(ці не таму былі прайграныя

Пунічныя войны?),

саланаваты брыз

пазнаёміць цябе

з уладаркаю плятынавых валасоў

і амаль свойскага імя

Аўшра,

што ў перакладзе зь літоўскай —

Заранка,

зь якой можна размаўляць

на мове,

што ў гэтых шыротах

не падасца табе чужою,—

пра Вільню, Менск

і містыку мужчынскіх вачэй

і жаночых ножак.

Тэмаў хопіць на ўсю вячэру

і на перапынкі між танцамі

ў дыскатэцы з падазронаю назвай

«Самара»,

дзе каля поўначы

ты будзеш адрэкамэндаваны

яе немаладому каханку

з Гамбургу,

які будзе паблажліва

сачыць за вамі,

але ўжо ня здолее перашкодзіць

твайму першаму афрыканскаму сну —

пра цырк

і сьветласкурую канатаходку,

што ў страшнай высачыні

ідзе над жаўтлявымі руінамі

Картагену,

дзеля раўнавагі

трымаючы ў вуснах галінку

дзікае ружы.

Нарач

У вазе на тваім стале,

схаваўшыся ў букеце

леташніх сухацьветаў,

сьпіць жнівеньская сьпёка,

якой сьніцца

кранутая лёгкім загарам,

стамлёная сонцам і любоўю

цеплакроўная рыбіна,

што лена варушыць

ружовымі плаўнікамі

ў смарагдавай сьвежасьці

падводнага лесу,

які ўзгадаецца раптам

на вышыні 35 000 футаў

над пашытай

з брунатных і зялёных лапікаў

вясковай коўдраю

Шатляндыі.

Люндуш белы, кір папяловы

Учора ўвечары

я адклаў

прапахлы восеньню

і салодкім жаночым потам

рукапіс аповесьці

і нечакана ўзяўся выпісваць

зь сярэднявечных хронік

назвы тканінаў,

якія падараваў бы табе

на сукенкі,

гарсэты й спадніцы

ў часы Берасьцейскай вуніі.

На дзень анёла

ты атрымала б

цяжкі куфар

заморскіх сувояў,

і ўсё дзеля таго, каб,

распаліўшы камін

і адаслаўшы пахолкаў спаць,

блытаючыся ў мудрагельлі

гузікаў і завязак,

шукаць у імбірным прыцемку

спачывальні

тваё маціцовае цела,

якое — удваіх з душою —

чакае мяне

праз чатыры стагодзьдзі,

пасьля палітычнага мітынгу

і вулічных боек зь міліцыяй,

у прадзьмутым ветрам пакоі,

сагрэтым толькі камінам

з імбірнай спачывальні,

чыя замочная шчыліна

сталася працягам вока

маладога слугі —

пакуль я адлічваю

флярыны й талеры за

фаляндыш брунатны,

мухаяр гвазьдзіковы і

адамашак кармазінавы.

Мне яшчэ хопіць на

люндуш белы,

кір папяловы,

аксаміт узорны,

і застанецца пара манэтаў

на зялёную тафту і

згубленую ў дрогкім рыдване

срэбную завушніцу,

безь якой зусім зьмерзла

чуйная ракавінка

дасканалага вуха,

што замест голасу хваляў

ловіць мае крокі

на паплямленым крывёю

менскім бруку.

Варажба на чаінках 27 ліпеня

Завару

ў парцалянавым кубку

з «Пагоняй»

гарбату,

паваражу на чаінках:

ці доўга мне

жыць у доме,

населеным чужымі людзьмі

і задуменнымі прусакамі,

сярод якіх у мяне

завялася апошнім часам

парачка цікавых суразмоўцаў,

ці доўга мне

жыць на вуліцы,

дзе каты ў гэтым сакавіку

ўжо не ўспаміналі

маёй рыскі Басоты,

ці доўга мне

жыць у горадзе,

дзе садзяць за краты

паэтаў, якія калісьці

былі выведнікамі

нашае будучыні,

ці доўга мне

жыць у краіне,

што ўсё часьцей

прыводзіць на памяць

гісторыю пра павука,

якому адарвалі ногі

і загадваюць бегчы,

а паколькі ён ня можа,

робіцца выснова, што

вушы ў павукоў

месьцяцца на нагах.

Завару

ў парцалянавым кубку

з «Пагоняй»

гарбату,

і танец чаінак

застанецца галоўнай падзеяю

гэтага дня.

Экспэдыцыя ў Сахару

Твой драмадэр

мэлянхалічна жуе

схопленую плюшавымі вуснамі

калючку,

старанна робячы выгляд,

быццам спрабуе здагнаць

чырвоны дынар сонца,

што коціцца

за клясычныя барханы,

з-за якіх выходзіць

шакалядавы маладзён

з тузінам піва

ў памаранчавым вядзерцы.

За рахманы нораў

твайго драмадэра завуць

проста кемаль,

а ў перакладзе —

вярблюд,

але ты ўсё адно

глыбока паважаеш яго, бо

пах ягонае мачы

адпужвае вужак і скарпіёнаў.

Наперадзе горад Эль-Флявуар

(у гэтых мясьцінах

любое паселішча

лічыцца горадам):

пяцьсот жыхароў

склікае муэдзін

і прыкладна столькі ж

ляжаць у пытляваным пяску,

навечна павернутыя

спакойнымі тварамі

ў бок Мэкі.

Вока адпачывае

ад кірыліцы і лацінкі,

бэтонны сьфінкс у паранджы

працуе вартаўніком

трохзоркавага гатэлю,

а значыць,

цудадзейная мача

сёньня не спатрэбіцца

і парт’е атрымае шанец

развучыць «калі ласка»

і «дабранач»,

што ніколі ў жыцьці

яму не прыдасца.

Код Беларусі — 375,

і ты маеш

выдатную магчымасьць

у тэлеграфным стылі

паведаміць у мікрафон,

што цябе занесла ў Туніс,

у Сахару,

у тую кропку,

дзе абрываюцца дарогі

і разгортваецца прастора,

населеная толькі міражамі,

крылатымі вярблюдамі

і бляндзіністымі шакаламі

з рубінавымі вачыма.

Парт’е таксама аматар

далёкіх вандровак

і ў жніўні

гуляў зь белай жанчынаю

па Парыжы,

дзе і ты калі-небудзь

будзеш бадзяцца па кавярнях —

адзін ці з чорнай сяброўкаю,

але пакуль што

табе хочацца выйсьці з гатэлю

і расьцягнуцца на цёплым пяску,

павярнуўшыся тварам

да краіны,

у паломніцтва да якой

ператвараецца тваё кожнае падарожжа,

хоць ты патрэбны ёй ня болей,

чым патрэбны зараз

пільным сахарскім скарпіёнам

пад гэтым атрамантавым небам,

засьмечаным цьмянымі сузор’ямі

і чародамі

крылатых вярблюдаў.

Восеньскі тост

Нас трое —

індыгавы вечар,

вохрысты каштан

і я

з пляшкаю цёмнага віна,

якую мы вып’ем

за тваё цела:

спачатку —

за яго высокі гемаглябін

і спачын мікробаў,

што аддана служаць

дзьвюм на год

традыцыйным ангінам,

потым —

за яго садовыя сьцежкі

і авантурныя альтанкі,

дзе дазваляецца гаварыць

выключна шэптам,

потым —

за яго імжыстыя

хрызантэмавыя раніцы

і небясьпечныя дзённыя

пілігрымкі,

за яго скрутныя віры,

падступныя затокі

Перейти на страницу:

Поиск

Книга жанров

Похожие книги