І менавіта тады нехта ўпершыню паставiў Віціку пытанне – праваслаўны цi каталік дзядзька Ваня? Пачыналi мы неяк здагадвацца, што людзi ў Мястэчку падзяляюцца на тых, хто дзеля гутаркi з Усявышнiм заходзiць у блакiтную царкоўку, ды іншых, якiя з такой жа мэтай бяруць кірунак на белы касцёл у цэнтры Мястэчка. Вiцiк, уладкоўваючы сцiзорык на кончыку носа, адказаў не адразу. Забiўшы як трэба лязо ў траву, зiрнуў на нас вокам пераможцы: "Нi такi дзядзька Ваня, нi сякi. Ён – партыйны!”.

– Значыць – якi? – усе вочы сыйшлiся на рудой чупрыне.

– Партыйны. Чалавек, якi можа ўсё, – удакладнiў Вiцiк.

Здаралася, частаваў цукеркамi i бацюшка Сцяпан, калi пасля святаў Божага Нараджэння сноўдаўся з хаты ў хату з малiтвай. Гэта да ягонага вiзiта рыхтавалася на стале грамнiчная свечка, побач лягала буханка хлеба i ставілася пасудзiна са свянцонай вадой, а мiж iх сарамлiва прысядаў на кукiшках алюмініевы пятак, натапырыўшы крылы, глядзеў з аверса арол, а рэверс выяўляўся рыбаком, што працавiта разгартае сетку. Пакрапiўшы ўсе чатыры сцяны, бацюшка на хвiлiну апускаўся ў крэсла i, ўздыхаючы ўголас – заўжды так уздыхаецца пры нагодзе нямiлага абавязку – згартаў у кiшэню пяцёрку.

– Вучыцца трэба добра, быць слухмяным, шанаваць маму i тату, уладу школьную i дзяржаўную, i ўрокi рэлiгii не прапускаць таксама. Так ён казаў. Але што бацюшка? Ці здарылася яму калiнебудзь прыадзецца ў партызанскi мундзiр? Зняўшы вiнтоўку з пляча, крыкнуць: "Стой, страляць буду!" I ба­бах у чорнае бяздонне ночы? Хутчэй за ўсё – не. І галоўнае, не было пэўнасцi: ці бацюшка Сцяпан – чалавек партыйны, хто можа ўсё і заўсёды? Як, скажам, дзядзька Ваня.

На такое пытанне нават бабка Сонька не дала адназначнага адказу. Паглядзела на мяне неяк дзiўна, адвярнулася, плюнула пад ногi. Сказала некалькі слоў пра дурных неадказных партызанаў, пра сала i кажух, падабраныя з кладоўкi. Прыпомнiла таксама свайго брата Арцёма – бачыла яго апошнi раз у сорак трэцiм, у студзеньскi вечар, калi тоўсты паліцыянт Казімір Валанцей даручыў яму варту на чыгуначных рэйках. А ноччу падарваўся там ваенны эшалон, і наступным днём гергатлівыя немцы расстралялі ўсіх вартаўнікоў.

– Усемагутны – там вось, – паказала пальцам у бязмежнае неба. – Адзін Бог усё можа.

Але мяне мучыла, ці ёсць Бог? Пытанне заставалася адкрытым з той хвіліны, калі падчас урока музыкі пан дырэктар Сліва заявіў:

– Сусвет нарадзіўся ад вялікага выбуху.

– Як ад атамнай бомбы? – зза апошняй парты вырваўся Віцік. Аб атамных бомбах дзеці ведалі куды больш за сваіх бацькоў, да таго ж у школьны падвал паміж горкай вугалю і цеснай клеткай пана возьнага прадбачлівыя будаўнікі на выпадак ядзернай атакі запіхнулі бункер. Цёмны, агідны, бы амерыканскі цмок, што прытаіўся пад вадой, на зямлі і ў паветры ды чакае моманту, каб патаптаць сінявокія васількі ў нашых агародчыках, а нават разбіць у пух і прах сонца і ўсе астатнія зоры.

– Куды магутнейшы гэты выбух. Як мільярды мільярдаў бомб, – пан дырэктар Сліва разгарнуў футляр, дастаў адтуль скрыпку, бліскучым асколкам каніфолі аб’ехаў хрыбет смыка.

– Дык нехта ж падпаліў кнот, – Віцік не адступіў. – Які імперыяліст амерыканскі або наш партызан, а можа і сам Бог?

– Э, там!...

Азвалася скрыпка, і пайшло! – пан Сліва ўсміхнуўся, смыком крануў струну. “Расцвіталі яблыні і грушы, паплылі туманы над ракой” – гукі ірвануліся, пабеглі школьным калідорам, узняліся да воблакаў, разышліся хваляй, збіваючы з ног усе злыя сілы, што заўпарціліся павярнуць нас і нашых сяброў са шляху ў найлепшую будучыню.

Новыя падзеi, што адбылiся з прыходам зiмы, таксама пярэчылi бабусiным тэорыям. Пасеялi ў маёй свядомасцi і іншыя, зусiм слушныя падазрэннi: бабка, як i ўсе астатнія смяротныя, можа ж памыляцца! Я пачынаў уяўляць i куды страшнейшае: вось жа прыйдзе дзень i над бабусяй, гарызантальна напружанай на покуцi, бацюшка Сцяпан заспявае “Вечная памяць”, а потым суседзi забяруць яе з хаты, занясуць на могiлкi, апусцяць у глыбокую яму i прысыплюць жоўтым пясочкам. Дакладна так, як адбылося з панам Алёшкам. Звалі яго Жалезным, або Несмяротным, пэўна таму, што ў бліжэйшыя дні збіраўся паставіць крок у другое стагоддзе сваёй зямной вандроўкі. Але дзевятнаццатага снежня з раніцы пайшоў дождж, а апоўдні неба пасвятлела i з усходу ад пушчы вецер дзьмухнуў прымаразкам. Вулiчны брук прыадзеўся чыстым, халодным шклом.

Пан Алёшка, якi здрамнуў пасля абеду, якраз пралупiў вочы. Пераблытаўшы адвячорак з досвiткам, накiнуў на плечы абшастаную баранiцу, накiраваўся ў мясную краму.

У той дзень у праваслаўным календары адзначаўся святы Мiкалай. I дзядзька Коля з дзядзем Ванем выпiлi суседскую бутэльку. Апошнюю, што прыхавалася ў хаце.

У нас нiколi не адыходзяць ад стала з­за такой прычыны.

– Злётаю ў краму, – сказаў дзядзька Коля, выводзячы з гаража матацыкл. – Спраўлюся ў тры мiгі.

– Нiкуды не паедзеш, – зачапiлася за задняе крыло матацыкла цётка Люба.

Перейти на страницу:

Похожие книги