Сабакі ўсё яшчэ зрэдку брахалі, а адзін нават завыў. Людзі, што ляжалі на ложках у будынках, дзе калісь таньчылі кадрыль паненкі ў дэкальтэ, альбо дзе трымалі панскіх коней і сцябалі панскіх слуг, перасталі стагнаць, лаяцца, маліцца... Нават высокі светлавалосы чалавек, што вось ужо каторы час пад сховамі адцвілага бэзу насцярожана глядзеў на вакно, за якім свяціўся зялёны абажур і чулася ціхая гаворка, пасля таго, як святло згасла, таксама сышоў... Ноч сцвердзіла права на цішу.

Ненадоўга.

Калі неба пашарэла, яшчэ толькі ў прадчуванні блакітнага колеру, у двухпавярховым шэрым будынку, так званым адміністратыўным корпусе, за вакном, дзе нядаўна ўтульна свяцілася зялёная лямпа, штосьці разбілася, загрукатала. Ускрыкнула жанчына. І страшны мужчынскі голас:

- Сука! Здрадніца! Заб’ю! Заб’ю!

Так мог бы крычаць звер, пазычыўшы чалавечы голас.

І зноў ускрык жанчыны.

Яўгенія з растрапанымі валасамі, у кофтачцы, спехам накінутай на ніжнюю кашулю, прыхінулася да сцяны, абдымаючы сябе рукамі. На шчацэ чырванела свежая драпіна. Сымонавіч і Корвус спрабавалі ўтрымаць Рыгора Самуся на падлозе. Ім няўмела дапамагалі санітарка з юлёвым нарастам і медбрат з корпуса сухотнікаў, але Самусь скідваў з сябе ўтаймавальнікаў, як мядзведзь сабакаў, і лаяўся.

- Яўгенія, укол! - крыкнуў Корвус, і Жэнька скінула здранцвенне. Якраз калі яна выцягнула голку з вены Рыгора, і той абмяк, закаціўшы вочы, у пакой уварваліся ястрабкі з таварышам Нашчадным на чале, а таксама два штрафбатаўцы, сівы ды лысы.

- А ну адпусціць маёра дзяржбяспекі, гады!

Нашчадны гатовы быў націснуць на курок рэвальвера.

- У маёра быў нервовы прыступ! - патлумачыў задыханы намеснік загадчыцы, выпростваючыся. - Мы яго купіравалі, цяпер трэба пачакаць некалькі гадзін...

- Гэта антысавецкая змова! - зароў энкавэдыст. - Мы пра ваша кубло ўсё ведаем.

І кінуў цераз плячо сваім байцам:

- Арыштаваць загадчыцу і намесніка. А тады пачысцім гэты прытон...

- Пачакайце, вы памыляецеся! - уладна выпрасталася Яўгенія. - Праз тры гадзіны скончыцца дзеянне ўколу, і мой муж вам пацвердзіць - мы не жадалі яму кепскага. Ён жа ваш камандзір, вы павінны выконваць ягоныя загады...

- Ваш муж, маёр Рыгор Самусь, зараз на выпрабавальным заданні! - у цьмяным святле раніцы аблічча Нашчаднага падавалася шэрым, як у паўсталага наўца. - Ён праходзіць пакуль сведкам па справе вашай агульнай сяброўкі, Маргарыты Ракуцкай, злоўленай на сувязі з японскім шпіёнам з Міністэрства аховы здароўя. А вы што думалі, Самусь выпадкова сюды трапіў, на гарачае спатканне з вамі?

Малгося арыштаваная... І яе апякун таксама... Яўгенія бездапаможна зірнула на Корвуса.

- Вы ж пераканаліся, тут інваліды і невылечна хворыя, - цвёрда заявіў Люцыян. - Майце сумленне. Пакіньце ахову, але дайце нам рабіць сваю справу - лячыць людзей...

- Настрашыў ката скваркаю... Ведаем мы пра ўрачоў-забойцаў! Ты, сучка, свайго мужа падманвала, пацыентаў травіла...

Куля з рэвальвера патрапіла ў столь, рэвальвер адправіўся на падлогу, а сам лейтэнант паціраў шчаку, па якой угневаны доктар Корвус яму толькі што адвесіў ляшча.

- Яўгенія Міхайлаўна людзей выратавала болей, чым вы загубілі! Хаця хто вас ведае...

Ніхто ачомацца не паспеў.

Яўгенія ўспомніла, што Корвус, інтэлігентны, засяроджаны і хударлявы, у моманты небяспекі мог раптам рабіцца вось такім - па-звярынаму імклівым, нібыта ў ім прачыналася іншая кроў.

Твар Нашчаднага пацямнеў ад злосці:

- Ну, запяеш ты ў мяне, дактарышка! Страляйце ў гада! Супраціўленне пры затрыманні!

Але выстраліць ніхто не паспеў. Пятро Сымонавіч дзейнічаў рашуча і прафесійна. Ягоныя сябрукі таксама. Не прайшло і пяці хвілінаў - ястрабкі на чале з лейтэнантам ляжалі роўненька на падлозе, як і Самусь, атрымаўшы ін’екцыі снатворнага.

- Што вы нарабілі! - голас Яўгеніі зрываўся. - Цяпер забяруць усіх...

- Хай паспрабуюць! - страшна выскаліўся лысы штрафбатавец. - Там на пасту яшчэ пяцёра іхніх, скруцім лапушкоў за тры секундачкі.

- А далей? - загадчыца нервова зашпільвала гузікі кофты.

- Перарэзаць глоткі ды закапаць у лесе, - прагуў сівы ахоўнік, гуляючыся з нажом, зазубранае лязо якога гарэла халодным белым агнём.

- Астатнім скажам - праверка з’ехала.

Медбрат, такі худы, што ягоныя шчокі здаваліся ямінамі, ускінуў рукі, нібыта заклікаў у сведкі неба.

- Што вы гаворыце, людзі? - цёмныя разумныя вочы глядзелі з жахам. - Не бярыце грэх на душу! Бачыць Бог, на гэтай зямлі і так залішне пралілося крыві!

- Не хвалюйцеся, Станіслаў, мы гэтага не дапусцім, - цвёрда прамовіў Корвус. - Байцы не вінаватыя. Яны ж і сапраўды фашыстаў ловяць, жыццём рызыкуюць.

- Тады яны заб’юць нас! - сівагаловы з сілай усадзіў нож у падлогу, ля галавы аднаго з ястрабкоў.

Санітарка ля вакна, узяўшыся за галаву, пагойдвалася і вохкала, як на пахаванні.

- І як цяпер? Аблогу трымаць? Утварыць бандфарміраванне? Нас усё роўна знішчаць. Што дасць наш супраціў? - непаслухмянымі вуснамі прамовіла Жэнька.

- Дасць нам час. Можам вывезці адсюль усіх, каго неабходна, - прамовіў Пятро Сымонавіч. - Грузавік на хаду.

Корвус заклапочана пацёр падбароддзе.

Перейти на страницу:

Похожие книги