Крама была вузкай, бы карцэр для правінавачаных рэчаў. Вузкі стэлаж з абуткам - казачнае дрэва, аброслае гумовымі пантофлямі і чаравікамі. Побач вешалка, аблепленая шурпатымі майкамі фабрыкі “Світанак”. Танны парцалянавы посуд, бессаромна яркія пластыкавыя міскі, бензапіла, сенакасілка, лядоўня ў труне з рэдкіх негабляваных дошак, у празрыстым цэлафанавым саване. Белыя бліскучыя бакі лядоўні праглядалі між дошак, і хацелася правесці на гладкай дарожцы пальцам, рызыкуючы падчапіць стрэмку.

Я нічога не стала пытацца ў прадавачкі ў камізэльцы са штучнага чорнага футра, магчыма, той самай Святланы з шыльды. Цётка была паглынутая размовай з мужыком у паношаным брунатным плашчы і куртатым капелюшы, у якім можна ўявіць парыжскага вулічнага мастака. А я ўжо сама прыкмеціла за лядоўняй і шэрагам пральных машын, што здзіўлена лупілі адзінае вялізнае вока на несамавіты інтэр’ер, калідорчык, у якім паблісквалі пачэпленыя на сцены краны і серабрыстыя змеі душавых шлангаў. Прадавачка слізнула па мне абыякавым поглядам.

- Ды халера бяры гэтыя капейкі... З кашалька выслізваюць, як блохі. Дастаеш дваццаць капеек і доўга думаеш, ці гэта дзве тысячы на старыя, ці дзвесце рублёў...

Старавежцы лена лаялі наступствы дэнамінацыі. А я прасоўвалася між кранаў туды, дзе бялелі фаянсавыя артэфакты тэхнагеннай эпохі.

Дзверы ў канцы калідорчыка былі расчыненыя на абгароджаны задні двор крамы. За няйменнем месца туды выставілі частку грувасткага і няпсотнага тавару: чыгунныя ванны, стосы металачарапіцы ды яшчэ нейкія будаўнічыя штукі...

Я знерухомела на траве пасярод чыгунных ванн і звыродлівых гіпсавых гномаў. Іх крывава-чырвоныя ўсмешкі змушалі ўспомніць пра звязкі часнаку і асінавы кол. З шэрага неба зноў сеяўся амаль незаўважны дождж. І чаго я сюды прыпёрлася... За якім прывідам... Дурніца...

Хтосьці апусціў на мае плечы цяжкія рукі і прашаптаў на вуха - аж валасы на патыліцы заварушыліся ад гарачага дыхання:

- Ну, прывітанне, малая...

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ. З’ЯЎЛЕННЕ ЧЫРВОНАГА ДРАКОНА

Сайт “Пад знакам Урабораса”.

Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.

Фандом: арыджынал.

Жанр: агнст.

Памер: максі.

Статус: у працэсе.

Рэйтынг: NC-17.

Катэгорыя: гет.

Аўтар: Grjaznyj ubljudok.

Бета: Kobaabba.

Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.

Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.

Каментары: Fljor Delakur. Пакоцаны док не падобны да Снэйпа. Чытаць не буду(((

Racional. Аўтар відавочна мае няслабыя прэтэнзіі на падняцце глабальных праблем. Хто-небудзь, уключыце камінную сетку і перакіньце чувака кудысь на проза. ру. Сюды прыходзяць па рамантыку, чувак, ну ці паржаць.

Тор Магутны. Аўтар, сам падумай. Санітар голіць непрытомнага хворага. Веру. Заходзіць дактарыца. Не абы-хто - загадчыца шпіталю, хай і в.а. Санітару трэба адбегчыся, і ён вось так запанібрата суне сваёй галоўнай начальніцы брытву: дагалі, маўляў, за мяне, даражэнькая. І тая паслухмяна падпарадкоўваецца. Не веру. Твая бета мышэй не ловіць.

Раздзел трэці

У антычнасці верылі, што кроў багоў цячэ з зямлі. Мусіць, за яе прымалі нафту. А яшчэ можна было ўторкнуць братаў нож у дрэва каля роднага дома, і калі пацячэ з-пад кары кроў - жывы братка, калі вада - згінуў на чужыне...

У пакоі, куды зазіраў Ромка, было шмат крыві - здавалася, нехта шчодра рассыпаў спелыя журавіны на светла-гарчычнай кафлевай плітцы падлогі ды патаптаўся па іх. Не тое, каб Ромка Цвічок баяўся, хто ж, пабачыўшы вайну, баіцца крыві... Але тут было ўсё неяк вусцішна і няёмка: стогне цяжарная кабета на кушэтцы, да яе агромністага жывата пад сінім байкавым халатам у цёмных плямах мімаволі прыцягваецца погляд. У барвовым рукі дактароў і іх халаты... А побач страшнае - крэсла-распорка, як для катавання, на ім змятая белая прасціна, і таксама ў крыві. Чаго папёрся неадкладна шукаць Жэньку, не пачакаў? Тут справы такія, кабечыя, забароненыя мужчынскаму воку...

Праўда, Жэнька, кінуўшы сярдзіты позірк на няпрошанага візіцёра, які застыў слупом у дзвярах, ужо адышла ад пацыенткі і моўчкі мыла рукі. Вада з грукатам білася ў бляшанае дно ўмывальніка, быццам залева шумела ў рынах.

- Доктар, а дзіцятка жыць будзе? Яно ж невінаватае, хто ягоны бацька...

Цяжарная павярнула збялелы твар - рысы тонкія, рахманыя - да другога ўрача, які паспеў вымыць рукі і засяроджана выціраў іх рушніком.

- У вас будзе двойня, Ганна Апанасаўна... Двайное шчасце. Дзеці - заўсёды шчасце, ад каго б ні нарадзіліся. Тут ніхто не нашкодзіць ні вам, ні ім.

Такі спакойны, ветлівы голас - хоць замест валяр’янкі прымай ад нерваў. Корвус! Трэба ж, які і быў. Размераныя рухі, выпрастаная постаць, трохі запалыя светлыя, аж празрыстыя вочы... Толькі відаць, што нос ламаны, і не раз.

Ромка выскачыў у калідор, прыціснуўся спінай да халоднай сцяны, працягваючы праз прыадчыненыя дзверы чуць надрыўныя стогны жанчыны.

- Дзіцятка не вінаватае... Яго бацька не немец нават, ён з Румыніі аднекуль... Маладзенечкі... І нікога не забіваў. Музыкант ён... Дудачкі такія рабіў зграбненькія з кары, а граў, як Лель...

Перейти на страницу:

Похожие книги