, таму Гасподзь і не дае мне спадчынніка ад законнай жонкі. Можа быць… Але тае начы я ніколі не забудуся. Я раптам паверыў, што варта жыць і не здавацца. Вось і ўся гісторыя…

Пранціш перавёў дыханне… Што тут скажаш — лёсы чалавечыя не прастуюць, як гасцінцы. І адзінае выйсце тут — маўчанне. Лёднік ніколі не зможа забраць сабе свайго сына, пані Галена ніколі не выцісне з сэрца Лёдніка чароўную Саламею, а маленькага паніча чакае самая сумная прышласць, калі распаўсюдзяцца чуткі, што ён байструк. Ну а што чакае ў такім выпадку пані Галену… Усе праблемы са з’яўленнем і знікненнем васковай Пандоры бляклі перад простымі і жорсткімі чалавечымі стасункамі.

Але прафесар глядзеў на цьмяныя водбліскі на брукаванцы, і мімаволі ўсміхаўся — і Вырвіч ведаў, што ён успамінае маленькага чарнавалосага хлопчыка, які зараз салодка спіць у ложку за кітайскай шырмай.

<p>РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ</p><p>ЯК ПРАНЦІШ ПАЗНАЁМІЎСЯ З ДОКТАРАМ ДЗІ І СУСТРЭЎСЯ З ПАЛАНЭЯЙ</p>

Людзі вельмі любяць прыдумляць казкі пра вялікае і застрашлівае: цмокаў, волатаў, рыбаў Рэмораў ды ільдзяных Грымтурсаў, праваленыя пад зямлю ці на дно возера храмы альбо цэлыя гарады… А дробнасцяў, мізэрных сутнасцяў заўважаць не хочуць — хаця яны, можа, болей значныя ды небяспечныя для чалавечага існавання, чым волаты ды цмокі, якіх сумленны рыцар з дапамогай арханёла Міхаіла ды Прасвятой Багародзіцы з аднаго ўдару можа заваліць. Ёсць, праўда, малюпасенькія альраўны, якія жывуць у карэннях мандрагоры, але ж і тыя прымаюць абліччы вялізных застрашлівых пачвараў, іначай хто ж іх спалохаецца. А ў кожнай кропельцы вады схаваны цэлы сусвет — нездарма доктар Антоні ван Левенгук, які вынайшаў мікраскоп, ледзь не самлеў ад узрушэння, калі тую кроплю пабачыў у павелічэнні. Цэлы заапарк дзіўных істотаў — анімалькуляў — мітусіўся перад вачыма! А для чалавека мудрага і самае вялікае, і самае малое збудавана па адным узоры.

Перейти на страницу:

Похожие книги