Яны стаялi ў адлегласьцi крокаў чатырох адзiн ад другога, напорыста пазiралi сабе ў вочы. I ўгледзела Дуня ў Януковых вачох раней няпрысутную там цьвёрдасьць i яшчэ нешта. Калiсьцi дамiнаваў там пытальнiк, зьдзiўленьне, гаспадарыў шукальнiк прыгодаў, а цяпер — нешта наводля апаразы, крыўднае горычы й рашчараваньня. Ранены iдэялiст. За гэтым прыйдзе злосьць, а можа й нянавiсьць. Бачыла Дуня нешта падобнае ў вачох сваiх, даверлiвых некалi да людзей, сясьцёр i маткi. Мiж Януковым зрокам i тварам, — добра памятала тое Дуня, — была некалi суцэльная, суладная гармонiя выгляду. У вачох гнязьдзiлася неўгамонная прага лёту, паэтычная асмугласьць, сьведамасьць знаёмства з адлеглымi гарызонтамi думак i мараў. Яны вечна нечага шукалi, танцавалi жыцьцём, заўсёды яе, Дуню, заманьвалi, да прыгодаў цягнулi й падбадзёрвалi. I добра гарманiзавалi з буйнымi валосамi й сьветлым тварам. Цяпер суцэльнасьць страцiлася. Калi вочы поўнасьцю не застылi яшчэ цьвёрдасьцю, дык прынамсi ў iх ужо доўга трывала гартаваньне. Зь нейкай прычыны, — цi гэта адно так Дунi здавалася? — вочы цяпер выглядалi камiчна на мiзэрненькiм, высахлым тварыку. Сама-ж хлапцова поза куды больш увыдатняла тую камiчнасьць. Як нi намагалася стрымацца настаўнiца, яна зноў пырснула сьмехам.

— Чаго так тагочаш? — шорстка спытаўся ў дзяўчыны Янук.

— Як нi рагатаць? Ха-ха-ха! Цi ты ў люстра глядзеўся? Абстрыжаны, такi сур'ёзна паважны й надзьмуты, як пузыр. Ха-ха-ха!

Янук паволi пачаў аглядаць сваю вопратку, пагладзiў рукой абстрыжанную галаву, камiчна прыжмурыў вочы, ужо ўсьведамiўшы як запраўды сьмешным мог паказацца дзяўчыне. Раптам i ён, спачатку павольна, а пасьля жвавей, пачаў рагатаць. I для Янука гэта быў першы й шчыры, побач звонкага Дунiнага, рогат ад няпамятных часоў. I сьмяючыся супольна, гэтак сябе заахвочвалi ды дайшлi неўзабаве да тэй мяжы, дзе па iнэрцыi рагочаш iз свайго-ж рогату. Дыхаць стала цяжка, у Янука набеглi ў вачох сьлёзы. Выцер iх рукою.

Дуня змоўкла. Цяпер уважней прыгледзеўся ёй Янук. У пакоi, перапоўненым двума шэрагамi лавак, запанавала цiшыня. Паднечана пажвавелi ў грудзёх маладыя сэрцы й пры сьвятле праменьняў заходзячага сонца, што праз вокны зiрнулi, паволi, з прагнасьцю насалоды, прыблiжалiся да сябе дзьве пары вуснаў. Янук узяў дзяўчыну ў вабдымкi раптоўна, парывiста, iмпэтна.

— Ты-ж, Янучок… мiленькi, ня штурмуй так, памалу, — кволым, ласкавым голасам перасьцярогi спынiла яго дзяўчына.

— Ну не шкадуй, дай-жа ты мне табой нацешыцца! — цьвёрда насядаў Янук, абцалоўваючы ейныя румяныя шчочкi й глыбака, быццам матка, што даўно згубленае дзiця знайшла, заглядаў у шырока адчыненыя, юрлiвыя дзяўчынiны вочы.

— Зажурыўся па мне, Янучок?

— Ага, зажурыўся, Дунечка, моцна, моцна. А ты па мне?

— Ага, мусiць i я.

— Якое гэта такое мусiць? Прызнавайся, так цi не?

— Ну нiхай сабе…

— Нiхай сабе што?

— Зажурылася.

— Вось як. Адразу прызналася-б.

Янук зноў i яшчэ больш раптоўна, чымся раней, насеў на Дунiны вусны. Агарнула яго млявасьць, як некалi ў канюшыне цi тады над рэчкай па дарозе з Глыбокага. П'ючы нэктар каханых вуснаў, Янук зусiм аслабеў, пачаў дрыжэць, але напятая юрлiвасьць усёроўна трымала яго пры Дунiных вуснах. Адчуўшы хлопцавы дрыжыкi, дзяўчына адпiхнула яго.

— Даволi на прывiтаньне. Дый пост цяперака.

— А што ў пост няможна?

Разгарачаны, Янук адчуваў сябе як малы хлопчык, што выцягнуў руку па пульхную аладку й атрымаў ложкай па ёй. Неўзабаве, з намаганьнем, успакоiўся, усьмiхнуўся.

— Ты можа дамоў iсьцi сабiралася? — спытаўся ў Дунi.

— Ды мне не сьпяшыцца. У Клавы бацькоў жыву.

— У iх харчы маеш?

— Ага. Яшчэ да вечара далёка.

Стаялi пры вакне. Сонца вызiрнула з-за хмары. Над соснамi на могiльнiку кружылi груганы й чорнымi, абшырнымi лапiкламi чарнела спад сьнегу поле.

— I ня ўгледзiш як жаваранкi зьявяцца, — сказала Макатунiшка голасам, якi сьветчыў, што думкi яе зусiм ня пры жаўранках былi.

— Ну то расказвай што чуваць, — спанукаў Янук.

— Ты з дарогi, ты першы. Я, сам ведаеш, памалу тутака зь дзеткамi. Працы хапае. А ты на шырокiм сьвеце пабываў, многа перажыў, дык i мне раскажы.

— Я перш за ўсё хачу цябе пра настаўнiцкую працу спытаць, — ня ўступаў Янук. — Многа вучняў маеш?

— Ды хапае. Усяго ў чатырох клясах, мусiць, больш сарака. Было-б i больш, ды некаторыя ня прыходзяць. Знаеш некаторых людзей цямноту…

— I як-жа ты спраўляешся? Вучыш адразу дзьве клясы?

— Першую з трэцяй, а другую з чацьвёртай. Адны маюць цiхiя заняткi, а другiя голасам. Хiба-ж ты прынцып знаеш. Ну неяк iдзе. Ужо крыху руку набiла. Чаго добрага, а працы хапае.

— А як-жа бацькi да цябе адносяцца?

Перейти на страницу:

Похожие книги