«Казёл» загамаваў на цэнтральнай плошчы Бл. Яра, і Генік - меў ён такую жарсць да партыйных і дзяржаўных устаноў - прапанаваў схадзіць за райкам партыі да ветру. Я прагна насычаўся сібірскім каларытам, да якога апрача камар'я належалі старадаўнія каржакаватыя дамы, што, несумнеўна, даўно пусцілі ў зямлю карані, а таксама вусцішная гайня ці то свойскіх, ці то здзічэлых сабак усіх магчымых масцяў, што гойсала вакол, не дазваляючы нам з Генікам ажыццявіць за райкамам свой антыпартыйны намер.
Мы загрузіліся ў аўто, і Генік зноў задуменна паглядзеў на залацістыя плады «Абрау Дюрсо». У вакне мільгануўся глухі й высачэзны, на тры чалавечыя росты, плот з калючым дротам. «Зона», - лапідарна патлумачыў загадчык гаспадаркі, і я паспеў заўважыць яшчэ адзін лозунг - «Запомни сам, скажи другому, что честный труд - дорога к дому».
Даніну тутэйшаму захапленню лозунгамі аддаў і наш будатрад. «Колькі спраў цудоўных намі здзейсніцца!» - было напісана на нацягнутым паміж дзвюма лістоўніцамі кумачовым пасе. Пад ім стаяў з алюмініевай міскаю ў руках яшчэ адзін мой сябрук Мішка Чарнавец, вядомы чытачам нашага гістфакаўскага самвыдавецкага альманаха «Мілавіца» як паэт Міхась Чарніловіч. Міхась то пільна, як варажбітка ў люстэрка, углядаўся ў міску, то кідаў хуткі позірк на гадзіннік. Гэткім самым няўцямным клопатам былі занятыя яшчэ колькі байцоў СБА. «Сорак сем!» - выгукнуў Чарніловіч і выплюнуў змесціва міскі ў хмызняк. «Пяцьдзесят!» - азваўся нехта, таксама апрастаўшы міску. Як хутка высветлілася, хлопцы лічылі, колькі камароў уваб'ецца ў іхняе едзіва за хвіліну. Рэшта байцоў эксперыментамі не займалася, а проста бегала з міскамі і лыжкамі вакол недабудаванай сталоўкі, спрабуючы абагнаць даўгія камарыныя шлейфы, што цягнуліся за кожным, і затаптаць у страўнікі порцыю слізкіх гумовых макаронаў. Той, хто быў з намі летась у казахстанскім будатрадзе, відаць, тужліва прыгадваў нашага кухара карэйца Кіма, які на Дзень будаўніка згатаваў нам фірмовую тушонку з суслікаў, па буднях жа штодня рэзаў барана, а калі барана не прывезлі, дык зарэзаў на гуляш аднаго са сваіх мясных карэйскіх сабакаў, і той гуляш атрымаўся найсмачнейшым за ўвесь сезон, вось толькі дарма Кім адкрыў нам потым кулінарную таямніцу ды яшчэ і тады, як увесь атрад сядзеў за сталом.
Дні, адведзеныя нам на здзяйсненне цудоўных спраў, былі цікавейшыя, чым ночы пад накамарнікамі, якія слаба ратавалі ад машкары, павутоў і іншае заедзі, што прагла ўзяць у нас аналіз крыві. Удзень мы заводзілі знаёмствы з істотамі больш адметнымі. На будаўніцтве цагельні разам з намі рабілі зэкі з зоны і вольныя пасяленцы, або папросту хімікі. Зэкі былі падканвойныя, і даступіцца да іх мы не маглі, затое з хімікамі без цырымоній перакурвалі, а то і выцэджвалі пляшку «777-га», што ў белаярскім абыходку з любасцю зваўся «трыма сямёрачкамі».
У выніку супольных перакураў, па-першае, выявілася, што аэрадромны жывапісец з казлінаю бародкай у мінулым быў дацэнтам (тут яго звалі Рэпіным) Ленінградскай акадэміі мастацтваў і дацягваў на вольным пасяленні тэрмін за небескарыслівую дапамогу будучым майстрам пэндзля ў выкананні дыпломных прац. Апроч ленінаў і брэжневых (Леаніда Ільіча ён дужа не любіў і называў казлом, расцягваючы гэтае слова, як жавальную гумку), дацэнт маляваў парадныя партрэты спецкамендатураўскіх чыноў, прычым кожнаму замоўцу неадменна «прышпільваў» на пагоны лішнюю зорачку. Ён быў страшэнны мацюкальнік; нягледзячы на несамавітую знешнасць, меў поспех у далёкіх ад мастацтва белаярскіх жанчын і збіраў, а можа, і сам выдумляў анекдоты пра «ментоў». Адна з ягоных показак, пра юнага скульптара, памятаецца мне да сёння. Міліцыянт пытаецца ў хлопчыка, што ён лепіць. «Дзядзю міліцыянера», - адказвае з пясочніцы юны скульптар. «А з чаго?» - «З пясочку, з вадзічкі і з гаўняшкі». Дзядзька ў форме, натуральна, дзярэ малому вушы, але назаўтра зноў заспявае таго ў пясочніцы. На пагрозлівае пытанне хлопчык адказвае, што лепіць дзядзю пажарніка. Палагаднелы міліцыянт удакладняе - з чаго? «З вадзічкі і з пясочку». - «А гаўняшка?» Тут юны скульптар хітравата прымружвае вочы: «Э не, тады дзядзя міліцыянер атрымаецца».
З Рэпіным хадзіў, быццам злыганы, гэткі самы дробненькі, як і ягоны патрон, хімік Вася з вострымі блуклівымі вачыма і з мянушкаю Іншапланецянін. У вольным жыцці ён круціў абаранку «МАЗа» і паціху гандляваў руберойдам, цэментам ды іншымі дзяржаўнымі грузамі. Іншапланецянін, што аддана цягаў за Рэпіным фарбы й пэндзлі, пакідаў уражанне чалавека цалкам ураўнаважанага, пакуль не пранікаўся да цябе даверам. Калі так здаралася, ён прапаноўваў адысціся ўбок і, пачынаючы хвалявацца й бліскаць вачыма, тлумачыў, што ўсе непамыслоты накшталт гандлю руберойдам пасыпаліся на яго пасля сустрэчы на трасе з іншапланецянінам.