…Ох, як баліць галава. Мае дзверы адчынены, і дзверы ў вартоўню Мультана адчынены, а за імі шэрая туманная раніца, мірыяды амаль нябачных кропелек вады, якія часам сутыкаюцца з нячутным звонам і звісаюць на жэрдках паркана, асядаюць на траве, заблытваюцца ў павуцінні і робяць яго вясёлкавым, калі ўзыдзе нясмелае сонца.
— І што гэта такое? — бурчыць з вартоўні Мультан. — Стагнаў усю ноч, гаварыў нешта ў сне, нават зубамі скрыгатаў. Находзяцца вось так па сонцы цэлы дзень без шапкі, галаву напячэ, не ў час ядуць, накурацца, насмокчуцца гэтай суслы, вып'юць яшчэ гадасці нейкай.
— Я не піў.
— Ды я не супраць, каб піў. Я супраць, калі без мяне. Дык ідзі спаласніся, ды вяртайся бульбу смажаную есці, ды ступай па сваіх справах.
…На рэчцы лёгкі туманец сцяліўся, крыху адарваўшыся ад вады. Запаўзаў пасмамі ў лазу і знікаў там. Я бабухнуўся ў яшчэ прахалодную ваду, вынырнуў і ўбачыў на процілеглым беразе Сташку. Відаць, ужо выкупалася, але ўсё адно стаяла з ручніком на плячы, сумная, стомленая і нібыта заспаная. І боль мой стаў лягчэй, бо цяпер балела не галава. І адчуваў я самае банальнае, ледзь не да слёз, замілаванне і самае банальнае пачуццё ў свеце. Каханне.
І я зразумеў, што, вядома, буду маўчаць. І зразумеў адначасова, што на свеце нішто ўжо не здолее выдзерці гэта, вялікае, з маіх грудзей. Ніхто не дапаможа, ніхто не пазбавіць мяне ні ад яго, ні ад безнадзейнасці.
Што мне заставалася рабіць. Перакінуцца парай нейкіх пустых словаў, а потым ляпнуць ні з пушчы ні з поля:
— Давайце сёння ў клуб сходзім. Кіно, кажуць, новае.
— Давайце, — згадзілася яна.
І гэта звычайная згода, якая ні да чаго не абавязвала, пасяліла ўва мне такую беспрычынную радасць, што я не заўважыў ні Альшанскага, які пра нешта размаўляў з Лапатухам, ні Высоцкага, які перастрэў мяне ля самай плябаніі і працягнуў белы квадрацік складзенай тэлеграмы:
— Вось, на пошце быў. Чаго, думаю, чалавеку дарэмна ў Альшаны швэндацца?
— Дзякую вам, Ігнась Якаўлевіч.
Ён пайшоў. А я некалькі разоў перачытваў надрукаванае, не ловячы аніякага сэнсу, аж пакуль не засяродзіўся. Тэлеграма была ад Шчукі: «Выязджай. Знайшоў шмат цікавага, знайшоў чалавека, які шмат ведае пра тую адправу ў трыццаць дзевятым. Андрэй».
Божа мой! Якое гэта ўсё было глупства ў параўнанні з тым, што перапаўняла мяне!
Клуб, куды мы пайшлі вечарам, быў з тых клубаў, якія яны і дасюль бываюць у былых асобных калгасах, а цяперашніх «брыгадах», «прыгарадах» цэнтральнай сядзібы. Там ледзь не паўсюль панастроілі ўжо новых, двух-, а то трохпавярховых будынкаў з глядзельнай залай, бібліятэкай-чытальняй, пакоямі для рэпетыцый і чорт яго ведае яшчэ з чым. А ў такіх, «прысёлках», у чаканні лепшых часоў і лішніх грошай так і засталіся звычайныя, хіба што толькі па нейкай прычыне больш прасторныя хаты, у якіх раскашней.
У Альшанцы такім «клубам» быў стары дом свяшчэнніка, крыху ў баку ад вёскі, на ўзгорку, побач з руінамі царквы, разбуранай у вайну прамым пападаннем бомбы. Досыць вялікая зала з будкай кінамеханіка і некалькімі міні-пакойчыкамі для грыміравання і рознага рэквізіту за сцэнай, на якую ў выпадку кінасеанса вешалі экран. І яшчэ пакой, крыху меншы, які служыў узімку і ў дождж фае і танцавальнай залай. Летняя танцпляцоўка была пад вялікімі папоўскімі ліпамі, на пустым пляцы, ля якога сям-там яшчэ дажывалі свой век каравыя і замшэлыя, даўно ўжо не пладзюшчыя ад старасці яблыні.
Сюды нават электрычнасці не ўдасужыліся правесці, у чаканні ці новага філіяла-будынка, ці яшчэ чагосьці, і калі на ўзгорку пад вечар пачынаў тахкаць рухавічок — усім без усялякіх аб'яў было ясна, што ў клубе кіно, спектакль або танцы. Бо чуваць яго ў вячэрнім пацішэлым паветры было далёка, у самых ускраінных хатах.
Шчыра кажучы, я не памятаю, ні які фільм ішоў, ні хто з публікі прысутнічаў. Адмеціла толькі чамусьці вока Генку Седуна ды сіямскіх блізнят, Шаблыку са Змагіцелем.
Нехта бегаў па экране, гучалі стрэлы з пацалункамі і слязамі ў антрактах. Я, шчыра кажучы, і не глядзеў туды, а скоса глядзеў на танюткі ў паўзмроку профіль Сташкі і бласлаўляў бога, што наперадзе сядзеў нейкі бамбіза і я «вымушаны» быў, «каб нешта бачыць», хіліцца ў бок Сташкі, дакранаючыся рукою яе рукі і, часам, датыкаючыся плячом яе пляча, хаця, вядома, з тым самым поспехам мог бы хіліцца да суседкі злева.
Божа, якое гэта было шчасце, просты, нібы ненаўмысны, на імгненне, дотык. І божа, як я, вопытны і відалы чалавек, нагадваў зараз сабе самому таго натхнёнага, нясмелага і захопленага шчанюка, якім я быў даўно-даўно, калі гэтая, побач, была яшчэ дзіцем.
І таму я не мог быць іншым. Таму мудрая натура так і распарадзілася.
…Скончылася кіно. Моладзь засталася на танцы, сталыя, паглядзеўшы крыху, пайшлі бітай дарогай.
— Застанемся? — спытаў я яе.
Яна адмоўна пахітала галавою і павярнула мяне на сцежку, што вяла нацянькі, спачатку ўзгоркам, пасля маладымі зарасцямі ліпы, дубнячку і бяроз, пасля між вербаў, перавітых ліянамі ажыны, пасля ў нізінку-вымачыну, такую сабе дыхаючую на ладан паляну-балотца, а потым, праз невысокую граду, адразу да касцёла замка і Белай Гары.