Такая непасрэднасьць бянтэжыла. Юнак мала разумеў дзявочыя шыканы. Дый Дуня, якая-ж там зь яе дзеўка? Падлётак. Дык што гэта? Гарэзьлiвасьць цi шчырасьць? Мусiць юрлiвасьць, пра якую нiколi ня думалася, замiнала думаць. Дый дзе там рацыянальна думаць будзеш, калi побач такая прынада-спакуса ляжыць: запрашальна прыадчыненыя вусенкi, жыўчыкi аганькi ў вачанятах танцуцюць.

Янук няўклюдна агарнуў рукой дзявочы стан ды прагавiта прылёг да сакавiтых вуснаў. Дунiн роцiк разьмяк, гарэньнем i пажаданьнем суцэльна зь ягоным зьлiўся. У лесе спынiлася, замерла ўсё жыцьцё. I м, маладым, у цалунку злучаным, прыглядалася й зайздросьцiла, мабыць, уся прырода.

Паскорылi тэмпа малаточкi ў скронях, аслаблi каленi. Салодыч цягнула, паглынала, у вiр ненасытнасьцi валачыла. «Вясковая русалка» пружынiлася, вiлася ля яго й вакол яго, зручна выштурхнулася спад юнака i ўжо наверсе была, выцягваючы зь яго, здавалася, рэшткi энэргii. Нейкiм чынам рука Янукова завандравала ў тое месца, дзе, згодна ранейшага Януковага ўяўленьня, гнуткi русалчын хвост з рэальнай Дуняй меў злучацца. I тады, калi прагавiта й ненасытна, ледзь не да страты прытомнасьцi ўпiваўся Янук у Дунiны вусны, калi забракла паветра, дзяўчына зручна адштурхнула яго, адскочыла i ўжо стаяла на нагах.

Зачырванелы, Янук ляжаў плячмi на траве. Ня сьцiхалi малаточкi ў скронях i яшчэ трымала млявасьць ля каленяў. Спачатку без развагаi, ледзь ня кiнуўся за дзяўчынай, але стрымаўся. Дарма. Яе не дагонiш.

Там высака, над верхавiнамi бярозаў i хвояў зацягвала хмарамi неба. Парыла. Пахла мятай i аерам. Над Глыбокiм, суправоджаныя раскацiстым громам, мiльгалi маланкi. Тут, зусiм над iм, расставiўшы ногi, у поўнай сваей пышнасьцi стаяла Дуня. Прыскорана варушылiся пад мяккiм шоўкам грудзi, чырваньню налiўся твар i не пачалi яшчэ стынуць цалункам разагрэтыя пунсовыя прыадчыненыя вусны. Як нiколi ў жыцьцi, уважна ўглядаўся ў яе Янук, проста ўпiваў у памяць самыя нязначныя драбнiцы. Прыкладна гэна пасма валосаў, што наўскасяк апусьцiлася пераз левае вока. Яно, — зiрнеце самi, — дадае «васковай русалцы» нейкай прынаднасьцi, заманьвае вас, спакушае.

Калi-б ведаў Янук якiх прыгажуняў з палотнаў сусьветных цi хаця-б i сваiх мастакоў, пэўне-ж знайшоў-бы нейкае, адпаведнае Дунi, параўнаньне. Яна такая блiзкая й зусiм недасяжная. Рэальнасьць i ўява. Дурман юрлiвасьцi адходзiў, думкi ясьнелi. Верх брала злосьць.

— Чаго зводзiш? — шорсткiм голасам спытаў хлапец.

Дзяўчына цiха ўсьмiхалася. Быццам пышны матыль на цудоўнай кветцы. Насалоджвайся зрокам, але не чапай. Выцягнеш руку — пырхне й зьнiкне.

— Пытаюся, чаму зводзiш?

— Янучок, я-ж цябе люблю… Цi ты нi знаў?

Самае горшае, — магчымасьць зусiм ня выключаная, — што Дуня зь яго кепiкi строiць. Зашчымела сэрца. Як праверыш, цi яна жартавала цi запраўды яго любiла? I ня мог далей пазiраць у васiльковыя вочы. Ня было сумлеву, што моцна яе кахаў.

Устаў. Спасьцярогшы ў Януковым твары перамену, дзяўчына чакала, маўклiва пазiраючы на яго. Янук узяў Дуню за руку, перайшлi рэчку, дзе хлапец забраў сiратлiвы мiж зеленi кужэльны мяшочак з соляй. I доўга маўчалi падарозе дамоў.

<p>12</p>

У лянiвы, сонечны васеньнi дзень, адзiн з тых, пра якiя адвечна з натхненьнем сьпяваюць паэты, станцыя Гацi пульсавала буйным, гулкiм жыцьцём. Цягнiкi з ваеннымi матар'яламi й жаўнерамi сьпяшылi на ўсход, дзесьцi на той пераможны, як гарлапанiла радыё, фронт пад Масквою. А ля чыгуначнага пад'езду, дзе ад бамбардаваньня цэлым i непашкоджаным захаваўся стары склад, завозна было ад сялянскiх вазоў. Там, — гэта бачыў Янук, — звозiлi людзi па загаду новых гаспадароў збожжа. Падаткi… Лягчэйшыя, значыцца колькасна куды меншыя, чымся падчас панаваньня таго ўсходняга маскоўскага «вызвольнiка». I збожжа, мабыць, ссыпалася ў вагоны й ехала на захад.

З будынку школы шнурам высыпалi дзецi i юнакi. Янук паволi йшоў побач свайго двуроднага брата Ўладзiмера й шкадаваў, што няма побач Дунi. I мяркаваў, якой-бы гэта тэмай раскатурхаць гэтага маўклiвага юнака.

— А ты-ж казаў мне некалi, што дзесяцiгодку скончыў? — пачаў Бахмач.

— Ты ўсяму верыш? Я хлусiў…

— Дык колькi ты клясаў там скончыў?

— Угадай.

— Ну ты-ж запiсаўся ў шосты. Дык як гэта разумець?

— Няма чаго рабiць…

Янук зiрнуў на Ўладзiмера й зьбянтэжыўся. Юнак жыў з маткай у тым самым доме, дзе iх некалi наведалi Бахмачы. Мацi ўладзiлася на працу ў кухнi пры вакзале й здавалася, што будучыню мела забясьпечаную, прынамся на блiжэйшую адлегласьць.

Калi Антось Дзяркач наказаў Януку ад Падгайскага, што пачнецца ў Гацях навука, юнак параiўся з бацькам i зь ягонага дазволу пайшоў пацiкавiцца «бiларускай» школай.

Пагалоскi пра беларускае школьнiцтва кружылi даўно. Пацьвердзiлi iх першыя беларускiя ластаўкi — газэты зь Менску. Стараньнямi агранома Падгайскага траплялi ў Гацi менскiя й вiленскiя беларускiя газэты. Дастава тымчасам, кульгала, пошта яшчэ не наладзiлася й газэты развозiлi беларускiя патрыёты саматугам. А з тых газэтаў можна было сёе-тое вымяркаваць пра намеры акупанта.

Перейти на страницу:

Похожие книги