Для Паланэі Багінскай было ўсё адно, стане ейны брат каралём з дапамогай расійскай імператрыцы, прускага імператара, шведскага караля альбо ўвогуле турэцкага султана. Балі для ўладных асоб будуць ладзіцца заўсёды. І гэтак жа ўсё адно, дзе на іх таньчыць — у Варшаве, Вене, Парыжы ці Вільні, абы весела і можна было дазволіць сабе трохі прыемнай амурнай рызыкі. Пан Гервасій Агалінскі шанаваў сармацкія ідэалы, а ўвасабленнем іх лічыў свайго гаспадара Караля Радзівіла. Што той выракуе — тое пан Агалінскі і стане выконваць, з дапамогай здабытага вогненнага мяча. Шляхта павінна быць сама сабе законам! Галоўнае, пан Караль не дапусціць, как усялякая шваль, мяшчукі, сыны гарбароў, раўняліся з праўдзівай шляхтай і мяшалі сваю беспародную кроў з высакароднай. Лёднік, вядома, з гэтым не пагадзіўся б… І ўвогуле прафесар, падобна, марыў пра нешта кшталту рэспублікі ў беларускіх межах са свабодай веравызнання і панаваннем навукі ды філасофіі. Шчасце яшчэ, да палітычных спрэчак кшталту сеймавых справа не дайшла. Паланэя ўмела сыходзіла ад сур’ёзных размоў, Лёднік адмоўчваўся, але Пранціш усур’ёз пабойваўся, што калі хто са спадарожнікаў завядзецца, да Ангельшчыны ўсе з кампаніі не даедуць. І нават да Гданьску, дзе чакаў карабель.

Таму Вырвіч асабліва не пярэчыў, калі Лёднік дарогай чытаў яму лекцыі. Усё лепей, чым калі перабрэшуцца між сабою.

Між тым дарога вынырнула з лесу, рэзка павярнула і прывяла на скрыжаванне з трыма таполямі, якія страцілі амаль усю лістоту, толькі на вершалінах жаўцелі лісты. Лёднік зверыўся па картах, праігнараваўшы дэманстратыўна вынутую Агалінскім з кішэні астралябію, і паведаміў, што трэба ехаць прама. Але тут на дарозе злева паказаўся воз. Варта было распытацца тубыльцаў пра мясцовыя корчмы, каб зноў не апынуцца на развалінах — польскай мовай валодалі ўсе. Коней трэба мяняць тэрмінова, той, што пад Лёднікам, вось-вось пачне кульгаць.

Сямейная пара на возе, гружаным ладнымі лазовымі кошыкамі, мужык і жонка ў вышываных кажушках, святочна прыбраныя, не надта былі схільныя да размоваў на скрыжаваннях з падазронымі незнаёмцамі. Кабета, абвязаная ваўнянай белай хусткай у чырвоныя ружы аж да самых броваў, толькі моўчкі незадаволена пазірала на прыхадняў. Мужчына ў смушковай шапцы ўсё-ткі няспешна дастаў з роту люльку і паведаміў, што бліжэйшая карчма ў тым напрамку, куды едзе шаноўнае панства, гадзінах у трох язды, але ці прымуць там падарожных, невядома, бо корчмы ўсе перапоўненыя тымі, хто едзе ў Дракошчын на восеньскі фэст.

Нібыта ў пацверджанне злева паказалася два вершнікі, а потым брычка… Пасля таго, як некалькі дзён акрамя дажджу ні з кім не сустракаліся, гэта быў нечаканы наплыў людства.

— А што за фэст? — адразу зацікавіўся пан Агалінскі. Мужык зноў узяў люльку ў рот, пыхнуў дымам у пшанічныя вусы.

— Пра фэсты ў Дракошчыне сорамна не ведаць, літасцівы пане! У месцы тым жыве сапраўдны цмок! Вось ужо васемнаццаць гадоў, як жыве. У пячоры каля ратушы. Уй, злюшчы! Дзяўчатаў прыгожых жарэ, ахвяры патрабуе… Рыкае так, што брук трасецца! Файны дракон! Можна проста з’ездзіць, паслухаць, паглядзець… А найлепей на фэст, вось як мы — там і спаборніцтвы лучнікаў, і карусель рыцарская, і прадстаўленне будзе, як святы Міхаіл забівае цмока… Зноў жа, прадаць нешта, купіць… Мы вось усёй сям’ёй цалюткі год кошыкі пляцем, каб там збыць. Што на кірмашы ў Дракошчыне куплёнае — цмокаву моц набывае!

Лёднік і Пранціш, акадэмічнай навукай ускормленыя, аднолькава скептычна хмыкнулі.

— Аднойчы ў кракаўскі палац адзінарога прывозілі, — іранічна прагаварыла Паланэя. — Дамы нашыя ўсе пабеглі глядзець, рог свяшчэннай жывёлы пакратаць, каб пасля хваліцца, што пацвердзілі тым свае цноты. А адзін дасціпны пан залез у вальер і абвесціў, што рог няшчаснай жывёлінцы да носу прымацавалі з дапамогай клея.

— Ты сам цмока бачыў? — сурова спытаўся Лёднік у мінака. Але той, узлаваўшыся, што паны сумняюцца, толькі пыхнуў люлькай і тузануў лейцы.

Сіня-шэрыя хмары рассунуліся, нібыта іх расштурхаў нехта цікаўны, каб паглядзець, што робіцца на зямлі. Цяжкое восеньскае сонца падсвяціла сцэну людскіх камедый, трагедый і фарсаў, якую паліваюць крывёй і мыюць слязьмі.

— Як сабе хочаце, вашыя мосці, але я надалей нікуды не рушу, пакуль не пагляджу сапраўднага цмока! — заявіў пан Гервасій, аж ноздры раздзімаліся ад азарту. — Няхай хоць увесь свет ляснецца — а пабачу!

І было зразумела, што пана не пераканаеш. Нават Лёднік толькі сціснуў зубы і прасычэў нешта няўхвальнае. А Пранціш зірнуў на насмешны тварык Паланэі, яна ж — пан Палоній Бжастоўскі, і са страшэннай моцай зажадалася, замроілася: а вось перамагчы б таго паганага цмока, кінуць ягоную адсечаную галаву пад ногі гордай паненцы Багінскай — і каб у ейных халодна-іранічных вачох запалаў агеньчык захаплення, з якога няцяжка раздзьмуць вогнішча праўдзівага кахання…

Ну і пабыць на гарадскім фэсце, паспаць на ложку пасля начлегаў у чыстым полі — прынада добрая!

Перейти на страницу:

Похожие книги