Не ўважаючы на застрашлівае папярэджанне спецкамендатуры, мы з Элен вечарамі купаліся ў кар'ерах, збіваючы магчымых забойцаў з панталыку тым, што кожны дзень выбіралі новы. Ці трэба ўдакладняць, што мы адважваліся не толькі на гэта? Рассціланне на беразе кар'ера шырокага махровага ручніка напраўду вымагала адвагі, бо дым вогнішча зусім не з'яўляўся радыкальным антыкамарыным сродкам. Аднак укусы прыпякалі ўжо дома, а з водных працэдур мы вярталіся сцішаныя і лагодныя. У падлеску валтузіліся бурундукі ці якія іншыя дробныя звярынкі, па-над вершалінамі лістоўніц запальваліся першыя зоркі, але пад нагамі яшчэ можна было закмеціць неверагодна буйныя чарніцы, і нашыя вусны былі чорна-сінія, як у здаволеных вампіраў. «Ты знаешь, как будет по-белорусски звезда?» - сентыментальна пытаўся я. Яна ленавата маўчала, і адказваць даводзілася самому: «Зорка». «А любовь, знаешь, как?» - не здаваўся я. «Не-а», - цягнула Элен. «Каханне». «Не может быть», - бескалёрным голасам адгукалася мая спадарожніца, хаваючы позех чоўнікам вузкай далоні.

Нас было ўсяго дзесяць, а амазонак - у 3,3 раза болей, а таму ў атмасферы над Ягадным густа пульсавалі сілавыя лініі здаровай жаночай канкурэнцыі. Аднаго вечара я дзяжурыў у сталоўцы разам з чорненькай амазонкаю Вікай і пачуў з яе вуснаў сваю характарыстыку, якою Элен дзялілася з канфідэнткамі. Паводле Элен, атрымлівалася, што я «ничего мужик», аднак вальтануты, бо замест нармалёвай прэлюдыі абавязкова павінен расказаць пра сваё беларускае балота. Асуджальнасць надзьмутых губак дзяжурнай адрасавалася, вядома, не мне. Віка зрабіла бездакорны ход: я горка шкадаваў, што я - не «цяжкі» падлетак Віця, а Элен - не мая настаўніца біялогіі.

Назаўтра вечаровае люстра кар'ера замест даўгіх ільняных пасмаў убачыла кароткія чорныя кудзеркі. У адрозненне ад Элен дачка патомных філолагаў Віка ажно два дні пабыла непадступнаю. Навучаны сумным досведам, пра Беларусь я даў сабе зарок і не заікацца, але паколькі гуляць у маўчанку таксама не выпадала, на трэці вечар (да чаго толькі ні давядзе ўзбунтаваная кроў!) у абладзе дурнаватага натхнення я неспадзявана заявіў, быццам належу да прыхільнікаў зараастрызму.

Нашая секта існавала ў глыбокім падполлі, але не мела нічога агульнага з аскезай. Асцярожна расшпільваючы гузік за гузікам, я прыцішана выкладваў усё ацалелае ў памяці пасля экзамену па навуковым атэізме - пра светлае божышча з дзівосным імем Ахурамазда, што вяло несупыннае змаганне з сваім адвечным спадужнікам, увасабленнем цёмных сіл Анхрам-Майнью. Будучы філолаг Віка глядзела на «сектанта» круглымі вачыма і відавочна перамагала апошнія перашкоды на шляху да ўступлення ў шэрагі зараастрыйцаў, якіх яна, міла памыляючыся, называла зорааўстрыйцамі. Узгадваць тое і сумна, і смешна. Дзівуючыся з сябе, я на хаду прыдумваў абрад далучэння да нашае веры, які ў перакладзе з фарсі зваўся «палётам над вяршынямі», і ў Вікі не ўзнікла аніякага сумневу, што дзеля гэтага палёту сапраўды трэба скінуць усё, што на ёй яшчэ заставалася.

Вушкі, далоні, ступачкі і астатняе, што бывае ў жанчыны, у Вікі было маленькае, і, калі я меў патрэбу назваць яе па імені, мне заўсёды хацелася сказаць не проста Віка, а - маленькая Віка.

Вялікі й магутны Ахурамазда быў задаволены намі, пагатоў ацэнка Вічыных інтэлектуальных здольнасцяў, выстаўленая мною пасля «зорааўстрыйцаў», аказалася недаравальна паспешлівай. Маленькая Віка любіла Міхаіла Афанасьевіча Булгакава, марыла стаць для каго-небудзь Маргарытаю і пачытвала экзістэнцыялістаў. Эпізод пераходу ў зараастрызм яна пазней пракаментавала радкамі Пастарнака:

Если даже вы в это выгрались,

ваша правда. Так надо играть.

Дадам, што не ад старажылаў, а менавіта ад яе я даведаўся пра закінуты вайсковы аэрадром на ўсход ад Ягаднага, дзе кожная залева вымывала з пяску мармурова-жаўтлявыя чалавечыя чарапы і костачкі, сярод якіх маглі апынуцца і косці майго расстралянага ў 1933-м дзеда Максіма. Аднойчы па дарозе з кар'ера Віка трохі палахліва расказала пра лагер, дзе трымалі гішпанскіх інтэрбрыгадаўцаў - нашых, а найбольш замежных, што прыехалі пасля грамадзянскай вайны ў краіну пераможнага сацыялізму. Кіраўнікі лагернага падполля нібыта зарганізавалі ўсеагульныя ўцёкі і ўпэўнена вывелі інтэрбрыгадаўцаў на аточаную кулямётчыкамі прасеку.

Мой найлепшы сябра Генік сустракаўся пад таежнымі сузор'ямі з амазонкай, што мела неамазоністае імя - Варвара, была сібірачкаю шатан ведае ў якім калене і размаўляла прыкладна так: «Ну как? Ништяк? А че стал середь дороги?» Гэта пра яе, перафразаваўшы Ігара Севяраніна, паэт М.Чарніловіч сказаў:

Амазонка из Томска,

Амазонка из Томска,

Вы безумно прелестны,

Особенно сзади...

Перейти на страницу:

Поиск

Книга жанров

Похожие книги