– Памыляешся, стары, – адказаў доктар і махнуў рукою. – Каханне – рэч звычайная для прыроды, нават, калі хочаш, для Бога. А вашая бязглуздая цывілізацыя, заснаваная на рымскіх прынцыпах, даўно ўжо мёртвых і закапаных, а таксама на каталіцызме, на трубадурах, на аскетызме, на каставасці ды падобных глупствах, з натуральнага пачуцця зрабіла… ведаеш што?.. зрабіла нервовую хваробу!.. Вашае нібы каханне рыцарска-касцельна-рамантычнае, насамрэч, з’яўляецца паскудным гандлем, заснаваным на падамне, якое справядліва караецца пажыццёвымі галерамі пад назваю шлюб… Бяда, аднак, таму, хто на падобны кірмаш прыносіць сэрца… Колькі гэта забірае часу, высілкаў, здольнасцяў, авой! нават жыцця… Мне гэта добра вядома, – працягваў ён, задыхаючыся ад гневу, – бо хоць я і жыд, і застануся ім да канца жыцця, але выхоўваўся я, аднак, сярод вашых, нават заручаны быў з хрысціянкаю… Ну, і гэтак нам паспрыялі ў нашых намерах, гэтак чула апекаваліся намі ў імя рэлігіі, маральнасці, традыцыі і ўжо не ведаю нават чаго, што яна памерла, а я спрабаваў атруціцца… Я, гэтакі мудры ды лысы!..

Ён зноў спыніўся пасярод ходніка.

– Павер мне, Ігнацы, – скончыў ён хрыпла, – нават сярод звяроў не знойдзеш такога паганага гатунку, як людзі. Ва ўсёй прыродзе самец належыць той саміцы, якой ён падабаецца і якая яму падабаецца. Сярод быдла няма ідыётаў. А ў нас? Я жыд, дык мне нельга кахаць хрысціянку… Ён купец, дык не мае права на дачку графа… А ты, як не маеш грошай, дык увогуле не маеш права ні на адну кабету… Подлая ваша цывілізацыя!.. Лепш было мне загінуць, але прывалены яе друзам…

Мы ўсё яшчэ ішлі ў бок рагатак161. Падняўся вільготны вецер і ўжо некалькі хвілін дзьмуў нам проста ў твар, на захадзе збіраліся хмары, якія закрывалі зоркі. Ліхтарні трапляліся ўсё радзей. Зрэдчас па Алеі туркатала брычка і абдавала нас нябачным пылам, познія мінакі беглі дадому.

“Будзе дождж!.. Стах ужо недзе каля Градзіска,” – падумаў я.

Доктар нізка насунуў капялюш ды злосна маўчаў. Мне рабілася ўсё больш маркотна, можа, з-за таго, што хутка цямнела. Я б нікому і ніколі гэтага не сказаў, але мне часам прыходзіла думка, што Стах… сапраўды, ужо і думаць не думае пра палітыку, бо з галавою патануў ў фалдах сукенкі тае панны. Здаецца, я нават казаў яму нешта падобнае, і ягоны адказ не зменшыў маіх падазрэнняў.

– Хіба гэта магчыма, – пачаў я, – каб Вакульскі зусім забыў пра грамадскія справы, пра палітыку, пра Еўропу…

– З Партугаліяй, – дадаў доктар.

Гэткі цынізм абурыў мяне.

– Пан кпіць, – сказаў я. – Але хіба можна запярэчыць, што Стах мог стацца нечым большым, чым няшчасны закаханы ў панну Ленцкую. Ён быў грамадскі дзеяч, а не нейкі там нягеглы ўздыхальнік…

– Мае пан рацыю, – згадзіўся доктар, – але што з таго? Паравая махіна, прынамсі, не млынок на каву, гэта вялікая махіна. Але варта заржавець у ёй аднаму малому колку, і яна ператвараецца ў непатрэбную старызну, нават небяспечную. Вось і ў Вакульскім ёсць падобнае кола, якое ржавее і псуецца…

Вецер усё мацнеў. Мне запарушыла пяском вочы.

– І адкуль на яго гэта навала? – азваўся я. (Але нядбалым тонам, каб Шуман не падумаў, што я хачу нешта выпытаць.)

– Тут і характар Стаха, і створаныя цывілізацыяй нормы,  – адказаў доктар.

– Характар?.. Ніколі не быў ён падкі на каханне.

– Таму і прапаў, – працягваў Шуман. – Цэнтнеры снегу, падзеленыя на сняжынкі, толькі запарушыць зямлю і не пашкодзяць ніводнае травінкі. Але цэнтнеры снегу, збітага ў лавіну, разбураюць жытло і забіваюць людзей. Каб Вакульскі кожны тыдзень кахаў іншую, дык быў бы падобны да пончыка, меў вольныя думкі і шмат карыснага мог зрабіць на свеце. Але ён, як скнара, збіраў капітал пачуццяў, ну і бачым вынік гэтае ашчаднасці. Каханне тады прыгожае, калі мае лёгкасць матылька, а калі пасля доўгае летаргіі яно абудзіцца, як тыгр, дык барані Божа ад гэткае пацехі! Адна справа добры апетыт, а зусім іншая – калі кішкі марш іграюць…

Хмараў усё большала, мы павярнулі назад ужо амаль ад самых рагатак. Я падумаў, што Стах мусіць быць каля Руды Гузоўскае.

А доктар правіў сваё, усё больш хвалюючыся, усё мацней махаючы кіем:

– Ёсць гігіена жытла і адзення, гігіена харчавання і працы, якой не прытрымліваюцца ніжэйшыя класы, і ў гэтым прычына павышанай смяротнасці, прычына кароткага жыцця і выраджэння. Але ёсць таксама і гігіена кахання, якой не толькі не прытрымліваюцца, а, наадварот, якую гвалцяць адукаваныя класы, і гэта з’яўляецца адной з прычын іх заняпаду. Гігіена патрабуе: “Еж тады, калі хочацца!”, але насуперак гэтаму безліч правілаў хапае нас за полы з віскатам: “Нельга!.. Будзеш есці тады, калі мы табе дазволім, калі выканаеш такія і такія ўмовы, вызначаныя маральнасцю, традыцыямі, модаю…” Трэба прызнаць, што тут найбольш адсталыя грамадствы апярэдзілі самыя прагрэсіўныя, а хутчэй, іх адукаваныя класы.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги