12) Што такое цені жанчыны і манаха? Нейкі разлад у псіхіцы? Калі гэта так, то чаму не адзін бачыў іх, а многія? Калі нейкая прыродная з'ява, то якая?

13) Чаму ўвесь час нейкія дзіўныя сустрэчы? З Ганчаронкам, з Лапатухам? Сочаць? Словы п'янага Вячоркі аб нейкіх страшных каменных яйках. Што азначалі яны?

14) Чаму Лапатуха крычаў пра забойцаў? Чаму гукаў з байніцы, што замак — ягоная крэпасць? Чаго ён там вартуе? А можа, гэта сапраўды яго прыбежышча, калі хоча самоты?

15) Агеньчык у другой вежы. Шыфраваны надпіс указваў на трэцюю. (Ці ёсць у гэтым нейкая сувязь або проста хаця мікраскапічны сэнс?)

16) Мясцовыя, тутэйшыя людзі падчас нямецкай акцыі з архівам і расстрэлам. Хто яны?

17) Банды Боўбеля і Куляша, знішчаныя нашымі. (Ці магло быць, каб нехта са сведкаў акцыі быў з тых, тутэйшых, быў у бандзе і ўсё ж застаўся жывы? Тады ён як быццам адзіны «спадчыннік». Ды наўрад ці. Сумняваюся. Знішчылі тых бандзюкоў падчыстую.)

18) Мае кашмары. Можа, і сапраўды самае паветра Альшанкі атручана злачынствам, подласцю, шаленствам і ўтрапёнасцю вайны?

19) Хто тады ноччу прабіваў у вежы (маёй, трэцяй) мур і вёў са мною дуэль ліхтаром і камянямі? Лапатуха? Наўрад. А можа?

20) Хто выдаў падполле, у якім быў цяперашні ксёндз. Ці жывы ён, той? І ці не мачаў ва ўсю гэтую справу пальцы ксёндз з яго ненатуральным, фантастычным спосабам жыцця? З яго катакомбамі? З тым нечаканым штуршком мне ў спіну? Хацеў памагчы пераскочыць? Або, можа, спіхнуць?

21) Ці застаўся ў жывых нехта з тых, хто арганізоўваў «санітарную акцыю»? І дзе яны, калі засталіся? За мяжой і маюць тут рукі? Або прысутнічаюць уласнай персонай?

22) Ці мог пазнаць кагосьці з бандытаў Ганчаронак, перш чым уцёк з-пад расстрэлу? Не, пытаць не трэба. Можа, і пазнаў бы, баіцца за жыццё? Хаця па ягоных паводзінах у вайну неяк не падобна.

23) Сваякі Высоцкага ні пры чым. Адзін загінуў, як падлюга і бестыя. Другі — як герой. Адзін род, і якія розныя людзі. Паездкі ў Цёмны Бор і ў Кладна да пракуратара, такім чынам, толькі канчатковае шальмаванне аднаго і рэабілітацыя памяці другога, а да справы не датычацца.

Ну вось, дваццаць тры пытанні. Некаторыя падзяляюцца на два-тры. І ні на адно няма адказу.

Поўнае паражэнне, поўны разгром маёй логікі, і майго розуму, і майго ўмення разбірацца ў людзях. Разгром, вынікі якога я толькі што падвёў. Каб не слова, дадзенае Станіславе, можна было б заўтра ж з'язджаць адсюль. Не з тваім, браце, розумам разбірацца ва ўсім гэтым, у чым, можа, і сэнсу няма, а ёсць толькі збег акалічнасцей. З тваім розумам, браце, толькі на печцы сядзець. Што ж, скончым з гэтым, хаця і шкада. Але што зробіш, калі тут немагчыма сабраць у адно нічым не звязаныя ніты, калі з гэтых нітоў аніякай посцілкі не сатчэш. А калі і сатчэш, то па візэрунку і падбору колераў гэта будзе посцілка, сатканая слепаватым вар'ятам.

Я выйшаў на ганак, сеў на прыступкі і безнадзейна закурыў. «Крахам скончылася ваша паездачка, сябар Косміч».

На вуліцы спыніўся цень. Відаць, углядаўся ў мой сілуэт на светлым прамакутніку дзвярэй.

— Вы, Косміч? — гэта быў голас Альшанскага.

— Ну, я.

— Лапатухі тут не было?

— Не. Што я, вартавы пры ім?

— Ды не ў тым справа. Я загадаў яму ехаць з мукой на нашу пякарню. І вось, чорт пабірай, конь да млына сам прыйшоў.

— Не ведаю, дзе ён, Нічыпар Сяргеевіч.

— Гм… Чорт… каб яго бог любіў. Зноў нейкі заскок, ці што?

Махнуў рукою і адышоў.

Над Альшанкай кацілася ўжо ноч. Ноч майго паражэння. А вясковае неба не тое што ў горадзе — нібы святкуючы гэта паражэнне, высыпала ўгору тысячы, дзесяткі тысяч зор, то ласкавых, мірглівых, а то і калючых, як ледзяных. Ззяла яно вось так і чатырыста, і трыста год назад, і сёння ззяе, і гэтак жа безуважна будзе ззяць пасля, калі пра мяне і думаць забудуць.

…Нехта бясшумна сеў побач са мною на прыступку. І не заўважыў зусім, калі падыходзіў. Проста ўжо як быў зусім блізка — нешта майнулася перад вачыма, нібыта сама ноч махнула чорным крылом.

Хілінскі сядзеў побач і размінаў цыгарэту. Н-ну й ну! Цяпер ясна, чаму ты, Адаме, з такімі талентамі дасюль не прапаў і ў будучым, дасць бог, не прападзеш.

— Вось… яшчэ парай слоў з табою перакінуцца трэба.

— Думаеш, я не заўважаю? З самай раніцы вакол мяне, як кот ля патэльні са скваркамі, ходзіш. Усё хочаш сказаць нешта і не адважваешся. Так, нібы па лісціку з капуснага качана здзіраеш, замест таго каб адразу за храпку ўзяцца.

Хочаце верце, хочаце не, а я быў страшэнна злосны. Можа, за Мар'янаву памяць, можа, за маю няўдачу, можа, за гэту манеру Шчукі вечна не казаць пра галоўнае. Толькі мяне проста душыў гнеў на гэтую палітыку замоўчвання, хаджэнне кругом ды навокала, размовы эківокамі. Гнеў. І, дзіўна, ні на каго іншага, як на Хілінскага. Мабыць, таму, што першы трапіў пад руку.

Перейти на страницу:

Похожие книги