– Што ж гэта ты, – ціха сказаў яму адзін з калегаў, – замест ісці з намі на чужыну, хацеў на неба ўцячы?.. Гэй! Кац, венгерскую пяхоту не спалохаеш, і трымае яна слова, якое дала нават… швабам…

Упяцёх аддзяліліся мы ад рэшты войска, паламалі шпагі, пераапрануліся як сяляне і, схаваўшы пад адзеннем пісталеты, павандравалі ў бок Турцыі. Па нашых слядах ішла зграя Гайнава!..102

Наша вандроўка па лясах і бездарожжы доўжылася каля трох тыдняў. Пад нагамі гразь, галаву палівае восеньскі дождж, ззаду патрулі, а перад намі вечнае выгнанне – вось такія былі нашы спадарожнікі. Але, нягледзячы на гэта, не гублялі мы добрага гумору.

Шапары безупынку малоў языком пра тое, што Кошут103 яшчэ нешта прыдумае, Штэйн быў упэўнены, што заступіцца за нас Турцыя, Ліптак марыў пра начлег ды гарачую страву, а я казаў, што ўжо хто-хто, а Напалеон нас не пакіне. Ад дажджу наша вопратка набрыняла, валакліся мы ў гразі па калена, падэшвы паадставалі, у ботах плюхала, мясцовыя баяліся прадаць нам збанок малака, а сяляне ў адной вёсцы пагналіся за намі з віламі ды косамі. Але настрою нам гэта не сапсавала, і Ліптак, што бег поруч са мною, аж гразь пырскала ва ўсе бакі, казаў засопшыся:

Eljen Magyar!..104 Але ж добра спаць будзем… Каб яшчэ кілішак слівовіцы ў ложак!..

У гэтым вясёлым таварыстве абадранцаў, якіх нават вароны баяліся, толькі Кац быў пахмурны. Ён часцей за іншых адпачываў і неяк хутчэй за ўсіх марнеў: вусны ў яго спякліся, а вочы блішчалі.

– Баюся, каб не пачалася ў яго гнілая гарачка, – сказаў мне аднаго разу Шапары.

Непадалёк ад ракі Савы, не ведаю ўжо на які дзень нашае вандроўкі, натрапілі мы ў бязлюднай мясцовасці на некалькі хат, дзе нас вельмі гасцінна прынялі. Ужо сцямнела, былі мы страшэнна стомленыя, але пры печы ды з бутэлькаю слівовіцы ўсе павесялелі.

– Прысягаю, – крычаў Шапары, – што не пазней, чым у сакавіку Кошут пакліча нас у шэрагі. Бязглуздзіцаю было ламаць нам шпагі…

– Можа, яшчэ ў снежні турэцкае войска рушыць, – дадаў Штэйн. – Хоць бы акрыяць да таго часу…

– Мае вы каханыя!.. – енчыў Ліптак, які зашыўся ў гарохавінне, – кладзіцеся, ліха вас вазьмі, спаць, бо іначай ані Кошут, ані турак нас не дабудзіцца.

– Пэўна, не дабудзіцца! – прамармытаў Кац.

Ён сядзеў на лаве насупраць печы і маркотна глядзеў на агонь.

– Ты, Кац, хутка і ў справядлівасць Божую перастанеш верыць, – азваўся спахмурнелы Шапары.

– Няма справядлівасці для тых, хто не здолеў загінуць са зброяй у руках! – крыкнуў Кац. – Дурні вы і я разам з вамі… Турак ці француз падставіць за вас свой карак?.. Чаму ж вы самі не здолелі яго падставіць?..

– У яго гарачка, – прашаптаў Штэйн. – Наробіць нам клопату ў дарозе…

– Венгрыя!.. Няма ўжо Венгрыі! – мармытаў Кац. – Роўнасць… ніколі не было роўнасці!.. Справядлівасць… ніколі яе не будзе… Свіння гразі знойдзе, а тут чалавек!.. Не, пане Мінцаль, не буду я ўжо ў цябе кроіць мыла…

Я вырашыў, што Кац цяжка хворы. Падышоў да яго і, цягнучы на гарохавінне, угаворваў:

– Хадзі, Аўгусце, хадзі…

– Куды ж мне ісці?.. – адказаў ён і на хвіліну нібы апрытомнеў.

А потым дадаў:

– З Венгрыі мяне выгналі, а да швабаў не зацягнеш…

Але ён паклаўся ў наш бярлог. Агонь у печы згасаў. Мы дапілі гарэлку і палеглі ўсе ў шэраг з пісталетамі ў руках. У шчылінах хаты енчыў вецер, нібы ўся Венгрыя плакала, а нас змарыў сон. Сніў я сябе малым хлапчуком, і што надышлі Каляды… На стале стаіць ялінка з запаленымі свечкамі, убраная гэтак жа ўбога, якімі мы самі былі ўбогімі, а побач – мой бацька, цётка, пан Рачак і пан Даманьскі, усе спяваюць фальшывымі галасамі калядкі.

Бог нараджаецца, зло адступае…

Прачнуўся я са слязьмі аб сваім дзяцінстве. Нехта торгаў мяне за плячо.

Быў гэта селянін, гаспадар хаты. Ён цягнуў мяне з гарохавіння, паказваў на Каца ды спалохана казаў:

– Зірніце, а? Пане ваяк… Нешта з ім кепскае здарылася…

Я схапіў з прыпечка лучыну і пасвяціў. Зірнуў. Кац ляжаў у нашым берлагу скурчаны, з выстраленым пісталетам у руцэ. Замігацела ў мяне перад вачыма, і, відаць, я самлеў.

Апрытомнеў я на возе, якім якраз пад’язджалі мы да Савы. Ужо днела, неба выпагадзілася, ад ракі цягнула вільгаццю. Я працёр вочы, палічыў… Было нас на возе чацвёра і пяты фурман. Але ж мусіла быць пяцёра. Не! Мусіла быць шасцёра!.. Шукаў я Каца і не бачыў яго. Не пытаўся нічога, роспач так сціснула мне горла, што думаў, задушыць. Ліптак драмаў, Штэйн выціраў вочы, а Шапары глядзеў у бок і насвістваў Ракочы, хоць амаль і не трапляў у лад.

Гэй, браце Кац, што ж ты нарабіў?.. Часам мне здаецца, што знайшоў ты там, на небе, і венгерскую пяхоту, і свой выбіты плутон… Бывае, што чую я бой барабанаў, хуткі рытм маршу і каманду: “Зброю на плячо!..” І думаю я тады, што гэта ты, Кац, ідзеш на змену варты перад Божым тронам… Бо кепскім быў бы той Пан Бог венгерскі, каб не зразумеў ён цябе!

…Але ж і разбалбатаўся я, даруй Божа!.. Думаў пра Вакульскага, а пішу пра сябе ды пра Каца. Дык вяртаюся да тэмы.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги