«Кажаце, царкоўныя абразы – прадметы культу? А хто іх рабіў, тыя прадметы культу? Нешта не давялося мне сустрэць аніводнага попіка, які маляваў бы хоць які-небудзь абраз ці майстраваў паціры і крыжы. Майстры гэтым займаюцца – мастакі ды ювеліры… І цэрквы з касцёламі не папы з ксяндзамі ставілі – гэта справа дойлідаў і звычайных муляраў. Дык што, пусціць на глум увесь плён іх рук толькі з тае прычыны, што ім карысталіся святары?» – Хлюдзінскі адчуваў, што гэта правільныя словы, што яны могуць пераканаць таго, хто захоча пачуць іх.

З ПРЭСЫ

На Менскім вячэрнім рабфаку не ўсё добра

Менскі вячэрні рабфак пачаў працу з 19 кастрычніка. Першым тормазам у працы выяўляецца адсутнасць падручнікаў, якіх рабфак зусім не дае, а прыходзіцца самім студэнтам купляць іх, а набыць усе падручнікі студэнты безумоўна не могуць. Каб знішчыць гэту перашкоду, адміністрацыі дзённага рабфаку трэба вылучыць частку падручнікаў для вячэрняга рабфаку.

Затым: перашкаджае працы адсутнасць раскладу заняткаў, а таксама і тое, што не з’яўляюцца некаторыя настаўнікі.

Калі гэтак справа будзе стаяць і далей, дык вынікаў добрых ад вучобы чакаць не прыходзіцца.

Трэба звярнуць на вячэрні рабфак больш увагі, каб 4 гадзіны, якія прызначаны на дзень на заняткі, выкарыстоўваліся на 100 процантаў.

Рабфакавец

Савецкая Беларусь, 22 кастрычніка 1927 года

<p>2010, студзень</p>

Навагоднія святы прамільгнулі хутка і нічым надзвычайным не запомніліся: ялінка, канфеці з хлапушкі, абавязковыя салата аліўе і шампанскае, якое Кміціч не любіў. Было пару паходаў у госці, дзе сябры знаёмілі яго з адзінокімі жанчынамі, аднак ніхто з іх не спадабаўся Паўлу настолькі, каб спаткацца яшчэ хаця б раз.

Чарговая зімовая раніца пачалася для Кміціча традыцыйна ў той час, калі большасць гарадскіх насельнікаў пару гадзін як знаходзілася на сваіх працоўных месцах. Ён уключыў камп’ютар і мадэм, які імгненна стаў падміргваць сваімі лямпачкамі, злучаючыся з інтэрнэтам. Сам Кміціч тым часам пайшоў гатаваць сабе традыцыйны сняданак халасцяка – яечню і каву: займацца чымсьці больш грунтоўным не хацелася. З немудрагелістым сняданкам ён апусціўся ў фатэль перад маніторам: нічога не магло сапсаваць яму апетыт – нават прагляд ранішніх навін, якімі б шакавальнымі яны ні былі.

Павел мімаходзь прагледзеў некалькі навінавых сайтаў – нічога новага. Пастаянныя прагнозы эканамічнага гуру, які з году ў год прарочыць эканамічны крызіс, а той усё не наступае. (Затое калі крызіс усё ж здараецца, гуру тут як тут: «Я ж папярэджваў!» У гэтым ён не памыляецца, бо ні пра што іншае не папярэджваў.) Заклікі да вулічных акцый, паведамленні пра суды і штрафы за гэтыя самыя акцыі… Традыцыйная для апошніх гадоў у Беларусі карціна, да якой псіхіка прызвычаілася, каб адчуваць пастаянныя згрызоты сумлення за тое, што ты нічога значнага не робіш, каб стаць поруч з тымі, хто за свае погляды і ўчынкі гатовы пайсці пад пабоі ці сесці ў турму.

«Мая задача як журналіста – перадаваць звесткі пра гэта астатнім, каб усе гэтыя ўчынкі не былі дарэмнымі», – супакоіў сябе Кміціч заўсёднай мантрай, якой суцішваў сумленне.

Павел зазірнуў у пошту: там яго чакаў ліст ад svetik85: мужчына адчуў, як унутры яго ўсё затрымцела. З гэтай дзяўчынай ён пазнаёміўся некалькі месяцаў таму на адным з сайтаў. Жыла яна ў Горадні, таму перспектыва нейкіх блізкіх адносін выглядала малаверагоднай, да таго ж Кміціч і не імкнуўся апошнім часам завязваць падобныя кантакты. Яна таксама не прыспешвала.

Пасля кароткага знаёмства, у якім высветлілася, што дзяўчына працуе медсястрой, яны абмяняліся кантактамі ў Skype і адрасамі электроннай пошты. Кміціч са Святланай фліртаваў, перакідваўся жартамі і кампліментамі («У цябе такі мужны выгляд на гэтым фота». – «Мне прыемна чуць такія словы ад прыгожай жанчыны».), і гэтыя размовы паступова станавіліся ўсё больш двухсэнсоўнымі і небяспечнымі.

Урэшце аднаго разу Святлана прапанавала: «Хочаш, скіну табе свае фота? Толькі ты іх адразу пасля прагляду выдалі, калі ласка. Гэта я на Купаллі была».

Перейти на страницу:

Похожие книги