– Не падумайце: я не карыстаўся службовым становішчым, каб вынесці архіўныя дакументы. Проста адна з маіх бабак была ў перапісцы з… – Аляксей Пятровіч на хвіліну замоўк, быццам збянтэжыўся. – Скажам, з некалькімі заўважнымі ў 1930-я гады літаратарамі. Яна захоўвала перапіску, і гэтыя лісты па спадчыне дасталіся мне. І я быў бы не супраць, калі б яны былі апублікаваныя.

Нарэшце ён адарваў застыглы позірк ад філіжанкі і зірнуў на Кміціча. Гэты погляд у спалучэнні з наступнымі словамі немагчыма было зразумець іначай чым просьбу аб прабачэнні:

– Ведаеце, паэты – такія ж ветраныя істоты, як і маладыя дзяўчаты. Там у лістах шмат асабістага, але, магчыма, гэта і ёсць самае цікавае…

З ПРЭСЫ

Бронзавы камісар

У майстэрні мастака-скульптара тав. Бразэра заканчваецца работа над гліняным бюстам тав. Мяснікова – аднаго з заснавацеляў камуністычнай партыі Беларусі, глаўкома заходняга фронту ў першыя дні Кастрычніка, загінуўшага пры аварыі аэраплана ў 1925 годзе. Бюст будзе адліты на бронзу і змешчаны ў будынку ЦВК БССР.

Фатаграфіі ніколі не могуць даць поўнага вобразу мастаку. Тав. Бразэру прышлося карыстацца не толькі фатаграфіямі, але і адрыўкамі ўспамінаў аб Мяснікове людзей, якія яго добра ведалі.

Ужо гэтыя ўпарта зложаныя губы, моцныя сківіцы і вялікі магутны лоб утвараюць вялікае ўражанне.

Тав. Кнорын, які наведаў майстэрню Бразэра, ацаніў яго работу проста і моцна:

– Гэта ён! Такім я яго ведаў!

Чырвоная Змена, 22 кастрычніка 1927 года

<p>Кастрычнік, 1927</p>

Вочы ўсіх прысутных сканцэнтраваліся на тэчцы і сшытку ў скураной вокладцы, які ляжаў у ёй.

– Вось, значыць, што стала прычынай усіх гэтых забойстваў, – прыпадняўся са свайго месца і пацягнуўся да сшытка Давід Ратнер.

Хлюдзінскі пільна ўглядаўся ў яго твар: не было ў ім прагнасці, сквапнасці – увогуле не было ў абліччы Ратнера нейкіх моцных жарсцяў, якія рухаюць чалавекам і змушаюць яго да жорсткіх учынкаў. Была адна толькі цікаўнасць.

– Прыбяры рукі і сядзь, – прагучаў рэзкі голас адваката. – Гэта не табе.

– Куш мір ін тохес[7], – прамармытаў Ратнер, які не збіраўся спыняцца.

Гук рэвальвернага стрэлу быў настолькі гучным і нечаканым, што здалося, быццам у пакоі раздаліся грымоты. Кітаеўскі страляў, не выняўшы рукі з кішэняў паліто.

Аднак, мяркуючы па ўсім, страляў ён толькі для таго, каб перасцерагчы або напалохаць – ні забітых, ні нават параненых у пакоі не з’явілася. Куля проста адшчапіла доўгую трэску ад маснічыны.

– Я не дзеля цябе стараўся здабыць гэты сшытак, ён мне самому патрэбны, – спакойна патлумачыў адвакат.

– Додзік, не чапай яго, – істэрычным тонам прагаварыла Верацінская, учапіўшыся ў рукаво Ратнера. – Я цябе прашу – не чапай. Нам гэта не трэба, мы тут ні пры чым, мы зараз пойдзем адсюль. І нікому нічога не скажам. Праўда-праўда!

Апошнія словы яна адрасавала ўжо Кітаеўскаму, які яшчэ працягваў моўчкі стаяць. Штучная разгубленая ўсмешка мусіла, на думку жанчыны, супакоіць адваката і не даць яму нагоды стрэліць яшчэ раз: вам, маўляў, няма чаго нас асцерагацца, мы вам небяспекі не нясём.

Стралок зрабіў крок да стала і левай рукой узяў тэчку. Правая па-ранейшаму заставалася ў кішэні – відавочна, у ёй быў рэвальвер. Нязграбна трымаючы сваю ношу ў левай руцэ, Кітаеўскі стаў адступаць да дзвярэй, стараючыся трымаць у полі свайго зроку ўсіх прысутных.

– Кітаеўскі, вы ж цудоўна разумееце, што ніхто з нас не пойдзе на вас даносіць, – голас Хлюдзінскага быў спакойны, быццам не было ніякага стрэлу, а ўсё яшчэ працягвалася папярэдняя размова. – Магу я спытацца, як вы збіраліся здабыць скарбы з езуіцкіх сутарэнняў? Там жа цяпер турма.

– А я адвакат, – адказаў той з саркастычнай усмешкай, быццам неразумнаму дзіцяці. – Я б знайшоў з кім дамовіцца.

– І навошта яно ўсё вам? – не спыняўся цікаўны музейшчык. – Усё адно ж вы не зможаце жыць гэтаксама багата, як да рэвалюцыі.

Перейти на страницу:

Похожие книги