Встань, козаче, ти проснися, На Вкраїну подивися, Вже сідельця твої згнили, I стремені вже потліли, Орли очі повиймали, А татари шаблю взяли.

Ціхі ўздых. Захліпала Лізка. Ціха-ціха. Я кінуў позірк на Нонку і ўбачыў, што і ў яе вочы поўныя слёз. Прысунуўся, сціснуў яе локцік.

Візьми, мати, піску жменю, Посій його на каменю: Коли ж отой пісок взійде, Тоді твій син з війська прийде.

Мы і далей маўчалі. А пасля Багдан раптам уздыхнуў.

- А што вы думаеце, могуць жа і нас забіць вось так. Здра.

- Кінь вярзці, - сказаў Ролік. - Хто не калоціцца, хто да канца трымаецца, той выжывае.

I тут Багдан раптам заспяваў. Я ніколі не чуў раней ягонага голасу і зараз быў узрушаны і ўражаны. Ніколі не думаў, што ў яго можа быць такі амаль ужо дарослы, моцны, неймавернай гожасці тэнар. Не такі, якім спяваюць па радыё ў операх закаханыя, а такі... ну, моцны і мужны. Я ніколі не думаў, што ён можа так:

Умер, умер наш полковник, ще й тихая мова. Зостається кінь вороний, золотая зброя; Зостається кінь вороний, зброя золотая; Зостаються дітки малі, жінка молодая.

Нечакана падхапіла Лізка, і я таксама здзівіўся: нібы заплакалі, зазванілі нябесныя званы. I Нонка пачала тураваць, і ў яе быў някепскі глыбокі голас. Але ўсё адно, як яны ні спявалі, нават тая ж Лізка - голас Багданаў уладарыў над імі, таму што яго проста ні з чым нельга было параўнаць нават на гэтай зямлі, так багатай галасамі.

Ён, здаецца, напаўняў усё пад скляпеннем неба - я толькі дзівіўся, што, гаворачы, ён нібыта басам бурчыць, а тут так спявае:

Зостаються дітки малі з жінкой молодою. Беруть коня осавули, товариство - зброю; Коня ведуть, зброю несуть, кінь голівку клонить, Молодая полковниха білі руки ломить.

Калі ён скончыў, мы яшчэ некалькі хвілін ішлі як прыбітыя. Ледзь ачомаліся.

- Н-так, - сказаў Ролік. - Вось гэта дык так. Ты чаго гэта раней не спяваў?

- Та-а, - засаромеўся Багдан, - я для сябе спяваю. У плаўнях недзе ці ў лесе. Калі адзін. I чаго гэта мяне сёння так разабрала - сам не ведаю.

Урэшце мы мінулі і Спас-на-Берастове і Выдубецкі манастыр. А Карл усё яшчэ бурчаў:

- Дурань, з такім голасам яму на кулі лезці, ёлуп. Гэта ж ён не твой толькі. Усіхні. Проста хоць ідзі ды на ўсіх нас у міліцыю заяўляй.

Плаўні адкрыліся вачам нечакана, калі.сонца было ўжо ледзь не ў зеніце. А над іхняй зеленню і блакітам, штопраўда, досыць далёка і ад ракі, і ад пабітай ямамі і байракамі дарогі падымаўся нібы брудна-жоўты лес ці нейкі незвычайны замак: піраміды, шпілі, кубы, званіцы. I ўсё гэта перасечанае глыбокімі, вельмі вузкімі ярамі-шчылінамі. За гэтым горадам пачыналася ўрвішча, таксама пасечанае ярамі. I ясна было, мяркуючы па роўнай паверхні ўсіх шпіляў і пірамід, што калісь «горад» быў часткай плато, але людзі бралі гэты слабы пясчанік, праўдзівей, ледзь сцэментаваны пясок. Размывала яго вада, выветрываў вецер. I вось атрымаўся горад, або «слупы», як зваў гэта месца Раланд.

- Людзей няма, - сказаў Дзмітрэнка. - Гэта добра. Толькі унь там, нешта ў палове кіламетра, дарожныя рабочыя. Ну, гэта далёка, не перашкодзяць.

Адзін яр быў асабліва глыбокі і вузкі, з роўнымі стромымі сценкамі. У гэтых сценках яра і ў «абелісках», што тырчалі пасярод яго, там і сям былі відаць пячоры, досыць глыбокія, часам накіраваныя ўніз, углыб. Пэўна, людзі калісь, яшчэ да вайны, здабывалі тут пясок.

Яр быў метры чатыры ў шырыню, метраў пятнаццаць- дваццаць глыбінёю, а ў даўжыню цягнуўся метраў на шэсцьдзесят. Жаўтавата-рыжыя сценкі і палоска блакіту ўверсе. Там, дзе яр канчаўся, сыходзячыся на клін, высачэў над ім на плато пахілы стары каштан, які - невядома як, на чым і нашто - вырас тут. Пахілы, з часткова аголенымі карэннямі, ён, хто яго ведае з чаго, смактаў сокі, каб выгнаць такі ствол, сукі, галіны і залатое лісце, што свяцілася дзіўнай пяшчотнасці блакітам. За імі былі высокія пясчаныя наносы, амаль дзюны.

- А што, як пясок папаўзе? - спытала Лізка,

- Дурнічка, - сказаў Ролік, - ты глядзі, каштан жа яго трымае. Ён не пусціць. Гэтым купам травець і травець... Вось глядзіце, што я тут заначыў.

Ён пачаў адграбаць у адным месцы пясок. Хутка ў сцяне зазеўрала вусце пячоры. Хлопец улез туды з галавою. Ногі ў яго заторгаліся. Нешта цягнуў.

- Хлопцы, - сказаў я. - Трымайце яго за ногі. I някепска б нейкую дошку, каб трымаць тое, што над ім. Хоць на чвэрць хвіліны і тое...

- Глупства, - як з бочкі сказаў голас з пячоры.

Дзмітрэнка выпаўз адтуль і вывалак нешта вялікае, загорнутае ў нямецкі брызент. Разгарнуў.

- Н-на, - сказаў Багдан. - Як выславіўся б Жэнька: «вуаля».

Перейти на страницу:

Похожие книги