Пад плакатам, на адмысловай драўлянай падстаўцы, красаваліся брашуры “Памятка перасяленцу ў КФССР” і “Рэспубліка зямнога золата”.

Бібліятэкар, блакітнавокі стары з сівымі пасмамі, у якіх яшчэ трохі ўгадваўся руды колер, і вечнай іранічнай усмешкай на сіняватых тонкіх вуснах, заўважыў позірк наведніка, што сядзеў па той бок стала, і коратка патлумачыў:

- Для правяраючых. Трэба ж быць палітычна граматнымі і ў лепразорыі.

- М-да... Палітычна граматныя пракажоныя - гэта правільна, - ней­тральным тонам азваўся хударлявы мужчына гадоў сарака з перабітым носам і вельмі светлымі, трохі запалымі вачыма. Трохі прамарудзіў, быццам чагось баючыся, і акуратна разгарнуў фаліянт у чорнай скураной вокладцы, што ляжаў перад ім на стале, там, дзе бялела закладка - звычайная бібліятэчная картка.

- Беларусаў заўсёды перасяляюць, Саламон Барысавіч. У часы Аляксея Цішайшага колькі вывезлі рамеснікаў - у Маскву, у Пскоў, у Каломну. Пасля ўціхамірвання кожнага паўстання - вёскамі адпраўляліся ў Сібір. Пры Сталыпіне ў Прыбайкалле паўмільёна, мусіць, перасялілі. У часы першай сусветнай сотні тысяч беларусаў - у бежанстве. А цяпер, калі і так фашысты нас павыбілі, - заманьваюць у Карэла-Фінскую Рэспубліку, у Казахстан, у Краснаярскі край, на Сахалін...

- Не трэба засяроджвацца на бедах толькі свайго народа, - мякка заўважыў бібліятэкар. - Што тады казаць пра блуканні майго, якія доўжацца тысячагоддзі? А зараз лінія такая... - стары стоена ўздыхнуў. - Змешваць нацыі, як нашаткаваную гародніну, каб атрымалася аднародная поліўка. Асабліва гэта тычыцца народаў памежжа - украінцаў, беларусаў, прыбалтаў... Літоўцаў дасюль чыгуначнымі саставамі вывозяць. А з другіх краёў, наадварот, завозяць. Наш партызанскі камандзір вунь па разнарадцы ў Кагул паехаў з сям’ёй. Увесь свет мусіць стаць сацыялістычным Бабілёнам. Памятаеце, таварыш Люцыян, фільм “Шукальнікі шчасця”, пра габрэйскі калгас у Бірабіджане?

- Ну як жа ж... Мае вучні цытатамі з гэтага фільма на ўроках перакідваліся, - усміхнуўся Люцыян, і ягоны строгі бледны твар пасвятлеў. - Асабліва Піню любілі, адмоўнага гэтага героя, які хоча фабрыку падцяжак адчыніць. “Скажыце, калі ласка, колькі, прыблізна, канечне, можа каштаваць такі параход?”

Мужчына са знешнасцю інквізітара смешна змяніў голас, пераймаючы коміка.

- А Піню, дакладней, артыста Веніяміна Зускіна, арыштавалі, - бібліятэкар перайшоў на шэпт, нібыта калгаснік з плаката мог падслухаць і данесці. - І аўтар сцэнарыя Кобец знік, а пра Міхоэлса, кансультанта фільма, чулі, мабыць...

- Пад грузавік трапіў у Мінску? - нахмурыўся Люцыян, а калгаснік на фоне шчаслівага карэла-фінскага жыцця нібыта павярнуўся правым вухам да крамольнай размовы.

- Пад грузавік... - шэптам пацвердзіў бібліятэкар. - Той жа, што многіх пераехаў... - і загаварыў гучна. - Ну, няма нічога новага пад сонцам, і мудрасць ранейшых вякоў нікога не ратуе. І гора таму, хто адсякае свае карані, бо завяне.

- Значыць, карані... - субяседнік задумліва крануў пальцам шурпатыя старонкі кнігі, што ляжала перад ім. - Дык вы ўпэўненыя, Саламон Барысавіч, што ўладальнікі маёнтка - мае сваякі?

- Ды змірыцеся ўжо з гэтым абуральным для савецкага ўрача фактам, таварыш Корвус! - іранічна азваўся бібліятэкар. - Я не збіраюся гэтымі звесткамі размахваць, як вяхоткай. Але - вось радавод Корвусаў-Дзякловічаў...

Жоўты палец старога вадзіў па старонцы.

- Ваш дзед - Канстанцін? Вось ён запісаны... Штабс-капітан, жанаты на Адэліне з Марашэўскіх. Вось ваш бацька, Станіслаў Канстанцінавіч Корвус-Дзякловіч, 1880 года нараджэння. Пад ім мусілі занатаваць ваша імя.

- Як спадчынніка лепразорыя?

Люцыян скептычна пакрывіў вусны.

- Бацька не хаваў дваранскага паходжання. Але і не даражыў ім. З сям’ёй ніякай сувязі не меў і нічога пра яе не расказваў. Сышоў з дому ў шаснаццаць, далучыўся да народніцкага гуртка. Так і займаліся з маці хаджэннем у народ... Медінстытут, эпідэміі халеры, пасада сельскага доктара... І назвалі мяне Люцыян - святло, а значыць, асветніцтва. Але мяне цікавіць у архівах продкаў іншае...

- Сакрэт вечнага жыцця?

Бібліятэкар з дакорлівым уздыхам павярнуўся да этажэркі, заваленай старадрукамі, пацягнуўся за кнігай. Мыліцы, прыстаўленыя да ягонага фатэля, ледзь не паваліліся на падлогу, іх падтрымаў доктар Корвус.

- Вось інвентар батанічнага саду вашага прадзеда. Якія расліны, калі і адкуль выпісаныя... Вось дзённік Жыгімонта Корвуса. Толькі вы яго не прачытаеце.

- Чаму?

Доктар Люцыян разгублена гартаў старонкі сшытка ў зялёнай скураной вокладцы, спісаныя дробным почыркам.

- Нічога не разумею... На якой гэта мове?

- Ні на якой.

Стары ўсміхаўся, але не насмешнічаў.

- Гэта неіснуючая мова. Паверце, я маю дастатковую лінгвістычную адукацыю, каб гэта сцвярджаць. Я вывучаў не толькі Тору і Талмуд. Я ўвогуле прафесійны лінгвіст, закончыў два ўніверсітэты, выкладаў.

- Але мне казалі, вы рабін... - падняў вочы доктар.

Перейти на страницу:

Похожие книги