Полі ўжо не баялася. Вядома, гэты стары чалавек ніякі не вар'ят. А ў гэтых яркіх пярсцёнках ёсць нешта вельмі прыцягальнае. Яна падышла да стала.
— Нішто сабе! Мне здаецца, — сказала яна, — што гудзенне тут грамчэйшае. Нібыта яно ідзе ад пярсцёнкаў.
— Якая дзіўная думка, — адказаў дзядзька Эндру, усміхнуўшыся. Яго смяшок гучаў вельмі натуральна, але Дыгары ўбачыў прагны, амаль сквапны, выраз на яго твары.
— Полі! Стой! — крыкнуў ён. — Не чапай іх!
Але было занадта позна. Акурат у той час, калі ён крыкнуў гэта, Полі дакранулася да аднаго з пярсцёнкаў і імгненна, без выбліску ці шуму, знікла. Дыгары і яго дзядзька засталіся ў пакоі адны.
Дыгары і яго дзядзька
Гэта было настолькі нечакана і страшна, нават горш ад начнога кашмару, што Дыгары ўскрыкнуў. Рука дзядзькі Эндру імгненна закрыла яму рот.
— Ціха! — прашыпеў ён на вуха хлопчыку. — Калі ты пачнеш шумець, твая маці пачуе, а ты ведаеш, што з ёй можа здарыцца, калі яна спалохаецца.
Як Дыгары казаў пасля, яму ледзь не стала млосна ад такой жудаснай подласці. Але ён, вядома, больш не крычаў.
— Вось так, — сказаў дзядзька Эндру. — Зрэшты, я цябе разумею. Упершыню пабачыць, як нехта знікае, — гэта сапраўды шок. Нават я ўразіўся, калі марская свінка знікла ўчора вечарам.
— Дык гэта вы тады ўскрыкнулі? — запытаўся Дыгары.
— Ты пачуў? Спадзяюся, ты не шпіёніў за мной?
— Не, — гнеўна адказаў Дыгары. — Але што здарылася з Полі?
— Павіншуй мяне, мой дарагі хлопчык, — мовіў дзядзька Эндру, паціраючы рукі.— Мой эксперымент атрымаўся. Нашая маленькая дзяўчынка знікла з гэтага свету.
— Што вы з ёй зрабілі?
— Адправіў яе, так бы мовіць, у іншае месца.
— Што вы маеце на ўвазе?
Дзядзька Эндру сеў і сказаў:
— Я распавяду табе. Ты чуў калі-небудзь пра старую місіс Лефэй?
— Яна была маёй стрыечнай бабуляй? — запытаўся Дыгары.
— Не зусім, — адказаў дзядзька Эндру. — Яна была мая хросная. Гэта яе партрэт там, на сцяне.
Дыгары паглядзеў і ўбачыў выцвілы фотаздымак старой жанчыны ў каптуры. I цяпер ён узгадаў, што аднойчы бачыў здымак гэтай жа самай жанчыны дома, у старасвецкай камодзе. Ён запытаўся ў маці, хто гэта, але маці не надта хацела пра яе гаварыць. Твар у жанчыны быў непрыемны, падумаў Дыгары. Але па старых фотаздымках ніколі нельга сказаць з упэўненасцю.
— А хіба… Мне здавалася, з ёй было нешта не так? — запытаўся Дыгары.
— Ну, — сказаў дзядзька Эндру, — гэта залежыць ад таго, што ты называеш “не так”. Людзі не ўмеюць мысліць шырока. Яна, вядома, стала вельмі дзіўнай у старасці. Рабіла вельмі неразумныя рэчы. Таму яе і замкнулі.
— У вар'ятні, вы маеце на ўвазе?
— О не-не, — адказаў дзядзька Эндру, — зусім не. Яе проста пасадзілі ў турму.
— Ого! — усклікнуў Дыгары. — Што яна зрабіла?
— Бедная жанчына, — уздыхнуў дзядзька Эндру. — Паводзіла сябе вельмі неабачліва. Шмат было рознага, не мае сэнсу корпацца ва ўсім. Яна заўсёды была вельмі добрай да мяне.
— Але паслухайце, якое дачыненне гэта мае да Полі? Я б вельмі хацеў, каб…
— Усё ў свой час, мой хлопчык, — сказаў дзядзька Эндру. — Старая місіс Лефэй выйшла з турмы перад смерцю, і я быў сярод тых нямногіх, каго яна прымала. Яна не любіла звычайных, прымітыўных людзей, разумееш. Я сам іх не люблю. Нас з ёй цікавілі адны і тыя ж рэчы. За некалькі дзён да смерці яна загадала мне падысці да старой камоды, адчыніць патаемную шуфлядку і дастаць куфэрачак, які там быў. Як толькі я ўзяў яго, у мяне закалола ў пальцах, і я зразумеў, што трымаю ў руках нейкую вялікую таямніцу. Яна аддала куфэрак мне і змусіла паабяцаць, што я не буду заглядаць унутр і спалю яго, як толькі яна памрэ. Я не стрымаў гэтае абяцанне.
— Ведаеце, вы зрабілі кепска, — зазначыў Дыгары.
— Кепска? — перапытаў дзядзька Эндру, збянтэжана глянуўшы на хлопца. — А, зразумеў. Ты маеш на ўвазе, што маленькія хлопчыкі мусяць выконваць абяцанні. Вельмі слушна, і я рады, што цябе гэтаму навучылі. Але ты павінен зразумець, што правілы такога кшталту, якімі б высакароднымі яны ні здаваліся маленькім хлопчыкам, ці слугам, ці жанчынам, ці нават людзям наогул, не могуць стасавацца да выбітных навукоўцаў, вялікіх мысляроў і мудрацоў. Не, Дыгары. Такія, як я, што валодаюць таемнымі ведамі, вольныя ад агульных правілаў і адрэзаныя ад агульных радасцяў. Нам прыгатаваны вышэйшы і самотны лёс, мой хлопчык.
Сказаўшы гэта, ён уздыхнуў, выглядаючы так урачыста, высакародна і загадкава, што на секунду Дыгары падумаў: дзядзька Эндру сапраўды сказаў нешта слушнае. Але потым хлопец узгадаў агідны выраз на дзядзькавым твары за імгненне да таго, як знікла Полі, і адразу зразумеў, што хавалася за пафаснымі словамі. “Гэта азначае, — сказаў Дыгары сам сабе, — што ён думае, нібыта яму дазволена рабіць усё, каб атрымаць, што ён хоча”.