Байструк, бацькі не памятаў, дый матка яго, відаць, не ведала. Таму прозвішча — матчына. Пасля і маці паехала кудысь — ці на працу ў Баварыю (вербавалі тады), а яго, двухгадовага, кінула бабцы, сваёй маці. Праз дзесяць год тая памерла, і падлетак перайшоў на рукі цёткі, малодшай сястры маці. Тая настаўніца, муж яе — таксама. І яна за хлопца старэйшая толькі на дзесяць год, і… словам, з тых, пра якіх кажуць: «Пробы ставіць няма дзе…» Вучыўся хлопец і нават розум і здольнасці паказваў не абыякія, але вучыўся няроўна. А тут яшчэ родная цётка дапамагла. Адкрыла яму, пятнаццацігадоваму, усе, якія сама ведала, «таямніцы Амура». Словам, зрабіла з няўстойлівай асобы, ды яшчэ й не асобы пакуль што, матар'ял на скончанага, закаранелага нягодніка.
Дзядзечка нешта падазрае. Дзядзечка пляменнічка і сабрата выпіхвае ў лясную школу ў Бялай-Падляскей. Той канчае, нават з поспехам. На службе ў дзяржаўных лясах. А пасля калейдаскоп. Жаніцьба на ўдаве, прадажа гаспадаркі, пераезд у Варшаву. Абкраў маладую да ніткі і ўцёк. Спаймалі. Далі восем месяцаў. Добрыя людзі часам гадамі чакаюць дарэмна, а нягодніку, як заўсёды, амністыя тут жа падваліла. Прыказка гэтая наша непрыстойная, але «багатаму чорт і ў кашу валіць, а беднаму і ў поліўку лье». Словам, дзе і так густа, то каб яшчэ гусцей было.
На волі ўладкаваўся практыкантам у ляснічага Хмялевіча. Амаль адразу выпараецца разам з грашыма, асабістым пасведчаннем і пісталетам (вось яна адкуль віцца пачала, нітка замшанскай трагедыі).
Зноў Кладна. Тут і пазнаёміўся з Антасевіч. Што ж, хлопцу дваццаць восем (ёй дзевятнаццаць), прыстойны, ясна ж, «не жанаты». Коміваяжор, але ж не так складана і якар кінуць, скажам, у фірме «Ян Пліцка і сын». Лясная фірма. І ён — знаходка. Лес ведае, знаёмствы ў LP (lasy panstwowe) ёсць, ледзь не да вуліцы Вавельскай, 54, дзе дырэкцыя галоўная (прынамсі, так кажа). Спец і па дыхце, і па тэрпентынарнях, і па дыстылярнях жывіцы. Ён табе і кнігі весці і інкасатар — знаходка, і толькі. Расце давер — расце і махлярства і ашуканства. Ну, тут падрабязнасці не патрэбны. Тонкае было круцельства. Так і накруціў ён сабе восем тысяч злотых. Ну і тут чамусьці адкрыўся Антасевічуўне. Тая — каб вярнуў. Ён — у аніякую. Пасварыліся. І тады ён «звяў» адзін.
Прыглядаўся да розных месц, куды можна было б укласці капітал. А тым часам раз'язджаў на веласіпедзе ў мундзіры палясоўшчыка прыблізна ў шматкутніку Аўгустоў — Беласток — Наваградак — Альшаны — Ліда. Кладна, вядома, мінаў.
І вось Замшаны і леснічоўка ў Цёмным Бары. Стары Андрон Сай, старэйшая дачка Агата, сын Юллян ды малодшая доня — Ганна. Зайшоў папіць дый начаваць застаўся. Ну, а дзе начлег, там у нас і вячэра. Знайшлася і бутэлька. Знайшлася пад яе і добрая бяседа… Даверлівасць гэтая наша, прастата — горш яны за любое крымінальнае, за кожнае нават дзяржаўнае злачынства.
Стары быў старой школы, калі ад палясоўшчыка толькі і патрабавалася, што веданне лесу на ўчастку ды сумленнасць. А новыя часы патрабавалі яшчэ і сякой-такой асветы. І палясоўшчык «з асветаю» выдаўся ім асобай прыблізна таго самага гатунку, што ў нашым коле доктар ганорыс каўза Сарбоны або лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне кібернетыкі.
Разгаварыліся па душах. Андрон паскардзіўся, што яго наследны прынц не ўспадкуе пасля яго ляснога каралеўства Замшанскага, што адзіны цяпер спосаб вывесці дзяцей у людзі, уратаваць іх ад галечы — даць ім асвету або хаця б патрэбную спецыяльнасць. І вось і хацеў бы Юллян у палясоўшчыкі, але грошы ўзяць дзе, дзе заручыцца падтрымкай? Ясна, што нейкі з горада заўсёды мае перавагу над вясковым, тым болей над лясным чалавекам. І чуў многае, і чытаў, і, нават хай сабе без ахвоты, бачыў. Хаця, можа, і дурнейшы за таго вясковага, як амаль кожны пародзісты сабака дурнейшы за дварнягу. І куды больш не прыстасаваны да жыцця.
— А можа, і я дапамагу, — сказаў Крыштоф. — Я скончыў Вышэйшую лясную школу ў Цешыне. Знаёмствы ў лясніцтве засталіся.
Не ведаю, магчыма, з гэтага выхваляння, якое не мела аніякай мэты, — от, так сабе, хлестакоўскае выхвалянне! — усё і пачалося.
Юллян з'явіўся. Год на шэсць маладзейшы, але фігура, колер валасоў, рысы аблічча былі крыху падобныя. Усміхнуўся — двух пярэдніх зубоў няма.
Пачалася размова. Дзе, ды што, ды як з хлопцам вялося, ды ці мае сяброў недзе на Кракаўшчыне, ці недзе там пад Бельскай-Бялай, Цешынам, Рыбнікам ці Жыўцам. Не меў аніякага, дый тут — мала.
— Там перавагу аддаюць людзям стопрацэнтна здаровым. Нават каб гландаў і апендыкса не было.
— Апендыкс выдалілі.
— Там на здароўе не менш глядзяць, як у арміі. Адбор і адбор.
— Ясна, што адбор, — уставіў і стары. — Толькі ж і маем права на трыста шэсцьдзесят тысяч войска.
— Па Версальскаму дагавору, — сказаў Крыштоф, «прасвяціў» цёмных. — Ясна, што ўжо няшмат, але патрэбны адборныя.
Гэта пазней ужо, калі мы яго, скурвысына, раскалолі, ён прызнаўся, што ўжо тады задумаў «падстаўку», бо паліцыя яго і сапраўды рана ці позна спаймала б.