Паядынак адбыўся зусiм неспадзявана. З прычыны, што дзяўчына была даволi, як студэнты гаварылi, папулярнай, ды з прычыны для Янука куды важнейшай, — што пабеларуску слаба гаварыла, а пасьля лекцыяў карысталася выключна польскай мовай, — Янук любаваўся ёй адно здалёку й намагаўся iгнараваць, хоць i нялёгка было.

Аднойчы, пасьля скончаных заняткаў, Янук замарудзiў у клясе. Выбег на калiдор, каб дагнаць Лявона, зь якiм мелi зайсьцi падарозе дахаты ў рэстаран, дзе часта, пахлёбаўшы нейкае таннае стравы, запiвалi яе мясцовым горкiм пiвам. Янук прысьпешыў крок i тут-жа на павароце, не спасьцярогшы, стукнуўся носам у нос зь дзяўчынай.

— Ох, якi ты неасьцярожны! — крыўдным голасам усклiкнула Янiна. Яна стаяла задыханая, румяная, прыгожая. Таксама, вiдаць, бегла.

— Прабач, я ненаўмысна, — зачырванеўся Янук. У напаўзмрочным калiдоры, — вайной не хапала электрычных лямпачак, — ён разглядаў зусiм зблiзку, проста ўпрытык стоячы, дзяўчыну, якой так даўно любаваўся з адлегласьцi. Румяны тварык, ледзь прыадчыненыя ружовыя вусны, сiняя, з воўны вязаная, шапачка на галаве, шэры, добрай якасьцi цёплы свэтар, а карыя вочы зь нейкiм капрызам разглядалi юнака. Дзяўчына цёрла нос.

— Прабач. Я моцна стукнуў цябе? — нясьмела спытаў Янук. — Я ненанўмысна.

— Нiчога, — сказала Янiна i ўсьмiхнулася. — Я бегла ў клясу, нечага забылася.

Янук гаварыў пабеларуску, а Рандуўна папольску. Ён ужо меў пакiнуць яе, калi тая раптам спытала:

— Скажы ты мне, хлопча, чаго ты так часта свае вялiкiя сiнiя вочы ўтаропiш у мяне так, што, здаецца, гэтымi вачмi хацеў-бы мяне зьесьцi?

Паблажлiвы тон, капрызна скрыўленыя вусны. Янук уськiпеў.

— А што-ж, на цябе паглядзець нельга, цаца такая?! Усе хлопцы на дзяўчат глядзяць, — адказаў шорстка.

Цяпер адно ўсьведамiў, што ад дзяўчыны нясло лёганькiм, ледзь прыметным запахам пэрфумаў. Ейная блiзасьць, — яна не зрабiла найменшага намаганьня, каб хоць на крок адыйсьцiся, — бянтэжыла хлопца. Быццам сьведамая свайго чару на Янука, карымi, — здаецца, цi ня зьдзеквалiся яны? — вачмi пiльна й цiкава ўглядалася ў Бахмача. Гэтак, здавалася хлопцу, магла зводзiць мужчыну цi адна какетка, сьведамая сваей прыгажосьцi, пра якiх чытаў у ваповесьцях.

— Паглядзець i што? Ацанiць? — спытала.

— Можа, — адказаў Янук. Ён адыйшоўся на крок назад, але Янiна, як на дзiва, зноў прыблiзiлася да яго.

— Ну i якую цану даў ты мне?

Гэтага юнак зусiм не чакаў. Ён бянтэжыўся. Дзяўчынiна блiзкасьць кружыла галаву, не дазваляла ясна думаць.

— Ты… прыгожая, — адказаў.

— Ага, бачыш, — усьмiхнулася Янiна, — усё-ж ты шчыры хлопец. Значыцца, я прыгожая, кажаш…

Яна грацыйна павярнулася, прыперлася плячмi да сьцяны й задаволеная, пазiрала на юнака.

— А калi я прыгожая, калi табе падабаюся, дык чаму ты мяне iгнаруеш, заўсёды так холадна да мяне адносiшся? Я-ж цэлы час бачу, што вачмi мяне зьеў-бы…

Янукова сэрца прыскорыла тэмпа. Яна стаяла ўпрытык, сваiм сьпеўным альтам гаварыла пра тое, на што яму нязручна было адказваць. Нарадзiлася думка, што вось тут, у пустым калiдоры, прыгарнуць-бы яе моцна ды паспрабаваць солад ейных вуснаў. Што-б яна зрабiла? Цi прыльгнула-б да яго, цi адштурхнула? Ясна, — гэта Янук усьведамiў ужо куды раней, — гарадзкiя дзяўчаты былi сьмялейшыя, не такiя сьцiплыя, як вясковыя, каля якiх дагэтуль ацiраўся. А гэта вось цнотка можа яшчэ iншых апярэдзiла.

— Многа хлопцаў на цябе паглядае, за табой бегае, — адказаў.

Дзяўчына ўсьмiнулася спакусьлiвай, задаволенай усьмешкай.

— Так табе здаецца? А ты?

— Я не магу. Ня зводзь.

Але Янiна не здавалася.

— Не магу, цi не хачу? Як то так? Чаму?

Янук спасьцярог, што ўпiкнуў дзявочы эгаiзм. Калi Янiне ўсе хлопцы данiну складалi, калi ёй здавалася, што магла адно галавой кiўнуць, пальцам паварушыць i кажны за ёй пабяжыць, дык як-жа так, што вось нейкi новы «мужык», прыгожы паглядам. што паводзiнамi дэманстраваў сваю беларускую годнасьць, мог яе iгнараваць? Недзе ўнутры тачыў яе чарвячок уквеленай самалюбнасьцi. Iншых магла адштурхоўваць з высока паднятай, сьведамай сваей прыгажосьцi, гордай галавой, а гэты вось, хоць i вачмi яе зьядаў, як казала, трымаўся воддаль.

— Бо ты…, - зацяўся Янук.

— Бо я што?

— Ты… Полька, — ужо сьмела адказаў Янук.

Яму здалося, што дзяўчыне забрала мову. Як-бы хто яе пчалiным джалам джгнуў, яна страпянулася, адскочыла ад Янука на крок, а ў карых вачох зьявiлася пакрыўджаная няўцямнасьць. Такое, мусiць, ды ў такой сытуацыi чула ўпяршыню.

— Ты што… Я знаю, я бачу, што дэманструеш сваю беларускасьць. Але…, але якi-ж ты хам!

На гэтым паядынак i скончыўся. Рандуўна рыўком, ужо не азiраючыся, кiнулася ў клясу, а Янук, зiрнуўшы на ейны зграбненькi зад ды нiбы майстрам адточаныя ножкi ў цёплых рудых боцiках, быццам цяпер усьведамiўшы якую крыўду мог ёй зрабiць, пастаяў нерашуча колькi часiнаў ды, прыгадаўшы Лявона, хутка выйшаў.

Перейти на страницу:

Похожие книги