Паміж хвоямі час ад часу мільгаў чырвоны шалік пані Вансоўскае або белая накідка панны Эвеліны. У адным месцы дарога раздвойвалася, і Вакульскі хацеў збочыць, але панна Ізабэла стрымала яго:

– Не, не, – сказала яна, – туды мы не пойдзем, бо страцім з вачэй усю кампанію, а для мяне лес толькі тады прыгожы, калі я бачу ў ім людзей. Тады я разумею яго… Няхай пан зірне… Праўда, гэта частка падобная на вялізны касцёл?.. Гэты шэраг хвояў – калоны, там – бакавы неф, а тут – вялікі алтар. Бачыць пан, бачыць?.. Вось засвяціла сонца з-за галінаў, як у гатычным акне. Якая разнастайнасць! Тут мае пан дамскі будуар, а гэтыя нізкія кусцікі – гэта зэдлікі. Нават люстра ёсць, якое засталося пасля нядаўняга дажджу… А тут вуліца, праўда?.. Крыху крывая, але вуліца… А там ужо рынак або пляц… Ці бачыць пан усё гэта?

– Бачу, калі мне пані паказвае, – з усмешкаю адказаў Вакульскі. – Трэба, аднак, мець вельмі паэтычную фантазію, каб заўважыць гэтае падабенства.

– Праўда?.. А я заўсёды думала, што я празаічная…

– Можа, пані яшчэ не мела магчымасці адкрыць усе свае таленты, – адказаў Вакульскі, незадаволены набліжэннем панны Феліцыі.

– Што гэта? Панства не збірае рыжыкі? – здзівілася панна Феліцыя. – Цудоўныя рыжыкі, іх гэтак шмат, што нам не хопіць кошыкаў і давядзецца сыпаць проста ў брычку. Даць табе, Бэля, кошык?..

– Дзякуй, не!

– А пану?

– Не ведаю, ці здолеў бы я адрозніць рыжык ад мухамора?

– Цудоўна! – закрычала панна Фэля. – Не спадзявалася я ад пана гэткага адказу… Усё скажу бабулі і папрашу, каб не дазволіла есці рыжыкі, прынамсі, тыя, што я назбірала.

Яна кіўнула галавою і адышла.

– Абразіў пан Феліцыю, – сказала панна Ізабэла. – Гэта нядобра… Яна да пана гэткая спагадлівая.

– Панне Феліцыі падабаецца збіраць рыжыкі, а мне цікавей слухаць лекцыю пані пра лес.

– Мяне гэта вельмі цешыць, – адказала злёгку зачырванелая панна Ізабэла, – але я ўпэўненая, што хутка надакучыць пану мая лекцыя. Бо для мяне не заўсёды лес прыгожы, часам ён здаецца мне жахлівым. Каб я тут апынулася адна – дакладна, не бачыла б ані вуліц, ані касцёлаў, ані будуараў. Адну мяне лес палохае. Ён перастае быць дэкарацыяй, а пачынае быць нечым такім, чаго я не разумею і чаго баюся. Галасы птушак нейкія дзікія, часам падобныя да раптоўнага балеснага крыку, а часам да рогату, нібыта я насмелілася прыйсці да монстраў. Тады кожнае дрэва падаецца мне жывою істотаю, якая хоча схапіць мяне сваімі галінамі і задушыць, кожная зёлка здрадліва стараецца аплесці мне ногі, каб ужо не выпусціць… А ва ўсім вінаваты кузін Ахоцкі, які тлумачыў мне, што прырода створаная не для чалавека… Паводле ягонай тэорыі, усё кругом жывое і ўсё жыве дзеля сябе…

– Ён мае рацыю, – ціха прамовіў Вакульскі.

– Як? Дык і пан у гэта верыць? Дык, паводле пана, гэты лес не прызначаны на карысць людзям, а мае нейкі свой уласны інтарэс, не горшы за наш?..

– Я бачыў пушчы, у якіх чалавек не з’яўляўся гадамі, аднак яны буялі…

– Ах, няхай пан гэтак не кажа!.. Гэта прыніжэнне чалавечае вартасці, неадпаведнае нават Святому Пісанню. Бог жа аддаў людзям зямлю, каб яны на ёй жылі, а расліны і жывёл – на спажыванне…

– Карацей кажучы, паводле пані, прырода павінна служыць людзям, а людзі – класам прывілеяваным і тытулаваным?.. Не, пані. І прырода, і людзі жывуць сваім жыццём, і толькі тыя маюць права валодаць імі, хто мае больш сілы і больш працуе. Сіла і праца з’яўляюцца адзінымі прывілеямі на свеце. Часта бывае, што тысячагадовыя, але спарахнелыя дрэвы падаюць пад сякерамі каланістаў, але, нягледзячы на гэта, у прыродзе не здараецца ніякага перавароту. Сіла і праца, пані. Не тытул і не паходжанне…

Панна Ізабэла была незадаволеная.

– Тут пан можа мне гаварыць, што хоча, – сказала яна. – Тут я паверу ва ўсё, бо навокал бачу толькі панскіх хаўруснікаў.

– Ці яны ніколі не стануць хаўруснікамі пані?!

– Не ведаю… можа… Я гэтак часта цяпер чую пра іх, што некалі здолею паверыць у іх сілу.

Яны выйшлі на паляну перад пагоркам, парослым крывымі хвоямі. Пана Ізабэла села на пень ссечанага дрэва, а Вакульскі – непадалёк ад яе на зямлю.

У гэты момант на ўскрайку паляны з’явілася пані Вансоўская са Старскім.

– Ці не хочаш, Бэля, – закрычала яна, – узяць сабе гэтага кавалера?

– Пратэстую! – азваўся Старскі. – Панна Ізабэла цалкам задаволеная сваім таварышам, а я – сваёй таварышкай…

– Гэта так, Бэля?

– Так, так! – закрычаў Старскі.

– Няхай будзе так… – паўтарыла панна Ізабэла, гледзячы ў зямлю і нешта крэслячы парасонам.

Пані Вансоўская і Старскі зніклі на ўзгорку, панна Ізабэла ўсё больш нецярпліва круціла парасонам. У Вакульскага кроў пульсавала ў скронях, як звон. Маўчанне ўжо зацягнулася, першая азвалася панна Ізабэла:

– Амаль год таму былі мы ў гэтым месцы ў верасні на маёўцы… Было каля трыццаці чалавек з суседства… Вось там палілі вогнішча…

– Пані было весялей, чым сёння?

– Не. Я сядзела на гэтым самым пні, і было мне неяк сумна… Нечага мне бракавала… І, што са мною вельмі рэдка здараецца, думала: што ж будзе праз год?..

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги