Мiкола сядзеў пры стале, у гутарцы ўдзелу ня браў, адно прыглядаўся маладой, сьцiпла але iз густам апранутай настаўнiцы. Дуня заўважыла раней, што адносiўся да яе з пашанай. Здалёк ад яе траымалiся некаторыя вясковыя падлёткi ад часу, калi пачала вучыць у вясковай школе. Як-нiяк яна цяпер займала месца некалi чужой, прысланай з глыбi Польшчы «панiчкi вучыцелькi». Пасьля вiзыты да Пракопа Бахмача надзея на Янукова вызваленьне салiдна загнязьдзiлася ў Дунiным сэрцы.

— Нiма, каб iх халера, як пад падлогу прапалi! — пачуўся злосны Лявонаў голас недзе наверсе ў Дзеркачовай хаце.

— А што, калi яны пад падлогай?

Такое пытаньне Павалiцкага Хвёдара моцна ўстрывожыла жанчын.

— Дык дзе-ж… Я-ж раней у гэтай хаце бываў, нiма ў iх пад падлогай склепу.

Прайшло пару напружаных хвiлiнаў. Зьверху пачуўся гук бiтай пасуды.

— Ты чаго шукаеш?

— Думаў, можа гэты пракляты бобiк дзе самагонку маiць.

— А добра было-б пацягнуць. Але калi самагонка й ёсьць, дык ты думаеш, што ён яе ў шафе дзержыць?

— А чорт яго, бобiкавага бацьку, знаiць…

— Нiхай шукаюць, фiгу iм знайсьцi, — шапнула Нiна Дунi. — Добра, што нi пачалi нас пад палогай шукаць. Задурны гэты Шпунт.

Зьверху гракнуў аўтамат. Кароткiмi сэрыямi. Некалькi разоў.

<p>32</p>

Антось Дзяркач узiраўся ў цемру. Ясныя, месячныя ночы мiнулi. Як на тое, яшчэ захмарылася неба, i зорак ня вiдаць было.

— Вецер, здаецца, не зьмянiўся. Каб ён нi задумаў пагуляць… Тады хоць ты адразу на базу вяртайся.

Сядзелi на сугры ў кустох, побач лiтоўскага ўзбалотку ля бальшака, што непадалёк перасякаў чыгунку. Апранулiся цёпла. Максiм Баравiк, зь Дзеркачовага зьвязу, маўчаў. Чалавек негаваркi быў.

— Ага, — абмежаваўся Баравiк адным словам.

Ён паправiў рукавiцы, пагладзiў стрэльбу. Вецер дзьмухаў з захаду, а перад iмi, у начоўках упоцемку спала вёска Лiтоўцы. Антось часта паглядаў на нявыразныя зарысы свае хаты й пунi, думаў пра тое, што Нiна й Дуня соладка храпуць у цёплай пасьцелi. Там, замiж Дунi, трэба было-б яму быць.

Дзяркач ведаў, што больш надзейнага сябры, чымся Максiм Баравiк, яму не знайсьцi. Калi, з дазволу Левандоўскага, выбiраўся «на паляваньне», заўсёды жадаў мець з сабой гэтага малагаманлiвага, але шустрага й вынаходлiвага жаўнера. Гэта-ж у ягонай лазьнi ў Ластавiчах аж трох бандзюгаў накрылi. Не дарма-ж бандыты ваўкамi iх празвалi. Гэты Антосеў нямецкi шмайсар як трафей яму тады ў Ластавiчах дастаўся. Бандыты некалi здабылi яго ў Немцаў, а ён, Антось Дзяркач, захапiў у iх. Палявалi тады на яго, «фашысцкага ваўка», а Антось з Максiмам аж трох упалявалi.

Ластавiчы ляжалi непадалёк чыгункi, на ўсход ад Лiтоўцаў, i вёску ўжо некалькi разоў абчышчалi бандыты, хоць гацкiя «бобiкi» лiчылi яе сваей тэрыторыяй. Пасьля жнiвеньскага нападу на Гацi й вынiшчэньня ў палiцыi польскага элемэнту, апошняя, галоўна дзякуючы стараньням Кастуся Падгайскага, папоўнiлася Беларусамi. Хаця iнтрыгi з боку Палякаў ня спынялiся, фальксдойч Левандоўскi адносiўся да Беларусаў талерантна й здавалася, што ў нябыт адыйшоў той час, калi рукамi сваiх басякоў i Немцаў польскiя шавiнiсты лiквiдавалi мясцовых, найбольш нявыгадных iм Беларусаў. Пранырлiвасьць i практыка, добрае веданьне людзей i ваколiцы прынесьлi Антосю ў ягонай службе выдатныя плёны. Адылi ён i далей ня спыняў пошукi добрых людзей для папаўненьня адзьдзелу.

Максiма Баравiка пазнаў у бальшавiцкай калёне вязьняў. Баравiкову жонку энкавэдысты замардавалi, а сам ён неяк выратаваўся. Вярнуўшыся да хаты, бязьдзетны, як цень бэрсаўся каля зруйнаванай гаспадаркi, за зброю брацца не сьпяшыў, але ня бачыў перад сабой нiякае будучынi. I што будзе, калi вернуцца тыя? Пагоняць туды, адкуль раз удалося, дзякуй Богу, уцячы. Дык што рабiць? Маўклiвы й зацяты, цяпер бязрадна прыглядаўся, як бандыты начамi вылазiлi зь лесу й забiралi ў людзей апошнi хлеб. Колькi разоў сьвярбелi рукi каб якую сякеру схапiць. А там будзе, што быць мае…

Прыпадкова сустрэўшы ў Гацях Антося, у скупых словах пераказаў, што на сэрцы накiпела.

— Як-бы гэта, каб з табой разам?

Антось задумаўся. Набiраць людзей у палiцыю перасталi, вiдаць, аж да новых стратаў.

— Ты знаеш што? — казаў ён Максiму. — Я маю такi плян… Калi нам гэта ўдасца, дык Левандоўскi й Немцы нiдзе нi дзенуцца, возьмуць цябе. У вас часта гэтыя басякi зь лесу бываюць?

— Часьценька.

Антось у агульных рысах пераказаў Максiму свае намеры.

Гэтак неўзабаве пасьля гэтага, калi Максiм двума вёдрамi на каромыслах насiў ваду ў лазьню, адазвалася цiкавая суседка:

— А чаму-ж ты, Максiмка, лазьню тапiць надумаўся? Што гэта, якое вялiкае сьвята, цi што?

— А чаму-ж i не, Настачка? Ды я-б можа й нi рабiў, сама знаiш, адно пiрад сьвятам, алi-ж госьць папрасiў.

— Дык у цябе й госьць маiць быць?

— А як-жа…

— А хто-ж такi, калi можна ведаць?

— Ну Настачка, скажы табе дык ты па ўсей вёсцы разьнясеш-раструбiш.

— Ды што ты, што ты, Максiмка, нiкому я нi скажу, вер мне.

— Нiкому анi гу-гу?

— Дальбог, каб я з гэтага месца нi сыйшла, от бажуся.

Перейти на страницу:

Похожие книги