Цікава, а Корвус таксама лічыць, што ён - маё недасяжнае шчасце, што я павінна быць шчаслівая проста таму, што ён мне зноў дастаўся?

Я разумею, чаму ён адразу пацягнуў мяне ў спальню. Ведаў жа, што жыла з іншым. Захацелася падцвердзіць сваё права. Самец мусіць меціць тэрыторыю. Адысей вярнуўся, жаніхоў трэба перастраляць.

Цяпер я, напэўна, мусіла плаваць у жаночым шчасці, як шарык марозіва ў сіропе, паціху плавячыся побач з моцным мужчынскім плячом.

Алё, камрад, прайшло сем гадоў. Няма той дзяўчыначкі, якая напілася ў парку Горкага нейкага бухла і потым рыдала на чужым лецішчы, страціўшы цнатлівасць.

- Тваім знаёмым і не патрэбны быў сшытак Люцыяна Корвуса. Ім патрэбная была кампутарная праграма Мацея.

Рука на маім плячы ўздрыгнула, але засталася на месцы.

- Прабач, я выконваў тое, што мне гаварылі бандыты.

- Гэта не бандзюкі прыходзілі. А людзі на дзяржслужбе.

Віталь ажно прыўзняўся, каб зазірнуць мне ў твар сумленнымі зялёнымі вачыма.

- З чаго ты вырашыла?

- Я не першы год з такімі працую. Нагледзелася. Тут памыліцца немагчыма.

Я перакацілася на бок і прыўзнялася, каб лепей бачыць аднойдзенага мужа, свайго Корвуса, Фініста Яснага-блін-Сокала. Толькі вось жалезныя прасвіры замест мяне мусіў згрызці дзеля ягонага ўратавання іншы персанаж.

- Мне не вельмі прыемна, што мяне выкарысталі ў якасці кансервавага нажа, каб скрасці далікатэс з чужой бляшанкі.

- Паслухай, ну нічога кепскага з тым Мацеем не будзе, - Корвус пачухаў рудую бараду, мне падалося, сам яшчэ не прывык да такога іміджа. - Калі ты маеш рацыю наконт дзяржслужб, прапануюць яму супрацоўніцтва, ён пагодзіцца... Урэшце, што добрага, калі наш грамадзянін аддае сваё вынаходніцтва заакіянскім дзядзькам?

Ну, так, я ж сама крывілася на планы Саломы з’ехаць ды працаваць у амерыканскай карпарацыі...

- А калі Саламярэцкі не пагодзіцца?

- Пагодзіцца! - Віталь упэўнена ўсміхаўся... У паветры завісла не прамоўленае “дзеля цябе”. Я ўспомніла шнары, якія Мацей хаваў пад фенечкамі. І як ён машынальна паціраў запясці, калі згадваў пра сваю “дурасць” ад звесткі пра маё замужжа.

- Паслухай, а хто ты такі насамрэч? Толькі не залівай, што сапраўды Корвус, а доктар Люцыян - твой дзед.Не тое, каб Віталь моцна здзівіўся майму пытанню, - не, пасля ўсіх дзесяці вазоў маны, што вываліў на маё жыццё.

Помню, ішлі мы з Мацеем з выставы, якую прывёз у Мінск піцерскі музей Дастаеўскага. А побач сунуліся тынэйджэры, якіх прыгналі на адкрыццё выставы. Адна дзеўка ўсё дапытвалася аднакласнікаў, а што, Дастаеўскі - драматург? Не? А што ён пісаў? Бедныя навуковыя цётачкі, якія толькі што ў музеі захліпаліся “а памятаеце, як Сонечка Мармеладава...” Дык вось, другая школьніца тады гучна і амаль з гонарам сказала сяброўцы: “Мой хлопец гаворыць, што я - дэпрэсіўная пісі...пісі... містычная дура”.

Мы паржалі... А тады я падумала - добрае вызначэнне... Я ж таксама дэпрэсіўная песімістычная дура.

І з усім песімізмам - не веру.

- Можа, мне Яўгена Капытко распытаць? Не ведаеш, як яго знайсці?

Мой Фініст Ясны Крумкач спахмурнеў:

- У бардачок машыны залазіла?

Здагадлівы... Адразу відаць, прафесіянал, хаця і дапускае памылкі.

- Так, пакуль ты на запраўцы ў прыбіральню хадзіў. Знайшла тэхпашпарт на імя Яўгена Хведаравіча Капытко. А ў куртцы правы кіроўцы з тваёй фоткай, на таго ж Капытко.

- Паслухай, я змушаны быў хавацца...

Ільдзінка ў маіх грудзях усё разрасталася, і было балюча...

- Прабач, але ў Старавежску я выпадкова падгледзела, як ты за руку развітваўся з тымі чувакамі, што з Мацеем засталіся. Як з добрымі калегамі.

- Яны мне не калегі.

- А па плячы вы адзін аднаго з радаснымі ўсмешкамі паляпалі ад шчырай нянавісці?

Я адвярнулася, устала і нацягнула чорную майку з белай выявай Кафкі

- Мацей прывёз з Прагі сабе і мне. Быццам хацеў, каб нас паяднаў хоць песімістычны лапавухі геній.

Як жа мне было пагана... Ажно каленні дробна дрыжэлі. Усё ўнутры крычала, патрабавала - кінуць свае расследванні і проста жыць далей са сваім каханым.

Але я змусіла сябе выпрастацца і не плакаць... Ні ў якім разе не плакаць.

Корвус першым адвёў вочы.

- Мяне так назвалі. У дзетдоме. Яўген Капытко.

Ільдзінка ўжо ператварылася ў цэлую ільдзіну, і не факт, што яна не патопіць урэшце мой няшчасны “Тытанік”.

- Добра, хоць слова праўды... Вырас у дзетдоме. Зваць Яўген. А як ты тады стаў Віталём Корвусам?

Віталь (ніколі не падабалася імя “Яўген”, неяк наждаком чамусь па нервах), таксама апрануў майку і майткі. У голым выглядзе няёмка лёсавызначальныя размовы весці.

- Так трэба было. Ты - гарадская дзяўчынка, кватэра ёсць, клапатлівая сям’я апране-накорміць... А я сам з сябе зрабіў чалавека.

- Дакладней, прафесійнага стукача.

У мяне ўсё ўнутры трымцела.

- Ведаеш, Віталь, у нашым коле былі не толькі такія дэпрэсіўныя дурніцы, як я. Той-сёй цябе раскусіў. Маўляў, вызначыць сэксота няцяжка - ён ходзіць на ўсе тусоўкі і мерапрыемствы, і сядзіць да канца, хоць відно, як часам нудзіцца. Задае правакацыйныя пытанні. Сам жа асабліва не вытыркаецца. Умела сыходзіць ад роспытаў.

Перейти на страницу:

Похожие книги