…Я брыў ад яго і думаў, што сапраўды мы ўсе атручаныя бойкай. Магчыма, вар'яты. Але адкуль я ведаў, хто, што і як. Хаця б той ксёндз Жыховіч.

А меў вечар трагікамічную развязку. Досыць цяжкую і досыць камічную. Я прыйшоў у сваю бакоўку і заваліўся спаць. Досыць рана. І нават у сне адчуваў, як у мяне баліць галава. Нешта з ёю ў апошні час рабілася. Усё больш небяспечнае.

Сон быў таксама цяжкі. Тая самая галерэя, на якой тады бачыў я цені. Малады бялявы напаўхлопец-напаўмужчына (высокі, магутныя мускулы і дзіцячыя вочы, такія сінія, як рэдка бывае нават на гэтай зямлі). Маладая жанчына, чамусьці вельмі падобная да Сташкі.

— Я не магу, — шапацела яна. — Ён выдаў нас, выдаў сяброў, выдаў цябе.

— Не толькі выдаў, — кінуў ён. — Прыбраў усё майно паўстання. Як ты магла калісьці пайсці з ім?

— Я тады не ведала цябе. І я не ведала, што ён можа…

— Ён можа яшчэ і атрымаць ад караля трэць за выдачу сяброў, гэты знатнік*, — прагучаў глухі, але прыемны голас, і я ўбачыў, што да іх падыходзіць дужа худы і высокі, светлавалосы чалавек.

* Знатнік — багаты, уплывовы.

Тут я здагадаўся, што гэта Грыміслаў Валюжыніч, ініцыятар «удару ў спіну», жонка Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскага Ганна-Гардзіслава і дойлід касцёла, вежы якога, адзетыя рыштаваннямі, ужо ўзвышаліся над мурамі вонкі.

— Гэты ісцінстваваць* не будзе, — сказаў Грыміслаў. — Для яго ёсць дзве очыны**. Адну ён прадасць, але за другую зубамі будзе трымацца, глоткі грызці за свае скойцы***.

* Iсцінстваваць — гаварыць праўду.

** Слова «очына» мела два сэнсы: а) бацькі, продкі; б) маёрат, маёмасць.

*** Скоец — манета.

— Родныя, — сказаў дойлід, — ён усё аднекуль ведае пра вас. І таму ўцякайце. Пакуль не позна. І вазьміце з сабою альмарыюм* з грашыма. Яны не належаць яму. Яны — людскія, вашы. Тых, што ўсталі. Уцякайце. Сядайце недзе на Нёмане на окрут** і некуды ў немцы. Пасля вернецеся, калі зноў прыйдзе ваш час, калі трэба будзе купляць зброю. Здрадны род. Што продак Пятро, які князя Слуцкага выдаў, што гэты.

* Альмарыюм — скрыня, радзей шафа.

** Окрут — карабель.

— Што, коні ёсць? — спытала жанчына.

— Ёсць коні, — сказаў Грыміслаў. — Ключаюся* з табою, дойлід. Але столькі рэмняў** золата, столькі каменняў, столькі сажоных*** тканей — хіба іх павязеш у саквах?

* Ключацца — падыходзіць, быць вартым. Тут у сэнсе згаджацца.

** Рэмень — мера вагі.

*** Сажоны — вышыты каштоўнымі каменнямі.

— Бярыце частку. Астатняе перахаваем тут.

— Я не хацеў, — сказаў Валюжыніч. — Але зэлжыў* ён самае наша беларускае імя.

* Зэлжыў — зняславіў.

— І няхай застанецца ні з чым, — жорстка сказала жанчына. — Без мяне і без скарбаў. Такі пакон*. І няхай нас адтамталя дастане, акрутны, апаёвы псарэц**. У яго свая судба***, у нас — свая. А табе, вялікі дойлід, дзякуй ад нас і ад бога.

* Пакон — закон, наканаванне.

** Акрутны — жорсткі, люты. Апаёвы — запойны. Псарэц — псяр.

*** Судба — суд, прысуд, правасуддзе, прадвызначэнне.

— Дзякуй скажаце, як усё скончыцца добра.

…І вось падае ўжо на толькі што засыпаную яму вялізны спілаваны дуб (дзе я чытаў пра такі спосаб захаранення скарбаў? — адзначае ў сне падсвядомасць), і вось ужо й следу няма, і ноч вакол.

…І вось ужо рвуцца ў ноч, прэч ад муроў замка дзікім лесам два коннікі. У аднаго пры боку доўгі меч, у другога, меншага, корд. Зніклі. Але праз некаторы час у нехлямяжых вежах чорнага гмаху замільгалі агні, забегалі па галерэях. Шматгаловая конска-чалавечая маса закішэла, заклубілася ў двары. З бязгучнасці нарастаў, рабіўся нясцерпным пагрозлівы гук.

І вось худы чалавек падымаецца па рыштаваннях вежы касцёла. Стаіць і глядзіць у бок бязмежных лясоў, дзе недзе далёка — Нёман. І тут прагная растапыраная пяцярня штурхае яго ў спіну, і ў вачах непаразуменне… Імкліва набліжаецца зямля.

І гэта ўжо нібы не ён, а я падаю, як некалькі год назад са скалы на Карадагу (дзіва і ўласная кемлівасць тады ўратавалі мяне ад непазбежнага, — адзначае падсвядомасць).

Гэтага дзіва не ўратавала. Я зноў гляджу зверху. І ён, маленькі зверху, ляжыць на зямлі, як лялька… Зноў я ўнізе. Над трупам стаіць каржакаваты чарнявы чалавек. Вузкія вочы. Жорсткі прыкус вялікага рота. Срэбратканая чуга падае шырокімі складкамі. А насупраць яго досыць ужо летняя жанчына ў чорным.

Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі і ягоная сястра.

— Пакладзіце ў корсту, у мёд, — горка кажа жанчына. — І ў Кладна да бальзаміроўшчыка.

— Ты, можа, і ў касцёле яго пакладзеш?

— Не толькі пакладу, але й піжмом* удастою. Ён рабіў — яму і ляжаць.

* Піжмо — мускус.

Перейти на страницу:

Похожие книги