— Ды дзіўны нейкі, маўчун. Толькі вуса й круціць ды, як каля замка ехалі, спытаў, ці гэта ён і ёсць,
— Нешта ён мне здаўся падобны на кагосьці.
— Ды і мне спачатку, здалёк. Недзе некалі нібыта бачыў. Пасля прыгледзеўся — не, зусім невядомая морда.
Цёмныя купы дрэў часам амаль змыкаліся над дарогай, утвараючы тунель. І ў канцы яго мігцела нізкая калючая зорка. Крыкнуў, заплакаў, зарагатаў у нетрах пугач. Пазнавата. «Песні» іхнія адышлі разам з вясной. Хаця бываюць сярод іх адзінкі, што плачуць і рагочуць летам, нават ранняй восенню.
— Ну а вы адкуль, так бы мовіць? — спытаў Высоцкі.
Маніць не выпадала. Шмат людзей бачыла мяне ў Замшанах, некаторыя (познія смаржкі, відаць, збіралі для аптэкі) — на сцежцы, што вяла да ўрочышча. Дый не люблю я гэтага занятку, акрамя тых выпадкаў, калі іначай — зарэз. І, самае галоўнае, чаму вучыла нябожчыца маці і што я запамятаў на ўсё жыццё: «Хлус павінен мець добрую памяць». Сапраўды, павінен, каб пра нейкія падзеі не збрахаць таму ж самаму чалавеку зусім па-іншаму. Або проста прагаварыцца ненарокам, што не ў Магілеў ты ездзіў, а зусім у Гомель, дзе жыве былая каханка, пра існаванне якой жонка або, яшчэ горш, нявеста вельмі добра ведалі, але лічылі гэта «грахом маладосці, калі ён яшчэ не быў знаёмы са мною».
— З Замшан еду.
— І ў Цёмным Бары былі, — мне здалося, што ён нібы на хвіліну напружыўся, але гэта ён проста крыху пагладзіў каня па рэпіцы. І зноў тая ж лянотная грацыя.
— І там быў.
— Ну і што ж вы там выкапалі? Гэта ж, пэўна, справа таго ж Юлляна Сая?
— Таго.
— А божа, як жа яна мне абрыдла. Столькі год мінула, а ўсё адно як пачне ўспамінаць нехта «дела давно минувших дней» ды што было «за польскім часам», і варта яму тую справу ўспомніць — неадменна нейкая зараза на мяне пакасавурыцца. Хоць ты ад людскіх вачэй у самбук* бяжы ці ў каноплі.
— То чаму б вам не з'ехаць адсюль?
— Я не адчуваю сябе вінаватым. Не хачу, каб нехта думаў: «Ага, дапякло… Мабыць, ведала аб нечым кошка». Ну і потым, што я ў іншым месцы. А тут мая зямля, спрадвеку мая.
— Родны той куток, дзе рэзан пупок?
— Ды не, проста там, дзе ўпершыню сябе адчуў. Што можаш рабіць сёе і тое, думаць сёе і тое, ісці туды і сюды. Дзейнічаць. Пупок мне маглі недзе і ў Рыме рэзаць, а калі, скажам, немаўляці і месяца не было, як яго адтуль вывезлі, то што яму Рым? Вось і мне так. Маё ўсё тут.
Памаўчаў. Квакша крычала недзе ў шатах дрэў:
— Ну і што? У чым пераканаліся?
— Ні ў чым. Правакатар або не — таямніца сія вялікая ёсць.
— Не лезу я ў гэтыя справы, — хвіліну памаўчаўшы, сказаў ён. — Дый потым справа цёмная, правакатар ці не. Хто давёў? Хто адваротнае, ядры іх у корань, давёў?… То ж бо… Можа, правакатар, а можа, проста ахвяра. Хто можа судзіць? Торкнуў нехта з вышэйшых пальцам, і добра там разабраліся ці памыліліся — і вось ужо на табе, чалавеча, колькі там залатнікоў свінцовага бобу.
— Так, — сказаўя, — довадаў ніякіх. Пустая справа. Чым хутчэй пра яе забудзем — тым лепей.
Золкай сырасцю павеяла з цёмных нетраў пушчы (відаць, непадалёк дарогі быў вільготны яр). І зноў прарэзаў ноч крык пугача.
— Пагамонім? — спытаў раптам Высоцкі з гарэзлівай усмешкай.
— Як пагамонім?
— А вось так.
Ён прыклаў далоні чоўнікам да рота, і раптам у дваццацёх сантыметрах ад мяне прагучаў злавесны, жудасны кліч-прызыў:
— Ку-га. Ку-га-а-а…Гха-га-га-га-га.
Падмануты пугач адказаў з лесу. І зноў адказаў яму Высоцкі. І зноў. І толькі потым пала ціша. Пугач, відаць, усё ж адчуў нейкую ненатуральнасць у адказе-вызаве. І, можа, яму проста абрыдла.
— Ведай нашых, — засмяяўся Высоцкі. — Падманулі мы ўсё ж яго.
— Совы — сімвал мудрасці.
— Значыць, і мудрасць падманулі.
— Не заўсёды гэта канчаецца дабром.
— У жыцці вельмі многае не канчаецца дабром. — паціснуў плячыма. — І скажыце вы. Усе гэтую няпэўную гісторыю памінаюць. А я яго толькі раз бачыў на дні нараджэння брата (заскочыў Крыштоф на гадзінку), а вось брата гэтага, Уладка, якога немцы за падполле расстралялі, ніхто і не ўспомніць.
— Людская ўдзячнасць.
— Ну людскую ўдзячнасць і ўзаемадапамогу мы ведаем: «Як п'юць ды ядуць, дык нас не завуць. А як с…ць і д…ць, дык нас ішчуць».
— Гэ-э, браце, плюнь. З часам усё-ўсё ўсплыве наверх. — Вознік пакасіўся на мяне, але нічога не сказаў.
РАЗДЗЕЛ III ПЕРАД ВАЧЫМА КАХАННЯ, ВАЧЫМА ВАР'ЯЦТВА І СМЕРЦІ
У тыя наступныя дні зачасцілі да мяне ў маю «плябанію» госці. Часцей за ўсё Шаблыка са Змагіцелем, часам археолагі ў поўным ці частковым складзе. Бывала, што на культурную бяседу з'яўляўся дзед Мультан (адзін або са Стасікам і Васількам). Разы два ці тры наведваўся наш ксёндз.