Дасланы вадою перасячы нам шлях. Адразу дасланы вадою, без патрэбы блукаць у нетрах і блытаць сляды.

Цьмяна адсвечваюць у промнях месяца сталёвыя і пасрэбленыя латы. Узнятыя забралы і твары ўсіх у ценю і таму здаюцца сляпымі або снулымі. Звісаюць з шаломаў сутаны, валасяныя, грывамі, і з пер'яў. Выразныя павады адпушчаны. І ртутны бляск на наканечніках доўгіх дзідаў, на шаблях, на буздыганах і баявых кляўцах.

Цяпер ужо не ўцячэш. Набліжаецца вершны ланцуг.

— Ну вось. Лёс не быў літасцівы да нас.

…І тут жа нейкая камяніца, і туды кідаюць рознага памеру цюкі, мяхі, скрынкі. Яны слізгаюць некуды ўніз, як кіль па прасаленым жолабе, калі карабель ці ладдзю спускаюць на ваду. І ноч. Крыху цямнейшая, бо месяц вось-вось зойдзе. А вакол нас з Гардзіславаю дзесятак воінаў і Вітаўт Альшанскі на вараным кані.

— Ну вось, паны рада, — звяртаецца ён да воінаў, — вось паны райцы. Абыдземся без ражэння, без суддзі і падсудка*, без проўста**, без падскарбія, каб той вернуты скарб лічыць. Урэшце няхай паляжыць з імі, пакуль тут з праверкай, гэты Груган, крук гэты Станкевіч будзе тырчэць.

* Чыноўнік або пісар земскага павятовага суда. ** Ксёндз.

Ён паказвае воінам на нас:

— Саўлачыце з іх рызы*.

* У той час не толькі «рызы», але і «адзенне».

Адзенне падае да нашых ног, у траву.

— Што, умёт*. Сустрэліся-такі ўсё ж. Нічога, абаронца ваш спіць. Ой, моцна соннае віно. А вас? Вас я такім напаю, што ў свой час давеку заснеце. Зладзеі.

* Гразь, гной.

— Змоўч ты, крадла, — адказвае Валюжыніч маімі вуснамі. — Здрадзіў твой прашчур Слуцкага, абрабаваў і князёў тых і караля. Дый ты ў яго. Мяне і сяброў маіх прадаў, абабраў караля. Так што не хайлаў бы так. Занадта ты ўшчыплівы*. Вось за тую ўшчыплівасць з нас, за зладзеяватасць так цябе шчыкаць будуць шчыпцамі, абцугамі ды клешнямі, што мяса з костак паляціць. Зладзейству твайму сведкаў многа, а галоўны — бог.

* З'едлівы, калючы, кплівы.

Ён усміхаецца страшнавата:

— Ты не думай так мяне раздражніць, каб цябе хутка ды лёгка на смерць прыправіў, ды яшчэ і столмаха* пазваў, каб ён вам хаўтурную калясніцу да труны адразу зрабіў. Таго не будзе. Прыпомніце вы ў мяне яшчэ паталетнюю** мякіну.

* Сталяр, карэтнік, каляснік.

** Мінулагоднюю.

— Пішы строчне. — пасля паўзы звяртаецца ён да конніка з дзіўным цыліндрычным прадметам у руцэ, — у радок.

Спачатку жанчыну, а пасля мяне абвязваюць пад пахамі пятлёй з нейкім хітравумным вузлом і спускаюць па нахіленай плоскасці, а пасля, з нейкай навісі, проста ўніз, у чорны атвор.

Камень пад ступакамі. І тут жа нешта шморгае пад пахамі. Ага, бортны вузел. Таргануўшы, здымаеш пятлю з самага высокага сука. На імгненне яшчэ я заўважаю, як дзвюма змеямі мільганулі ўверсе, у пляме, адкуль ледзь-ледзь сочыцца святло, дзве вяроўкі.

— Вось так, — далятае зверху голас, — тут вам і ложніца, тут вам і жыць, і скончыцца. Вада там, у куце, капае са столі, там цэбар стаіць. Бачыце, я вас акрутне — жорстка ды люта — не замардаваў. І скарб вы ў ніжняй каморы адзедзічавалі*. І хата раскошная, акругле** сем сажэняў. Ну вось, будзеце вы там вартаўнікамі, і жывым вас не даклікацца.

* Атрымалі ў спадчыну.

** У акружнасці.

Пачынае звужацца больш светлая пляма над галовамі. Чуваць глухі звон апаленай плінфы аб другую, шорганне кельмы аб камень.

І цемра. І нічога болей. Толькі густая і тлустая, як сажа, цемра.

— Ты памрэш не даўжэй як праз год, — гукаю я, без надзеі, што той яшчэ мяне пачуе.

…Я нічога не бачу. І, адначасова, чамусьці бачу, як чорны коннік на чале коннага аршака выязджае з лясной сцежкі на паляну (трох муляраў цягнуцца ззаду).

Чорны раптам пускае каня рыссю, махае рукой.

І тут з нетраў адусюль выязджаюць, выломліваюцца з гушчару коннікі. У руках іхніх няма пішчаляў. Дзівіцца няма чаго, унь, наводдаль, відаць верхавіна касцельнай званіцы. У руках іхніх доўгія лукі з белавежскага цісу. Гучна ляскаюць нацягнутыя, а пасля адпушчаныя цецівы аб скураныя пальчаткі на левай руцэ. І роем лятуць доўгія стрэлы з наканечнікамі, вываранымі ў адвары з ігліцы, кары і драўніны таго ж цісу. Смертаносныя доўгія стрэлы — «паратунку ж ад іх няма».

Муляры падаюць адразу. Воіны яшчэ круцяцца, спрабуюць прарвацца, але паступова спаўзаюць з коней на траву. Так уторканыя стрэламі, што хутчэй падобныя на вожыкаў, чым на трупы.

Бачу твар гаспадара. Вусны ягоныя ўшчыпліва варушацца. Ён абводзіць вачыма мёртвых.

— Так, праўду ты мовіў. Зладзейству майму сведкаў многа. — Ён узводзіць вочы: — А галоўны — бог.

…І зноў цемра, як сажа. І зноў раптоўнае святло. Замкавы двор, заліты сонцам. Вялізны спачатку абшчынны, пасля фамільны дуб. Кіпіць пад ім і вакол стракаты натоўп. Магнацкая, шляхецкая вопратка, латы воінаў, адзенні вольных сялян. Далей, у браме і за брамай, белая хмара тых, зусім простых. З агульнага гулу вырываюцца паасобныя сказы.

Перейти на страницу:

Похожие книги