– Слухаю вас, уюнаша!

Юнак дадаў да папяровага «манблана» на рэдактарскім стале яшчэ адзін аркуш:

– Калі можна, я б хацеў, каб на апошняй паласе вось быў такі кароткі некралог. Гэта мае знаёмыя.

– Тэ-эк, – галоўны рэдактар уважліва прабегся позіркам па некалькіх радках, з якіх складаўся прапанаваны ягонай увазе некралог. Спрабуючы прыгадаць, ён паўтарыў некалькі разоў імя, якое напісаў наборшчык: – Ганна Кавалёва… Кавалёва… Гэта не тая асоба, што нядаўна зарэзалі?

Андрэй зглынуў горкую даўкую сліну і пацвердзіў:

– Так, яна. І Грацыян Пашкоўскі нядаўна таксама загінуў. Я б хацеў адзначыць памяць гэтых добрых людзей.

Павел Мітрафанавіч пабарабаніў пальцамі па стале і загаварыў – няспешна, акуратна падганяючы словы адно да аднаго, як цагліны на будоўлі:

– Гэта вельмі важна для працоўнага чалавека, дый для кожнага іншага чалавека, – цаніць і шанаваць сваіх сяброў, сваіх блізкіх. Але пры гэтым мы не мусім губляць і пралетарскай пільнасці, каб не апусціцца ў дробнабуржуазнае балота. Ты ж разумееш, Андрэй, што не кожны чалавек аднолькава каштоўны для гісторыі, праўда?.. Я нават не буду згадваць тут такое святое і важнае для нас імя, як таварыш Ленін. Я проста прапаную табе параўнаць, хто больш важны для нашай гісторыі – твой брат-пралетарый ці які-небудзь буржуй, які пасля пралетарскай рэвалюцыі ўцёк у Берлін? Вядома ж, пралетарый, бо за ім будучыня!

Камар згодна матлянуў галавой, хаця яшчэ не разумеў, у які бок схіляецца гаворка.

– Бачу, што пралетарская чуйнасць у цябе ёсць, – з усмешкай пахваліў яго рэдактар. – А калі мы паспрабуем паглядзець не на замежжа, а на сваю краіну: хто важней для яе – пралетарый ці беларучка, які за ўсё сваё жыццё ні разу ні хлеб не жаў, ні ў цэх на працу не выходзіў? Зноў жа ты мне скажаш – пралетарый! А цяпер паглядзі, кім былі твае знаёмыя… Гэта людзі, што ад працоўнага класу далёкія, не яны нам дапамагаюць будаваць камунізм. А газета наша, хачу табе напомніць, называецца «Камуністычны шлях». Во-ось…

Андрэй пасля гэтых слоў збянтэжыўся: шчокі яго зачырванелі, рукі ён завёў за спіну і стаў нервова сціскаць пальцы. Тым часам Павел Мітрафанавіч працягваў, знарок не заўважаючы хвалявання свайго падначаленага:

– Не скажу, што твае знаёмыя былі нашымі класавымі ворагамі, але па сваім паходжанні яны класава чужыя пралетарыяту… Пра іх смерці мы далі паведамленні ў крымінальнай хроніцы – тое, што нам паведамілі таварышы з органаў. Я лічу, што гэтага паведамлення дастаткова. Калі б гэта былі нашыя таварышы, паплечнікі па класавай барацьбе, то, вядома, іх памяць варта было б ушанаваць асобным некралогам. Але… Давай дазволім цяпер кампетэнтным органам разабрацца ў акалічнасцях гэтых смерцяў і не будзем прыцягваць дарэмную ўвагу, каб не перашкодзіць у расследаванні.

Павел Мітрафанавіч падняўся з-за стала, падышоў да наборшчыка і паклаў яму руку на плячо:

– Ты хлопец малады, у цябе наперадзе такое жыццё! Так што не спяшайся, не гарачыся… І сяброў у цябе яшчэ будзе шмат – асабліва калі не станеш паддавацца на гэтую ўяўную інтэлігентнасць, а зразумееш, што твой жыццёвы шлях мусіць ісці разам з усім рабочым класам… Усё, ідзі працуй цяпер.

Калі дзверы за наборшчыкам зачыніліся, галоўны рэдактар узяў прынесеную тым паперку, акуратна разадраў яе на дробныя кавалкі і выкінуў у сметніцу.

Будаваць светлую будучыню цяжка, бо няма чужога досведу, на які можна абаперціся: першая ў свеце краіна ідзе да камунізму! І вельмі важна, каб наша моладзь, вось такія вось Андрэі Камары, не збілася з тропу, думаў галоўны рэдактар «Камуністычнага шляху». А тут дапамагчы ім павінны мы, людзі, якія паспелі ўжо не толькі гузакі набіць, але і зразумець – хто нам сапраўдны сябар, хто часовы спадарожнік, а хто і хітры вораг, які часова маскіруецца пад авечай шкурай…

<p>Кастрычнік, 1927</p>

Старшы супрацоўнік аператыўных даручэнняў АДПУ Раман Васільчук з невымоўнай ласкай у вачах паглядзеў на тры кубікі на пятліцы гімнасцёркі. Звычайна вочы былі халодныя і нерухомыя, быццам у рапухі на паляванні. Цяпер жа мужчына даў сабе паслабку, пагатоў у кабінеце ён быў адзін – можна было нікога не асцерагацца.

Яго павышэнне адбылося зусім нядаўна – раней у пятліцах Васільчука кубікаў было толькі два. Трэці кубік акурат сведчыў, што з простага супрацоўніка аператыўных даручэнняў ён, Раман Васільчук, дарос да старшага.

Трохкутнікі, кубікі, прастакутнікі і ромбы, нашытыя на пятліцы, выкарыстоўваліся і ў Чырвонай Арміі, і ў чэкістаў (або, як іх цяпер называлі, АДПУ). Гэтыя знакі адрознення прыйшлі на змену царскім пагонам і эпалетам, калі выявілася, што вайсковая дысцыпліна няўмольна патрабуе разрозніваць начальства і падначаленых.

Найніжэйшай ступенню былі трохкутнікі, за імі шлі кубікі, потым – прастакутнікі, а найвышэйшай ступенню былі ромбы. Нашываліся яны не на пагонах, адрынутых разам з усім старым спарахнелым царскім светам, а на пятліцах гімнасцёрак – каб ужо новае канчаткова не звязвала сябе са старым ніякім напамінам.

Перейти на страницу:

Похожие книги