Меркурый, які спаўняў абавязкі паштара, панёс весць на зямлю. І плебейцы атрымалі правы людскія і цывільныя. А ўсё гэта сталася вынікам неперасцерагання правоў бажкамі, залётнасцю Венеры і праз папусціцельства Юпітэра, — тлумачылі святары.
Меркурый, бог купецтва і прамысловасці, носіць світу нараспашку, служыць усім, хто плаціць: багом і людзям, небу і зямлі. Апякуецца злодзеямі і ашуканцамі. Пад яго апекай вырастае новая арыстакратыя — грашовая. У рады яе ўходзяць усе, кім апякуецца Меркурый. І на правы для гэтага стану багі, ад імені сваіх кліентаў, патрыцыяў, павінны былі згадзіцца.
Нягледзя на тое, што даўно па-свойму рашыў Юпітэр зямельнае права, права гэта да сягоння несправядлівае. І будзе датуль актуальным, пакуль кожны народ не станецца гаспадаром у сваім краі, пакуль кожны, хто палівае сваім потам загон, не будзе праўным, прызнаным і ўсвячоным правам яго валадаром.
Гэты ж час ужо недалёк!
У гэты момант, калі, скончыўшы гутарку, прымоўк Іван Іванавіч, а я аддаўся размышлянню, нас акружыла маўклівая ціш, скрозь каторую знекуль стаў даходзіць да вуха ціхі харальны спеў. Спярша гэты спеў быў такі ціхі, што зліваўся з тутненнем сэрца і крыві ў жылах. Але ў меру таго, як я, натужаючы свой слых, услухаўся, ён усё рос і ўрэшце набіраў штораз больш выразістасці. Калі спеў гэтых многіх галасоў стаў набліжацца, я пытаюча глянуў на Івана Іванавіча.
— Гэта пяюць нашыя старцы, — сказаў ён спакойна.
— Як! Дык хіба ж гэты падзямеллі заселены людзьмі? — здзівіўся я.
— Так. Жыццё ў гэтых падзямеллях ідзе старое, даўняе. Вам жа хіба прыходзілася чуваць ад народа дый чытаць у так званай этнаграфічнай літаратуры аб праваліўшыхся гарадах, цэрквах, манастырах. Хіба ж вы не чулі аб невідомым горадзе Багоцку, во тут, каля Полацка? Другі такі горад, што каля Гомеля, апісаў расейскі пісьменнік пад найменнем Кіцежа. На землях, якія ў апошнія часы ў дакрывіцкую эпоху засялялі готы, гэткія гарады існуюць...
Я здзіўлена ўзіраўся на Івана Іванавіча і сам не ведаў, што аб усім гэтым судзіць, гэтак было ўсё, чутае і бачанае, незвычайным для майго разумення, што я павёў рукой сабе па абліччы, каб пераканацца, ці ўсё гэта не галюцынацыя, не сон... Але чоў мой мяне не ашукваў...
Іван Іванавіч пры гэтым устаў і, адчыніўшы дзверы ў сцяне, павёў мяне доўгім і шырокім праходам, аж урэшце мы апынуліся ў вялікай і светлай салі. Не было там ні свечак, ні лямпаў, святло як быццам само сабой стаяла ў салі. Сцены былі запоўнены ўсякімі кнігамі і звіткамі рукапісаў. Падышоўшы да адной з паліц, Іван Іванавіч зняў пергамінны рукапіс, кажучы:
— Во гэта сведчанне падарожнага, які бываў у нашым краю за некалькі сот лет да арабскага пісьменніка Масудзі, які яго сведчанне асобным раздзелам (Маруджа, 62) са старых кніг упісаў у свае кнігі. Тут мова аб гарадах і святынях славянскіх. Руін гэтых гарадоў і святынь цяперашняя археалогія не знаходзіць на зямельнай паверхні, бо яны дзіўнай умеласцю старабытных нашых інжынераў апушчаны ў глыб зямлі, як вось і гэта наша святыня, у часці будынкаў якой мы цяпер з вамі знаходзімся. У гэтай кнізе вось што аб ёй напісана:
«З гэтых святынь адна пабудавана на гары, гэта дзіва свету, а як кажуць знаўцы, прыклад архітэктуры і распарадкавання разнаякага камення, ужытага да гэтай будоўлі. Сабраны там дарагія каменні невыказанай цэннасці, а такжа знакі, паказуючыя будучыню».
— Усё, што тут напісана, — шчырая праўда! — казаў Іван Іванавіч, складаючы кнігу. — Цяпер жа я пайду на момант да нашых старцаў, а Вы агледзьце радчайшую ў свеце бібліятэку.
— Прашу вас, скажыце, хто гэта такія старцы і як яны жывуць тут?