— А мне, каб хто сказаў, што ты — прадстаўнiк ад свайго там вясковага народу, прыедзеш на кангрэс, таксама не паверыў-бы.

— Значыцца, як бачыш… А як доўга ты тут i колькi вас зь Вiльнi?

— Нас сямёрка зь гiмназii й сэмiнарыi. Прыехалi ў канцы траўня.

Сарока назваў прозьвiшчы iншых.

— У другой палове траўня да нас у Беларускi Нацыянальны Камiтэт прыехалi тры афiцэры з бэкэа, значыцца камiсiя, ну й давай iм ахвотнiкаў у армiю. Я сабе падумаў, чорт ведае што рабiць. Час такi, бяз зброi прападзеш. А калi бальшавiкi прыйдуць, дык усiх на Бэрлiн пагоняць, — гаварыў шпарка Сарока, а Янук аглядаўся цi пакарацеў хвост чаргi ля дзьвярэй тэатру, каб не спазьнiцца на паседжаньне. Але з гэтым чалавекам цiкава было пагаварыць, распытацца пра Вiльню й знаёмых сяброў. Ды той Януку наперад забег:

— Гэта праўда, што ты ў турму папаўся? За што гэта?

— Табе-ж пэўне Загорны апавядаў. Зрабiлi аблаву на спэкулянтаў, i я папаўся. Але я мушу йсьцi…

— А што Загорны цяпер робiць? Мы яго намаўлялi ў бэкэа, дык дзе там…

— Нiчога ён цяпер ня робiць, каля дому ацялюгваецца, дзяўчат мацае… Мусiць спадзяецца, што й на наступны год у Вiльню трапiць.

— А ты што думаеш?

— Сказаць табе адкрыта?

Сарока надта пiльна пазiраў у Януковы вочы й ён зразумеў, што ў такi час i ў такiх абставiнах можна гаварыць праўду, тым больш, што той у войску.

— Кажы, — падахвоцiў Янука Сарока.

— На працягу наступнага месяца цэлая Беларусь можа апынуцца ў руках бальшавiкоў. Дваццаць трэцяга чэрвеня пачалася афэнзыва на цэлым усходнiм фроньце. Немцы ўсюды адступаюць, а бальшавiкi абыходзяць Менск з паўдня й поўначы й можа за якi тыдзень, а навет раней будуць тутака. На захадзе алiянты таксама Немцаў гоняць.

Сарока пазiраў на Бахмача вельмi ўважна i зараз-жа, як ён прыгожа ўмеў гэта рабiць, працяжна й зьдзiўлена сьвiснуў.

— Адкуль у цябе такiя весткi? — спытаў Янука.

— Пазаўчора вечарам слухалi радыё зь Лёндану. Ты толькi нiкому не кажы, каб нi было панiкi. Наша вярхушка ведае, але аглядаецца пераз плячо, тымчасам трымае твар.

— Ну добра, — насядаў цяпер Сарока, — калi так запраўды, дык што нам рабiць? Зь Немцамi ўцякаць? Што ты будзеш рабiць?

— Калi хочаш, табе параю iсьцi зь тымi Беларусамi, што будуць адступаць. Там вайна неўзабаве скончыцца, хаўрусьнiкi перамогуць Немцаў i вы трапiце на захад у Эўропу цi ў якую Амэрыку. А ў будучынi Англiя цi Амэрыка схопяцца ўдужкi з гэтай брыдой маскоўскай, тады нам трэба будзе помач, каб волю здабыць…

Янук гаварыў зь нейкай фiнальнасьцю. Гэта спасьцерагло надта назiральнае Сарокава вока. Ён схапiў Бахмача за руку.

— Чакай. Як гэта ты гаворыш, што вам трэба будзе помач, каб волю здабыць? Дзе ты, цi вы, — колькi вас там, — будзеце?

— Я йду ў лес. Змагацца.

Янукоў адказ на пару часiнаў паралiжаваў Сароку. Хацеў зноў сьвiснуць, але Янук крутнуўся, сказаўшы:

— Мне трэба на залю. Пабачымся пасьля.

— Чакай, не сьпяшы, — клiкнуў той.

Янук адыйшоўся. Ля дзьвярэй было цесна, але хвост куды пакарацеў. Тут-жа юнак з нацыянальнай апаскай на левым рукаве, вiдаць парадкавы, у дзьвярох голасна сказаў:

— Прашу ўсiх як найскарэй заходзiць, бо зараз пачнецца.

Янука знайшлi на лiсьце, праверылi мандат i неўзабаве адвялi яго на месца, што выпала якраз пасярэдзiне, блiжэй заду. Заля й бальконы ўжо запоўнiлiся. Янук разгледзеўся навокал. Сцэна была ўдэкараваная вялiкiмi нацыянальнымi сьцягамi, пасярод стаяў доўгi стол, а непадалёк, наперад ад яго — мiкрафон.

Направа ад Янука сядзелi дзьве маладыя дзяўчыны. Мяркаваў што яны дваццаткi яшчэ ня пераскочылi. Чарнявая, што сядзела побач, зь цiкавасьцю зiрнула на хлопца. Апранутая ў танны паўсуконны шэры касьцюмчык, яна мела твар, якi часта называюць даверлiвым. Распрамянiлася ўсьмешкай i сказала:

— Калi мы ўжо суседзi, то давайце будзем знаёмiцца. Я называюся Ганна Зорка, а гэта мая сяброўка Нiна Пушчанская.

Другая, бялявая, таксама ўсьмiхнулася. Дзяўчаты выцягнулi на прывiтаньне рукi.

— А я Янук Бахмач. Вельмi прыемна такiх суседак мець. Адкуль будзеце?

— Iз Слуцка. А вы?

— Я з Гацяў.

— Дзе гэта такiя Гацi?

— То проста на поўнач ад Менску, ля Глыбокага. Шмат добрага чуў пра ваш Слуцак. Настаўнiцы будзеце?

— Ага. А як вы адгадалi?

У гэны момант заля зашумела й пачулася: — Астроўскi!

Людзi ўставалi й плёскалi рукамi. Налева ад Янука стаяў мажны вусаты дзядзька гадоў пяцiдзесяцi, з аўтарытэтным тварам, магчыма якiсьцi войт цi солтыс.

I прыгадалася Януку:

… шумнае веча,а ў тэатры гудзе бы ў вульлi,пазьяжджалiся зблiзку й з далечыпасланцы беларускай зямлi.
Перейти на страницу:

Похожие книги