— Ат, — усё яшчэ сапучы, сказаў ён, — ты тут калаціся чорт ведае куды, вяртайся на досвітку назад, а ён — «тубылец». А колькі ж тут памерзнута, колькі памокнута, пастраляна колькі, пабіта…

— Рацыя, — сказаў я. — Я таксама аднойчы ехаў. Лістапад. Золь. Прысмерак. Пейзажы паабапал чыгункі, самі ведаеце, якія пасля немцаў. Ну стаім, курым у тамбуры. І тут нейкі маёр глядзіць на туман ды дождж і кажа: «Правільна немцы гэтую краіну «шайзэланд» называлі». Я тут не вытрымаў: «Калі табе жонка са мной ці з кім іншым рогі наставіла, то не крычы пра сваю ганьбу. Калі слабак, то такой зямлі не лай», — і не стрымаўся: «А калі ты зараз не зробіш, як кажуць твае нацысты, «хальт маўль»*, то я зараз дзверы адчыню і цябе — з поўнага ходу пад адхон выкіну…» Ён чамусьці заторкнуўся. Пайшоў да сябе.

* Заторкніся (ням.).

Морда мая, відаць, нават пры адным успаміне зрабілася незвычайная, бо Высоцкі глядзеў на мяне, нейк занадта прыглядаючыся.

А мне стала раптам сорамна і ўспаміну, і таго, як я тады расхваляваўся.

Цягнік калаціла на сутыках. Высоцкі адвёў вочы, таксама расхваляваны.

— А чаму вы тут возным? — спытаў я. — У вас жа нейкая асвета ёсць. Гледзячы па мове дый манерах.

— Ну, раз усе Альшаны ведаюць па плётках і ўсё адно раскажуць, то лепей ад мяне.

— Верна. Плёткі ў такіх мястэчках да страшнага суда дажывуць.

— Асвета, ясна, так сабе. Чатыры класы польскай гімназіі. Вышыблі за ўдзел у патрыятычным гуртку. А пасля — вайна.

— То падвучыліся б недзе на бухгалтарскіх ці нейкіх агранамічных там курсах.

— Не. Усё-ткі і той і той — фігуры на сяле. А я гэтымі складанасцямі па вушы наеўся. Траюраднага брата палякі павесілі перад самым вераснем.

— За што?

— А бог яго ведае. Я з ім амаль незнаёмы быў. Нібыта забіў правакатара, а тыя падстроілі справу так, што забойства крымінальнае. Ну і ясна, можа, хто і заступаўся, а шырокая грамадскасць — не… Другі, стрыечны, расстраляны немцамі за падполле проста на вуліцы. Хто кажа ў Кладна, хто кажа, што вывезлі ў Беласток. Так што бачыце, нашаму брату куды ні кінься. Лепей я ўжо тут. Спрос, як расейцы кажуць, малы, адказнасці няма. Ціха — і гары яно ўсё.

<p>РАЗДЗЕЛ XІІІ НАРАДА ДВУХ КАВАЛЕРАЎ, АДНАГО ЎДАЎЦА І АДНАГО ЖАНАТАГА</p>

Раніцай я пазваніў у Кладна Максіму Смыцкаму, аднаму з лепшых, калі не лепшаму, знаўцу горада і гісторыі яго і наваколля. І, на шчасце, застаў яго дома.

— Слухай, Максіме, ты гісторыю з Альшанскім замкам чуў?

— Дружа, ты мяне за дзіця лічыш. Хутка пасадзіш за парту і прымусіш вучыць…

— Што?

— Ну, «сам сабе катлетку смажыў і запэцкаўся ў сажу» або «ў Мані верны быў баран, сабаку вярнейшым не быць: куды б дзяўчынка ні пайшла — баран за ёй бяжыць».

— Угм. Ты яшчэ ўспомні «Anna und Marta baden». Замак у Альшанах бурыць хацелі…

— Хто?… Ах, сек тваю векі… Хто?!

— Гэтага сказаць не магу. Слова даў. Абяцалі не расцягваць. То вось ты як «ахова помнікаў культуры» пра гэта помні і пры выпадку настраш. Дошку новую павесьце.

— Ах чорт! І яшчэ легенда за ім такая прыгожая. Халлера!

— Магчыма, яна і мае пад сабою нейкі грунт.

— Які?

— А ты пра бунт Валюжыніча чуў? І пасланне біскупа Кладзенскага?

— «В лесу родилась елочка».

Ён быў вельмі падобны да Мар'яна. Гумар у нас амаль ва ўсіх адзін: гумар эпохі і яе манера жартаваць. І ўсё ж ён быў не тое, не тое. Хаця і энцыклапедыя на дзвюх нагах.

І тут мне нешта цюкнула ў галаву:

— Максіме, што ты знаеш аб расстраляных у апошні дзень немцамі ў Кладна?

— Ёсць такі помнік. Стэла, праўдзівей. Толькі тут іх палову нібыта расстралялі. Частку далей, пад Беластокам. І невядома, каго дзе. Расстраляныя былі палякі і беларусы. Ва ўсякім разе, і там і там адэкватныя і двухмоўныя стэлы.

— Тэкст памятаеш?

— Памятаю, але лепей, дзеля вернасці, па картатэцы.

Хвіліна паўзы.

— Ёсць, слухай, — і далей тэкст.

Tu spoczywaja zwloki 22 bojownikow Ruchu Oporu, zamordowanych przez hitlerowcow w dzien 17.VІІ.1944І далей пералік прозвішчаў:A.Oblocki z Krakowa.P.Romski……Яшчэ прозвішчы і пасля, як апошняе пацвярджэнне:І.Stankiewicz z Olszan.W.Wysocki z Kladnaoraz 17 osob nieznanych.Czesc ich pamieci.І ніжэй па-беларуску:Тут спачываюць астанкі 22 байцоў Руху Супраціўлення, замардаваных гітлераўцамі ў дзень 17.VІІ.1944 годаА.Аблоцкі з Кракава.П.Ромскі……І.Станкевіч з Альшан.В.Высоцкі з Кладна,а таксама семнаццаць чалавек невядомых.Вечная слава памяці герояў.

— Дзякуй, Максіме. Да сустрэчы. — Я павесіў трубку.

Перейти на страницу:

Похожие книги