– Будзь спакойны. Знойдуцца тут інжынеры і чыгуначныя, і марскія, і вайсковыя… Мне цяпер не яны важныя, а чалавек, які б гаварыў за мяне і для мяне. Зрэшты, кажу я табе, калі спусцімся ўніз, няхай будзе ў цябе па дзве пары вачэй і вушэй, але як выйдзем адтуль, няхай не застанецца ў цябе нават памяці. Ты гэта можаш, Станіславе Пятровіч, а пра іншае не пытайся. Я зараблю дзесяць працэнтаў, табе дам дзесяць працэнтаў свайго заробку, і справа скончаная. А на што, каму і супраць каго – не пытайся.
Вакульскі маўчаў.
– А чацвёртай прыйдуць да мяне амерыканскія і французскія фабрыканты. Можаш спусціцца? – запытаўся Сузін.
– Добра.
– А цяпер пройдзешся па горадзе?
– Не. Цяпер пайду пасплю.
– Ну і добра. Хадзем у твой нумар.
Яны выйшлі з нумара Сузіна і крыху далей зайшлі ў такі самы пакой. Вакульскі кінуўся на ложак, Сузін выйшаў на дыбачках і зачыніў дзверы.
Калі Сузін выйшаў, Вакульскі прыкрыў вочы і стараўся заснуць. Можа, не так заснуць, як адагнаць ад сябе нейкую надакучлівую думку, ад якой ён уцёк з Варшавы. Нейкі час яму здавалася, што яе няма, што яна засталася там, што шукае яго, заклапочаная, туляючыся паміж Кракаўскім прадмесцем і алеяй Уяздоўскаю.
“Дзе ён?.. Дзе ён?..” – шаптала здань.
“А калі яна пагоніцца за мною?.. – задаўся пытаннем Вакульскі. – Ну ўжо тут, хіба, не знойдзе мяне. У такім вялікім горадзе, у такім аграмадным гатэлі…”
“А можа, яна ўжо шукае мяне?..” – падумаў ён.
Ён заплюшчыў вочы мацней і пачаў гайдацца на ложку, які здаўся яму надзвычай шырокім, а матрац вельмі спружыністым. Вакол было два шумы. За дзвярыма, на калідоры гатэля, людзі гаманілі і бегалі, нібы там нешта здарылася, а за акном, на вуліцы, не змаўкаў невыразны шум, які складаўся з туркатання шматлікіх калясак, званкоў, людскіх галасоў, гучання труб, стрэлаў і Бог ведае чаго яшчэ – усё прыглушана і здалёк.
Потым здалося яму, што нейкі цень зазірае ў вакно, а потым – што па доўгім калідоры нехта ходзіць ад дзвярэй да дзвярэй, стукаецца і пытае:
“Ці няма яго тут?..”
Сапраўды, нехта хадзіў і стукаў, нават пастукаўся яму ў дзверы, але не пачуў адказу і пайшоў далей.
“Не знойдзе мяне!.. Не знойдзе…” – думаў Вакульскі.
Потым ён расплюшчыў вочы, і валасы ў яго на галаве сталі дыбарам.
Насупраць ён убачыў гэткі ж самы пакой, як і той, у якім ён быў, гэткі ж самы ложак з балдахінам, а на ложку – сябе!.. Было гэта адно з самых моцных уражанняў, якія ён зведаў у жыцці, калі ўбачыў, што тут, дзе адчуваў сябе ў поўнай адзіноце, таварышуе яму неадступны сведка… ён сам!..
“Што за арыгінальны шпіянаж?.. – прамармытаў ён. – Недарэчныя люстраныя шафы”.
Ён ускочыў з ложка, ягоны двайнік ускочыў гэтак жа хутка. Ён пабег да акна – той таксама. Ліхаманкава ён адчыніў валізку, каб пераапрануцца, і той таксама пачаў пераапранацца, відавочна, з намерам выйсці ў горад.
Вакульскі адчуваў: трэба бегчы з гэтага пакоя. Здань, ад якой ён уцёк з Варшавы, была ўжо тут і стаяла за рагом. Ён памыўся, надзеў чыстую бялізну, апрануўся. Была яшчэ толькі палова на першую.
“Тры з паловаю гадзіны! – падумаў ён. – Нечым трэба заняцца…”
Не паспеў адчыніць дзверы, як адразу з’явіўся слуга:
–
Вакульскі загадаў правесці яго да лесвіцы, даў яму франк і збег з чацвёртага паверху ўніз, як чалавек, за якім гоняцца.
Ён выйшаў праз браму і затрымаўся на ходніку. Вуліца была шырокая, абсаджаная дрэвамі. За адну хвіліну пралятае паўз яго не менш за шэсць калясак і жоўты омнібус, поўны пасажыраў, якія – і ў сярэдзіне, і на даху. Направа, дзесьці вельмі далёка, відно пляц, налева, уздоўж сцяны гатэля, вузкая
Вакульскі ідзе налева і за рагом таго самага гатэля бачыць другую
Вакульскі стаіць сярод пляца, з якога разыходзіцца сем вуліц. Ён лічыць раз і другі – сем вуліц… Куды ісці?.. Хіба, у той бок, дзе дрэвы… Якраз дзве папярочныя вуліцы абсаджаныя дрэвамі.
“Пайду ўздоўж сцяны гатэля,” – думае Вакульскі.
Ён робіць паўабарота налева і спыняецца ўражаны.
Крыху далей відаць нейкі вялізны гмах.