Прыгадаўся Януку верасеньскi дзень, калi паўзьлi па гасьцiнцы сотнi танкаў. Закрываўлёнае сонца, трыюмфальная брама iз прастрэленым вокам на дыктатаравым твары, павешаная Палякамi Параска Макатунiшка… Дзе падзелася тая вялiзарная сiла? Дзе тыя сотнi й тысячы танкаў, гарматаў, аўтамашынаў, што на захад паўзьлi па чыгунцы за вокнамi гацкае школы? А гэтыя во, — зiрнi ты на iх, зухаў! — спачатку такога перцу далi бальшавiкам, а цяпер незаўважна й пацiхоньку ўлезьлi ў мястэчка.
Афоцэр зь першага возу войстра скамандаваў, паказаў рукой налева й калёна рушыла ў бок чыгуначнай станцыi.
— Давай, пойдзем паглядзiм што ў школе робiцца, — прапанаваў Янук.
Iшлi побач чыгунак. Гар i дым ад разьбiтых вагонаў i таго складу, што яшчэ тлелi, нiкiм нятушаныя, трывожыў насы. Лёгкi вецер забаўляўся пер'ем, то разьмятаў яго, падкiдаў уверх, то зьбiраў у кучы мiж рэек, шпалаў i адхонаў. Нехта знайшоў вагон, у якiм былi «пух i пер'е дзяржаве». Што не змаглi вынясьцi, тое растрыбушылi, на вецер параськiдалi.
На абочыне стаяў даўгi лянцуг плятформаў, наладаваных прыгожым бярозавым i хваёмым бярвеньнем. Некалi-ж было яно, пэўне, прызначанае ў «саюзную Гiрманiю». Цяпер тая вялiкая «саюзьнiца» з грукатам i трэскам сюды ўварвалася, ня было куды сьпяшыць. На першакляснае дрэва — выдатны будаўляны матар'ял, паглядаў не адзiн селянiн, мяркуючы, цi не магло-б яно трапiць у ягоную гаспадарку на зруб новае хаты цi гумна. Шкада! Сам ня хопiш, на плячох дамоў не завалачэш, талаку гукаць трэба. А хто мог сабраць яе за кароткi час «бiларускай улады», калi кажны сам сабе, хоць маленькi кавалачак, хоць макулiнку але ў сваё логава цягнуў? А каб дружна ўзялася група мужчын дзесяць з каляскамi, можа было-б усё бярвеньне вывезьцi. Позна. Трапiць у рукi «саюзьнiкаў».
Ля двухпавярховай школы панаваў вялiкi рух. З паўдзённага боку вялiкага двору стаялi грузавыя вайсковыя аўтамашыны. Побач, каля трысьцену, дзе складалi школьныя дровы й вугаль, дымiла круглая палявая кухня, ля якой завiхалiся кухары. З аўтамашынаў жаўнеры ўносiлi ў школу свае рэчы. Чуваць былi крыкi каманды ў незразумелай мове. Ля брамы плоту, iз стрэльбай на правым плячы i ў шлёме, хадзiў роўным крокам вартавы.
Узыйшоўшы на пераезд, юнакi спынiлiся. Яны спасьцераглi вартавых i мiж вагонаў на станцыi. «Бiларуская ўлада» скончылася.
— Што рабiць? Падойдзем блiжэй? — пытаўся Стась Янука.
— Чорт iх знаiць… страшна неяк.
Местачковыя жыхары групамi зьбiралiся ля хатаў, дзялiлiся апошнiмi навiнамi. I ў галасох, i на тварах — спадзяваньне на лепшае. Упэўненасьць, што ня будзе горшым за тое, што адыйшло.
На ўзгорку ля Слабады, кiлямэтры на два адлеглай, дзе апошнiмi часамi рукамi зьняволеных бальшавiкi будавалi лётнiшча, чуўся няспынны гул. З грукатлiвым гудам прапелераў прызямлялiся там тоўстабрухiя транспартныя самалёты, зусiм непадобныя да тых, сярэбраных, што кагадзе бамбiлi станцыю.
— Ты глянь, ай-яй-яй, колькi iрапланаў! — захапляўся Стась.
— Вiджу, не сьляпы-ж я!
Самалёты рабiлi над лётнiшчам круг i сядалi. Хлопцы спрабавалi iх лiчыць, але наглядаючы й за тым, што робiцца навокал, неўзабаве зьбiлiся з тропу.
4
Некалi на клецi Ўладзiмера Пятуха гаспадарылi плякаты з напiсамi «да здравствует». Перад камэдыяй, якую называлi выбарамi, панаваў гэтта васпаваты ледзянавокi Грузiн. Iншым разам на зьмену прыходзiлi плякаты на тэму «сустрэнем» i «перавыканаем».
А ў гэны лiпеньскi дзень зь Пятуховай сьцяны загаварылi новыя «вызвольнiкi». Аграмадзiна-ваяка Вэрмахту, з аўтаматам у руцэ, вялiзны бот з шыпамi на падэшве. А спад таго боту, з жахам у вачох, што вялiчынёў па яблыку, быццам пацукi ўцякаюць ува ўсе бакi Жыды ў форме НКВД. А зьверху вялiкi напiс:
Аўтары плякату надта ўдала й пераконлiва спалучылi асноўныя прапагандовыя элемэнты: магутную й непераможную сiлу ў васобе нямецкага жаўнера й нiкчэмнасьць паразiтнае бальшавiцкае ўлады ў фiгурах зьдзеклiвых пацукоў з НКВД. Дый галоўнае: усё гэта ўцякло-«панеслася й больш ня вернецца». Цешцеся, яшчэ раз вызваленыя, з радасьцю пазiрайце ў сьветлую будучыню. Запомнiце, што што ворагамi вашымi былi жыдкi з НКВД. Спалучэньне «жыдкоў-пацукоў» зь ненавiсным народу рэжымам рабiла выдатны эфэкт.
Зiрнiце яшчэ раз, «новавызваленыя». Вось ён — новы валадарны апякун, з аўтаматам у руках, грозныя, помстай поўныя вочы пад нiзклiм казырком шлёму, сьцiснутыя вусны. Вялiзны бот топча пацукоў «жыда-бальшавiцкае хэўры». Непераможны ваяка «новай Эўропы», каваль i гаспадар «новага парадку».
Суседнi плякат, з малюнкамi сакавiта-ўраджайнага поля, гарэзьлiвым вiльчыкам на чубку страхi гумна й прывабнай хатай побач — iдылiя-мара кажнага селянiна — гаварыў яшчэ больш важнае:
Скупыя напiсы й вялiкi зьмест: магутны й шляхотны «вызвольнiк», «жыда-бальшавiцкая хэўра», што больш ня вернецца; руплiвага гаспадара чакае «зямля абяцаная». Што больш магло прыяць людзям, якiя ў роспачы некалi казалi: «нiхай лепi сам чорт пануiць, абы ня гэтая брыда»?