МАТЫЛЬ. Цікава, адкуль пайшла пагалоска пра касьбу?

АСА (задумалася). Напэўна, ад каровы.

МАТЫЛЬ. Я пытаўся. Тая не ў курсе.

АСА. Можа прыснілася якой кветцы… Яны ж такія эмацыянальныя, такія чуллівыя… Яшчэ вырашаць на сваёй радзе, што лепш дабраахвотна здацца карове, чымся пайсці пад касу.

МАТЫЛЬ. Карове? Навошта карове?

АСА. А каму яшчэ патрэбны гэтыя лугавыя зёлкі? Сам бачыш: аніякія! Ну, у нас з табою няма падстаў для панікі. Калі што – паляцім на суседні луг.

МАТЫЛЬ. Прабач, пагаворым другім разам.

АСА. Ведаеш, а давай злятаю ў вёску і пра ўсё даведаюся.

МАТЫЛЬ. А што? Гэта ідэя.

АСА. Пакуль! (Паляцела.)

Карціна 5.

Заходзіць сонца. Смолка, Рамонак, Медуніца, Званочак і іншыя кветкі сабраліся на сход. Раз-пораз непадалёку мыкае Карова.

СМОЛКА. Больш нікога чакаць не будзем.

ЗВАНОЧАК. І не трэба. Хто хацеў, той прыйшоў.

СМОЛКА. Дарагія паплечнікі і сябры! (Асеклася.) Што гэта я? Як з трыбуны. Адным словам, я вас не абрадую: заўтра пачнуць касіць наш луг.

УСЕ РАЗАМ. Луг! Касіць! Заўтра!

МЕДУНІЦА. Не можа быць!

РАМОНАК. Абсурд. Мы ж яшчэ і сілы як след не набралі…

МЕДУНІЦА. І не расцвілі толкам...

РАМОНАК. А ў мінулым годзе, кажуць, наш луг увогуле не касілі.

ЗВАНОЧАК. Бо калгас на ладан дыхаў.

РАМОНАК. Не мог жа ён год канаць – і раптам ўзяцца за касьбу!

СМОЛКА. “Мог”, “не мог”… Дзіцячы нейкі лепет. Такое было і будзе. Мы высахнем на сонцы і ляжам у адзін сухі, мяккі, пахучы стог… Без нас сельская гаспадарка проста не абыдзецца.

РАМОНАК. Што мне да іхняй сельскай гаспадаркі! Я, можа, хачу цвісці і пахнуць.

МЕДУНІЦА. І я.

ІНШЫЯ КВЕТКІ. І мы! І мы!

Усе прыгнечана маўчаць.

МЕДУНІЦА. Ну вось. Луг косяць, а я замуж выйсці не паспела!

РАМОНАК. А я не дапісаў паэму пра мёд...

СМОЛКА. А я не памірылася з Матылём.

Смолка заплакала, Медуніца яе суцяшае.

МЕДУНІЦА (Званочку). А ты, Званок, чаго маўчыш?

ЗВАНОЧАК. А я наступнай вясной зноў вырасту. Усе мы вырасцем зноў.

МЕДУНІЦА. Калі тое будзе…

РАМОНАК. Як уяўлю, што маю... маю тоненькую шыйку…

(Заплюшчыўся.)

СМОЛКА. Жах!

МЕДУНІЦА (іранічна). Ты ж сама гаварыла, што сенам стаць –

ганарова, што без нас сельскай гаспадарцы кранты…

СМОЛКА (узяла сябе ў рукі). Не мы традыцыі ўстаноўлівалі, не нам іх мяняць. Ну, скосяць… Ну, высахнем… Затое наша жыццё падоўжыцца на цэлую зіму.

РАМОНАК. Што мне іхняя зіма! А, з вашымі сходамі… Лепей бы мяне карова з’ела... (Махнуў рукой і падаўся прэч.)

МЕДУНІЦА. Бедны Рамонак! Ён такі далікатны, так схільны да дэпрэсіі...

Званочак кінуўся за Рамонкам.

З’яўляецца задыханы Матыль. На хаду перахоплівае і вяртае Рамонка.

МАТЫЛЬ. Пачакай! Не трэба!

МЕДУНІЦА (Смолцы). Што з ім?

МАТЫЛЬ (Рамонку). Не ідзі да каровы! (Усім.) Не хадзіце! Аса сказала… Сам чуў…

РАМОНАК. Што ты чуў?

МАТЫЛЬ. Што касілка… касілка… паламалася!

РАМОНАК. Не можа быць. Якое шчасце!

Кветкі скачуць і пляскаюць у ладкі.

СМОЛКА, МЕДУНІЦА. Паламалася! Паламалася! Будзем жыць!

Ура-а-а!

ЗВАНОЧАК. Манюка гэтая вашая Аса!

МАТЫЛЬ (сабе). А што калі Аса... Не, не можа быць. Яна сказала мудрую рэч: жыццё сапраўды зменлівае. Палоска чорная, палоска белая… Галоўнае – перачакаць чорную!

РАМОНАК. Значыць, я дапішу сваю паэму?

СМОЛКА. А я паспею дарабіць свае справы... і з табой памірыцца… Праўда? (Лашчыцца да Матыля.)

Званочак сілком вядзе Асу, тая ўпіраецца і верашчыць.

ЗВАНОЧАК. Палюбуйцеся!

АСА. Пусці, расліна! Я чмялю паскарджуся.

ЗВАНОЧАК. Гэтая аферыстка нас падслухоўвала!

МЕДУНІЦА. Даносчыца…

СМОЛКА. Разлучніца! Што, чмялю хацела дагадзіць? Падслухаць і расказаць, так?

МАТЫЛЬ (Званочку). Адпусці яе.

СМОЛКА. Ага, заступаешся...

АСА (вызваліўшыся). Я навіну хацела расказаць. І не чмялю, а вам!

СМОЛКА. Уважліва цябе слухаем.

АСА. Гэты луг… Цалкам... Аж да лесу... Увесь наш луг выкупіў фермер.

КАРОВА (здаля). Му-у-у…

УСЕ (разам). Не можа быць!

АСА. Тэхнікі ў яго – цэлы двор. Сама бачыла.

МАТЫЛЬ. З агню ды ў полымя.

ЗВАНОЧАК (Матылю). І ты ёй верыш?

СМОЛКА. За адзін дзень столькі перамен!

РАМОНАК. І што цяпер?

Ледзь ідзе Пчолка з дзвюма поўнымі вядзерцамі. Стала, адпачывае.

ПЧОЛКА. План я сёння перавыканала. (Выцірае пот.)

АСА. Давай паднясу, сяброўка. (Бярэ адно вядзерца, падміргвае ў залу.) А то мужчыны ў нас нездагадлівыя. (Разам аддаляюцца.) Ды наманіла я ім, гэтым зёлкам лёгкаверным... Няхай патузаюцца.

ЗАСЛОНА<p>Любоў за ўсё мацней</p>П’еса для батлейкі

Дзейныя асобы:

МУЖ

ЖОНКА

АНЁЛ-АХОЎНІК

ЧОРЦІК

СМЕРЦЬ

Верхні ярус. Маладая жонка калыша на руках дзіцятка.

ЖОНКА (спявае). “Люлі, люлі, люлі, дзеткі ўсе паснулі”… Позна ўжо, а таткі нашага няма. На рабоце, мабыць, затрымаўся. Працавіты ён у нас. І ты, сынок, гэткім вырасцеш… “Люлі, люлі, люлі спаць, а я буду калыхаць. Прыйдзе шэранькі ваўчок…”

Ніжні ярус. Мужчына выходзіць з дзвярэй, на якіх напісана “гараж”.

Зіма, сыплецца снег.

МУЖ. Цяжкі сёння дзень выдаўся. Ну, нічога, не ўпершыню. Работа ў нас такая. (Паўза.) Можа, ў краму зайсці па дарозе? Піўца куплю ды і хлеба заадно, жонка прасіла.

АНЁЛ (з правага боку). Лепей без піва абысціся. Галава будзе цяжкай, вочы – мутнымі… Спаць адразу завалішся, з сыночкам не пагуляеш…

Перейти на страницу:

Похожие книги