Эльза. Да вас сястра Мануэла.

Лютэр (устрывожана). Мануэла?! Сама?!

З’яўляецца Мануэла. Эльза выходзіць.

Чаму сама? Хто дазволіў?

Мануэла. Вы ж самі сказалі, калі нешта незвычайнае здарыцца, самой прыбягаць. А толькі што нейкі дзівак забег — Нунцый якраз ліцвінаў дапытваў, — маністы падарыў, мімаходзь пацалаваў і збег. Я так і не зразумела, што яму трэба было.

Лютэр. Русінаў, кажаш, дапытваў? Цікава, як яны там?

Мануэла. Маўчаць, як каменныя. А Нунцый злы, як сабака. Учора суд скончыўся. Заўтра ноччу іх душыць будуць… I калі вы ўжо мяне да сябе возьмеце? Ад Нунцыя казлом нясе, дыхаць няма чым!

Лютэр. Прадыхаеш! Прыйдзе час — вазьму. А цяпер ідзі. Казёл прачнецца, а цябе няма пад бокам.

Мануэла выходзіць. Уваходзіць Эльза.

Эльза. I што толькі Нунцый знайшоў у гэтай лахудры!..

Лютэр (хмура). У кожнага нунцыя свой густ. (Прыхінуў да сябе Эльзу.)

<p>XIV</p>

Суд інквізіцыі.

Інквізітар (да суддзяў). Панове суддзі! Угаворы нашы словам Божым, як вы пераканаліся, не змаглі скіраваць ерэтыкоў да хрысціянскай набожнасці. Каб паршывыя авечкі не заразілі ўсё стада, каб спакуслівы прыклад не пашкодзіў усёй хрысціянскай абшчыне, каб нас не спасцігла кара і гнеў Божы, мы, па пільным абмеркаванні абставін, пераходзім да прыгавору. Прывядзіце другога падсуднага.

Пісар выходзіць і вяртаецца з Катам. З’яўляецца Нунцый.

Кат. Найшаноўнейшыя суддзі! Пасля таго як я заняўся ім, ён, здаецца, памірае.

Інквізітар. Тым больш ён павінен быць тут.

Стражнікі цягнуць ледзьве жывога Адверніка.

Нунцый (Скарыне). Вы ўсё-такі загубілі яго. А маглі выратавацца абодва. (Кваліфікатару.) Працягвайце!

Кваліфікатар (чытае). «Мы, пайменаваныя па міласэрнасці Божай асобаўпаўнаважанымі святым прастолам, прызваўшы імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і яго славутай Маці Дзевы Марыі, прыйшлі да наступнага прыгавору: асуджаем і аб’яўляем доктара Францыска, Скарыніна сына, русіна, і яго саўдзельніка, імя свайго не назваўшага, і якія не пакаяліся, настойлівымі, непахіснымі, упартымі і зацятымі ерэтыкамі. Мы адлучаем вас ад нашай святой веры і царквы, міласэрнасці і літасцівасці якой вы аказаліся недастойнымі. Мы перадаём вас свецкаму суду, каб ён пакараў вас належнай карай. Звыш таго загадваем, каб ад гэтага часу ўсе кнігі Францыска Скарыны, якія знаходзяцца ў святой службе і ў будучым трапяць у яе рукі, былі б унесены ў спіс забароненых кніг, публічна разарваны і спалены на плошчы. Ды будзе так, як мы сцвердзілі».

Нунцый. Амін.

Суддзі выходзяць.

Скарына. Ты праклінаеш мяне, Юрый?

Адвернік. З чаго ты ўзяў?

Скарына. Я загубіў цябе…

Адвернік. Кінь дурную гаворку, Францыск. Ты мяне папярэджваў. Я ведаў, што твая справа небяспечная.

Скарына. Даруй, дружа!

Адвернік. Не трэба. Ты не вінаваты. Я сабе дараваць не магу, што Маргарыту з сабой узяў… Сцяпанку асірацілі. Пагнала ж нас нялёгкая праз Нямеччыну! А думалася, у Вільні паперню паставім, станкі друкарскія справім, з Масквою сувязь наладзім. I загудзе справа кніжная… Такая няўдача! Такая прамашка!

Скарына. Што б там ні здарылася, а тое, што мы пачалі, не спыніцца. Максім Грэк адзінай надзеяй жыве — на Маскве друкарства распачаць. Найстаршы бургамістр Вільні Якуб Бабіч кніжнай справай загарэўся. Князь Канстанцін Астрожскі вялікі міласнік друкаванай кнігі. Не памрэ наша справа. Юрый! Не павінна!.. Толькі б Пётра з Маргарытай выратаваліся.

Адвернік. А нашы зараз да зубрыных ловаў рыхтуюцца. Сапраўднае паляванне на сапраўднага звера… I няма нічога больш справядлівага, як сысціся з ім адзін на адзін.

Скарына (чытае па памяці).

Што да мяне, то сваё паляванне і ловыАдпаляваў я. Адзіная ўцеха ў самоце —Жыць успамінамі. Думкай ляціш быстракрылайНоччу і днём на радзіму, у памяці сеціВабіш той час незабыўны, што некалі ў нетрахРодных лясоў разгубіўся, і кліч — не даклічаш…Што ў іх, тых закліках? Час улавіць немагчыма.Гонішся, смертны, за страчаным часам, прыстанеш,Не даганяеш, бо што прамінула — не вернеш.Гэты пясок-плывунец высыпаецца ў вечнасць.

Адвернік. Маргарыту дарэмна з сабой узяў.

Скарына. Хто ж ведаў. Любіць яна цябе надзвычайна, вось і не засталася дома.

Адвернік. Відаць, што любіць.

Скарына. А ты хіба сумняваешся?

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги