Ва ўсіх акругах БССР рыхтуюцца да «свята ўраджаю». Як і ў мінулыя гады, гэта свята будзе мець характар народнай урачыстасці; гэта будзе свята шырокай эканамічнай і культурнай прапаганды за новую вёску.

У гэты год «свята ўраджаю» набывае асаблівае значэнне: сёлета наш земляроб павінен прадэманстраваць свае дасягненні за дзесяць гадоў існавання савецкай улады.

Для правядзення «свята ўраджаю» арганізуюцца спецыяльныя камісіі пры сельсаветах і райвыканкомах.

Сельскія камісіі дапамагаюць выяўленню лепшых гаспадарак, садзейнічаюць арганізацыі дробнараённых выставак, арганізуюць сходы сялян і г.д.

Раённыя камісіі складаюць канкрэтныя планы святкавання, арганізуюць раённыя і дробнараённыя выстаўкі, арганізуюць даклады, урачыстая пасяджэнні, сходы і г.д.

«Свята ўраджаю» сёлета распачынаецца з 30-га кастрычніка. Каб надаць святу грамадскі характар, робяцца захады да ўцягнення ў яго шырокіх колаў сялянства.

Для азнаямлення з сельскагаспадарчымі выстаўкамі будуць арганізоўвацца экскурсіі сялян, рабочых і вучняў.

На выстаўках будуць экспанаты сялянскіх і савецкіх гаспадарак, с.-г. калектываў, гаспадарак КПБ і ЛКСМ. На выстаўках будуць сабраны экспанаты каапераванага сялянства, асабліва спецыяльных аб’яднанняў: малочных, меліярацыйных, насосных і інш. т-ваў.

У «свята ўраджаю» належыць правесці папулярызацыю грунтоўных задач с.-г. палітыкі савецкай улады, індустрыялізацыю яе, падняцце таварнасці сялянскай гаспадаркі, пераходу на шматполле, павелічэнне пляцу кармавых траў, наладзіць аграсуды, інсцэніроўкі, правесці ўшанаванне сялян і кіраўнікоў сельгаспадарак і с.-г. суполак, што асабліва вызначыліся як культурныя гаспадары.

Савецкая Беларусь, 19 кастрычніка 1927 года

<p>Кастрычнік, 1927</p>

Раман Васільчук быў задаволены: усё адбываецца так, як ён і прадбачыў. Не падвяла пралетарска-чэкісцкая інтуіцыя!

У кабінеце старшага супрацоўніка аператыўных даручэнняў насупраць Васільчука сядзеў чалавек з зашмальцаванай фізіяноміяй. Патрапаная кепка ляжала на стале – побач са шклянкай гарбаты ў металёвым падшклянку. Гарбату запарыла сакратарка Васільчука, якая моўчкі паставіла шклянку на стол і адразу ж бязгучна выйшла, ценем слізгануўшы за дзверы.

– Пі, не спяшайся. Ну, і расказвай цяпер у падрабязнасцях, што бачыў, – Васільчук не мог схаваць радасці, таму ўзрушана падняўся і пачаў шпарка хадзіць па кабінеце сюды-туды за спінай наведніка. – Цяпер-то яны, галубкі, у нас у руках! Цяпер-то яны запяюць нам зусім іншыя песні!

Чалавек са сцёртай фізіяноміяй не спяшаўся піць гарбату («Гарачая», – гаварыў ягоны красамоўны погляд) і павярнуўся так, каб сядзець да Васільчука бокам, адной рукой абапёршыся на стол. Старшы супрацоўнік аператыўных даручэнняў спыніўся, і цяпер яго падначалены апынуўся быццам на скрыжаванні двух уважлівых позіркаў: з аднаго боку глядзеў яго начальнік, а з другога – стваральнік ЧК Дзяржынскі. І цяжка было сказаць, хто глядзеў больш строга і пранізліва – жывы Васільчук або намаляваны Дзяржынскі.

Перейти на страницу:

Похожие книги