— Што казаць? Планак у яго не было. Я іх не бачыў. Малодшы лейтэнант кідае беглыя позіркі на іншых і спыняецца вачыма на Ігару.

— А вы што скажаце?

— Я далучаюся да таварыша. На жаль, не ведаю прозвішча.

— Так. Значыць, не прызнаяцеся. Тады будзем пісаць. Ён разгортвае на стале канцылярскую кнігу. З кішэні кіцеля дастае аўтаручку.

— Та-ак! Пішам. Па парадку. Вас першым. Прозвішча, імя, імя па бацьку.

— Васілевіч Леанід Іванавіч.

— Год нараджэння?

– Іысяча дзевяцьсот дваццаць чацверты.

Ручка яго, аднак, не хоча пісаць, драпае паперу, і малодшы лейтэнант страсае яе ўбок. На чырвоным, заляпаным чарнілам абрусе з’яўляецца новая пляма.

— От, чорт! Далей?

— Кавалевіч Ігар Пятровіч. Тысяча дзевяцьсот трыццаць чацвёрты.

— Так. Далей.

— Цяслюк Віктар Сямёнавіч. Трыццаць восьмага.

Ручка ў афіцэра зноў драпае, і ён, павярнуўшыся, рэзка страсае яе ў гэты раз на падлогу.

— Цяслюк. Далей.

— Фогель Эрна Дзмітрыеўна. Тысяча дзевяцьсот сорак другога.

Малодшы лейтэнант узнімае твар.

— А вы што — сведка?

— Яна ні пры чым, — аб’яўляе Гарбацюк і з зацятым выразам закладвае рукі за спіну.

— Не. Я пры чым. Пішыце і мяне.

Гаспадар пакоя з недаверам пытаецца ў Гарбацюка:

— Яна, значыць, не абражала вас?

— Не. Яна не.

Малодшы лейтэнант вагаецца, і Эрна з раптоўнай рашучасцю ў вачах падскоквае да стала.

— Пішыце, пішыце! Я яшчэ абражу.

Малодшы лейтэнант амаль збянтэжана знізу ўгору глядзіць на яе. У чорных вачах дзяўчыны бунт і рашучасць. Афіцэр, не адрываючы ад яе позірку, вяла страсае ручку.

— Фогель?..

— Фогель Эрна Дзмітрыеўна. Тысяча дзевяцьсот сорак другога года нараджэння. Запісалі? А цяпер я скажу.

Вёртка крутнуўшыся ад стала на сваіх востранькіх шпільках, яна апынаецца тварам у твар да Гарбацюка.

— Вы, нягоднік! Чуеце! Нягоднік і правакатар!

Ігар падаецца да дзяўчыны, хапае яе за руку.

— Эрна!

— Эрна, ды кінь ты! — з другога боку да яе падыходзіць Цяслюк.

Ігар ставіць яе з сабой побач. Жывы, рэзка акрэслены твар дзяўчыны гарыць ад абурэння.

— А я не баюся! Ваша шчасце, што іх у вас не было. Я б іх сама сарвала. Вы іх няварты. Вы правакатар!

— Вы чуеце? Вы чуеце, таварыш малодшы лейтэнант! Я прашу запісаць.

Малодшы лейтэнант ускоквае за сталом і, як утрапёны, глядзіць на дзяўчыну.

— Замаўчыце!

Эрна змаўкае, але ўся аж калоціцца ад узбуджэння.

Гарбацюк тыкае ў нас пальцам і крычыць афіцэру:

— Вы бачылі? Яны ўсе п’яныя. Прашу запісаць.

— Ану, вядзіце сябе прыстойна. Тут не рэстаран, — строга кажа малодшы лейтэнант.

Эрна марудна супакойваецца. Абхапіўшы за плечы, яе туліць да сябе Ігар. Я з усяе сілы стараюся стрымацца, каб выглядаць спакойным, хоць адчуваю — маёй вытрымкі хопіць ненадоўга.

Хмурачы рэдзенькія броўкі, стаіць малодшы лейтэнант, стаяць міліцыянеры ў парозе. Зацяўшы ў сабе прыкрасць і гнеў, моўчкі стаім мы. Адзін толькі Гарбацюк прыкметна ажыўляецца і ўсё памыкаецца да стала.

— Ось, бачыце! Ось, бачыце. Прамыя выпады! Так, так! Урадавыя ўзнагароды ёсць акт Савецкага ўрада. А яна што сказала? Я папрашу ўсё запісаць. Я не дарую. Я гэтыя ўзнагароды заслужыў у баях!

— Безумоўна! — парушае напружанае маўчанне афіцэр. — Ніхто не даў права зневажаць тое, што заслужана на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

З акамянеласцю, якая зусім не пасуе да яго маладога твару, ён сядае. Яшчэ раз кінуўшы позірк на Эрну, моцна страсае ручку.

— Ну, не ўсё, што блішчыць на грудзях, у баях заслужана, — кажа ў цішыні Цяслюк.

Гэты хлопец увесь час трымаецца неяк надзіва роўна і спакойна. На яго поўных сімпатычных вуснах, здаецца, пастаянна блукае дабрадушная ўсмешка. Нібы ўсё, што тут адбываецца, яго ніколечкі не датычыць.

Малодшы лейтэнант замірае з занесенай над паперай ручкай.

— Вы не мудрыце мне тут…

— А я не мудру, — ва ўвесь свой круглявы твар усміхаецца хлопец. — У мяне дзядзька — бацькаў брат — падпалкоўнік у адстаўцы. Усю вайну прасядзеў у Архангельску ў ваенным вучылішчы. Фронту і не нюхаў. А звольніўся — тры ордэны…

Малодшы лейтэнант недаверліва хмыкае.

— Раскажыце гэта каму-небудзь іншаму.

— Дарма не верыце, — кажу я. — Бывае і так.

— Бувае, — падтрымлівае мяне старшына.

Ён прысланяецца да сцяны і дастае з кішэні партсігар.

— Факт! — кажа Цяслюк. — За выслугу год і бездакорную службу.

Малодшы лейтэнант павяртаецца да старшыны.

— Прахарэнка, у цябе «Шыпка»? Дай-ка адну…

Ён раструшчвае канец цыгарэты і, нібы разважаючы аб нечым, усё аглядае нас. Мы ўсе ўставіліся ў яго. Цяпер ён — наш бог, уладар нашага лёсу. I мы адчуваем у ягонай нядаўняй настроенасці супраць нас шчарбінку.

Старшына Прахарэнка тым часам раскурвае цыгарэту і ссоўвае на вуха фуражку. Ягоны грубы, немалады твар кранае дабрадушная ўхмылка.

— У тыле іх більш давалы, чым на фронце, — з разважлівай дабрадушнасцю кажа ён.

Гарбацюк крута павяртаецца да старшыны.

— Гэта не сіаша справа…

— Чаму ж не наша? Наша.

— Калі не наша, то чыя ж? — кажу я з выклікам. — Гэта што, справядліва па-вашаму, калі ў тылавіка больш ордэнаў, чым у камандзіра палка?

Гарбацюк, гляджу, выклік прымае. Вочы яго загараюцца нядобрым агнём.

За сталом ускоквае малодшы лейтэнант.

— Спыніць гэтыя размовы! Спыніць зараз жа!

Перейти на страницу:

Похожие книги