Беларускі дэлегат Люцыян Корвус якраз пра такія асацыяцыі і распавёў. Сівенькая Вольга Барысаўна міла ўсміхнулася, ад чаго астатнія госці збялелі і пачалі азірацца ў пошуку дзвярэй. І запыталася, якой навуковай тэмай і дзе займаецца шаноўны крытык. Ён, дарэчы, упэўнены, што ў ягоных занятках нічога няма ад прафанацыі і сярэднявечча? А як у яго з партыйнай лініяй? Яна асабіста гэта ўдакладніць.

Начальнік дэлегацыі, мажны дзядзька з Міністэрства аховы здароўя, выштурхнуў Корвуса за дзверы, як вадавоза з губернатарскага балю, і ў калідоры параіў шэптам сушыць сухары.

А па вяртанні ў Мінск пачалося. Якія-такія нервы, таварышы? Якія псіхозы? Савецкі чалавек, загартаваны ў пераможных бойках, вам не істэрычная паненка! А ці не прытулак тут шкоднікаў-касмапалітаў? Ды вы дакладна “антыпаўлаўцы”!

У выніку лепшых спецыялістаў арыштавалі ні за што. Лабараторыю расфармоўваюць. Корвуса адпраўляюць на Палессе, таксама ў лабараторыю, але ўжо не навуковую, а тую, куды савецкія грамадзяне па накіраванні ўрача свае “жывыя рэчывы” здаюць у бутэлечках ды карабках ад запалак. Нічога, што ён спецыялізуецца ў іншай галіне. Таварыш кандыдат медыцынскіх навук сам увесь час гаварыў пра сумежжа спецыяльнасцяў, шырокі профіль, сінтэз псіхіятрыі і неўралогіі, біялогіі ды медыцыны. Вось хай і папрацуе сярод народа са сваім шырокім профілем.

Бачыць ганарысты нос Корвуса вечна схіленым над чужым г...ном - гэта хтось з выдумкай падышоў да помсты. Рэм не адмовіўся б паназіраць.

Рыгор спачувальна ківаў... Пакуль Корвус, пільна ўгледзеўшыся сваімі светлымі, як лядзяш, вачыма ў ягоныя, пачырванелыя ад стомы, не прамовіў:

- Вам таксама патрэбная дапамога спецыяліста, таварыш Самусь. Я якраз працую над метадам, як купіраваць наступствы кантузіі... Наткнуўся на адзін яшчэ сярэднявечны рэцэпт, удасканаліў. У вас праблемы з памяццю, ці не так? Галава баліць? Нематываваныя прыступы агрэсіі бываюць?

Твар Самуся пачырванеў. Рыгор абедзвюма рукамі ўпёрся ў край стала, набычыўся.

- З памяццю ў мяне ўсё добра. Вось ты стаіш і глядзіш, як мне па галаве далі. Жэньку вывалак на пакуты. Моцна трымаеш. Каб не ўцякла.

Магістр уздрыгнуў і апусціў галаву з рана пасівелымі скронямі, яго плечы вінавата абсунуліся. Самусь перавёў позірк на Рэма:

- Старшына Цвічок, выйсці з кабінета!

Голас глухі, з нейкім змяіным прысвістам... Быццам і не Рыгорка гаворыць.

Рэм паслухмяна ўзяў пад казырок. Камандзір з былога камсорга атрымаўся добры, не аслухаешся.

Цвічок ведаў, што зараз успомнілася Рыгору. Такое не забудзеш.

...Іх трое, маладых падрыўнікоў, з лесу. Стаяць на каленях у снезе, абяззброеныя, са звязанымі рукамі. Нарваліся на засаду ў хаце на ўскрайку Старавежска, дзе мусіў быць надзейны прытулак і чакаў сувязны. Нямецкі афіцэр аддае загад, і здраднік у чорным паліто і фацэтным капелюшы прыводзіць танклявую дзяўчыну ў адной падранай, заляпанай сукенцы, з доўгай рудой касою... І таксама змушае стаць на калені! Проста ў брудны снег!

Учэпістыя пальцы нягодніка моцна сціскаюць дзявочы плячук... Нянавісць падымаецца хваляй... А Рыгор побач рвецца, штось крычыць... Яго б’юць па галаве прыкладам вінтоўкі, цячэ кроў, але Самусь працягвае, лежачы, лаяцца... А здраднік, які прывёў дзяўчыну, пра нешта гергеча з афіцэрам і па-ранейшаму не адпускае плячо дзяўчыны - нібыта крумкач ухапіў кволае птушаня... Чамусь менавіта гэта запамінаецца - уладныя пальцы, як кіпцюры крумкача, пад імі змінаецца тканіна такой знаёмай сукенкі ў сінія кветачкі, у якой уладальніца кружылася ў вальсе на школьных танцах...

Потым Жэнька - яна, сувязная, чакала іх у хаце - патлумачыць, афіцэр западозрыў у ёй габрэйку. Як толькі ўгледзеў, нелюдзь? Хадзілі чуткі, што бацька Жэнькі, якога ніхто ў Старавежску не бачыў - яны з Жэньчынай маці нібыта разам вучыліся на педфаку, і праўда меў габрэйскую кроў. Але дачка ў любым выпадку да яго зусім не падобная, бо ўся ў маці. Таму Корвусу ўдалося пераканаць пачварын, што дзеўка - беларуска, вучыў яе ў школе, можа пацвердзіць.

На месцы палонніцу не прыстрэлілі, але афіцэр прыдумаў выдатны сродак разгаварыць савецкіх фанатычных недарасцяў. І Корвус атрымаў загад: распрануць партызанку да сподняга... І пакуль яе змоўшчыкі-партызаны не скажуць, якое мелі задание, дзе іх атрад - фройлейн давядзецца памерзнуць.

Корвус паспрачаўся, але потым загад выканаў. Абыякава, як аўтамат.

Гэта было невыносна: бачыць, як яна, прыгожая, быццам фея, дрыжыць у адной белай сподняй кашульцы, абдымаючы сябе тонкімі рукамі, як пераступае скалелымі нагамі ў бруднай калатушы... Як ворагі юрліва аглядаюць яе постаць, захоплена прыцмокваюць, груба жартуюць... А Корвус стаіць спакойна і глядзіць. Толькі пра нешта гергеча з фашысцкай навалаччу... Гергеча незадаволена. Неахвотнае “яволь”... А потым ён, Магістр, прывязвае былую вучаніцу да слупа агароджы. Старанна, моцна... У адной кашульцы на марозе. Навалач. А насупраць сядзяць, навязаныя, як шчанюкі да плота, яны...

Перейти на страницу:

Похожие книги