варам − харчам, гароднінай, а таксама адзеньнем, рознай драбязой і начыньнем. Усё, што прадавалася, было раскла-дзена на прылаўках, століках, а таксама ля ног на асфаль-це, на газецінах ці проста выглядвала з расхінутых гаспа-дарчых сумак. Тавару было безьліч, здавалася, тут можна знайсьці ўсё. Але тавары яго цікавілі мала, ягоны інтарэс палягаў у іншым, і ён разумеў, што тое іншае на прылаўках ня згледзіш. Ён болей прыглядваўся да твараў − прадаўцоў і пакупнікоў, што ў цеснаце і штурханіне мітусіліся побач, выбіраў сярод іх пэўны тып − маладога, засяроджанага ў са-бе чалавека, можа «афганца» або «чачэнца».
У гэтых якраз і можна было нешта здабыць. Зброю ці наркоту. Неяк яшчэ зімой ён прыходзіў сюды з жонкай па бульбу і ў аднаго чарнявага, з выгляду каўказца, прыцаніўся да яго жоўтых гранатаў. Калі той назваў цану, пажартаваў: «Ого, бы лімонкі». «То фрукты, а не лімонкі − крыўдліва паправіў гаспадар. − Лімонкі таньней будуць». − «А што, ёсьць і лімонкі?» − жартам пацікавіўся Ступак. «Знойдзем, калі трэба», − хітравата падміргнуў каўказец. Тады Ступаку лімонкі не былі патрэбныя, але во цяпер…
Аднак жа, чаго трэба, менавіта таго і не бывае ў гандлі. Нават і на базары.
Дарма і доўга ён швэндаўся ў гаманкім базарным натоўпе, так і ня ўбачыўшы нічога здатнага. Пытацца ж у каго не наважыўся, адчуваў, нямала тут шылася і таптуноў, пераапранутых міліцыянтаў, кадэбэшнікаў, людзей са службы бясьпекі, якімі цяпер кішэлі вуліцы, вакзалы ды і базары таксама. Мабыць, тыя парадаваліся б, калі б спазналі, што побач шляецца кілер, шукае зброю. Хаця і без таго можна было проста і здорава ўліпнуць, калі б яго апазналі як удзельніка нядаўняй стычкі. Але во пакуль не пазналі, мабыць, там, на прасьпекце, не было знаёмых. Ля піўнога ларка ён нядоўга пастаяў у чарзе, выпіў цеплаватага піва, ледзьве ўтрымаўшы цяжкі куфаль у хваравітай руцэ, якая ўсё балела, асабліва ў плячы. Выпівох тут было нямала, але ўсе звычайныя півасёрбы, якія прагнулі адно − захмялець. Такіх жа, у каго можна было нешта здабыць, здаецца, не траплялася. I ён думаў, што, мусіць, ня так гэта проста прыдбаць зброю. Пісталет ці лепей славуты АК. Увесь сьвет завалены гэтымі Калашнікавымі, з ім ваююць цэлыя арміі, робяцца ўрадавыя перавароты, скідваюць і ўсаджваюць дыктатараў. А тут во, на ягонай радзіме, калі спатрэбілася, нават за баксы ня знойдзеш. Да чаго адсталая краіна, зласьліва думаў самадзейны кілер.
Краіна, можа, і была адсталая, але не былі адсталыя яе сьпецслужбы, і Ступак ведаў гэта. Ва ўсякім разе на рынку ён так і не наважыўся нават запытаць у каго-небудзь пра сваю патрэбу і надвячоркам прыбрыў дадому. Дзьверы аж трох гаражоў былі расчыненыя, але машынаў перад імі не было відаць, значыць, аўтамабілісты нікуды не сьпяшаліся. Два з іх − Сазон Іванавіч і малады хлопец Аляксей − стаялі каля Плешкавага гаража. Ступак насьцярожана падышоў да іх, здаецца, тым перапыніўшы размову, і ён падумаў: ужо ці не пра яго ішла гаворка? Але, мабыць, не пра яго.
− Ну, Мінкевіч у бэнээфе, мужыкі казалі, − гучаў з гаража Плешкаў голас. Іншыя два маўчалі. Памаўчаў і Ступак.
− То-то, гляжу, по-белорусски разговаривает, − не зразумець, з захапленьнем ці асуджаючы, сказаў сівагаловы Сазон Іванавіч. − Нацдем!
− Размаўляе, як хоча, − азваўся Плешка.
− Э нет, не как хочет. Это у них установка такая, в бэнээфе, чтобы другие не поняли.
− Ты ж во панімаеш, − выглянуў з-за «Запарожца» Плешка.
− Не понимаю и понимать не хочу! − выказаўся Сазон.− Я русский человек и русским умру.
− Ну, а ён, можа, беларусам хоча памерці, − упарта пярэчыў Плешка.
Той Мінкевіч ня быў тут нікому сябрам, быў проста суседам ня болей, і Ступак ставіўся да яго спакойна. Але і Сазон ня выклікаў у яго вялікай сімпатыі, бо амаль заўжды быў злы і зацяты. Хаця па цяперашнім часе тое было не навіна, шмат хто злаваўся і раздражняўся, але ўсё ж неяк стрымліваўся. Сазон жа адкрыта і голасна наракаў на жыцьцё, развал СССР, апошнімі словамі пляжыў «агента ЦРУ» Гарбачова і часьцяком бегаў у адноўлены райкам партыі, дзе ва ўсю ішла палітычная мітусьня камуністаў. Галоўнай прапагандовай сілай там былі ветэраны вайны, пенсіянеры ды адстаўныя чэкісты.
− Придумали еще нацию − белорусы! − крыху цішэй бурчэў сам сабе Сазон. − Чтоб русским кислород перекрыть.
− Але ж Мінкевіч дэмакрат, ён не супроць іншых, − ціха азваўся Аляксей, які да таго зважліва маўчаў побач.
− Демократы! Дерьмократы проклятые, − сказаў і смачна вылаяўся Сазон. − Все за доллары работают. Под американский заказ!
− Ня ўсе, − стаяў на сваім ціхманы Аляксей.