Краем бульбянішча яна выбегла на дарожку, адкуль ужо было рукой падаць да яе панішчанай вёсачкі, адзін выгляд якой неадчэпнаю скрухай сьцяў сэрца, — скрозь каміны, абпаленыя дрэвы, чорнае пажарышча ад сядзібаў, гумнаў, хляўкоў. Можа, якіх чатыры ці пяць будынінаў (два хляўкі, лазьня ля сажалкі і Петракова варыўня на агародзе) усяго і ацалелі з таго канца вёскі. З гэтага ж не засталося нічога, апроч яе хаткі на водшыбе.
Яшчэ бегучы па выгане, яна неспадзёўкі заўважыла там людзей — за парканам на яе падворку мільганулі дзьве постаці, зьнерухомелі, сталі, мабыць, узіраючыся ў яе. Яна таксама ўгледзелася пільней і неўзабаве пазнала аднаго, то быў старэйшы Піліпёнак у высокай, з казырком шапцы, што летась, казалі, прыдбаў у Заходняй, як ганяў скаціну, — тут такой шапкі не было ні ў кога. Хутка, аднак, яна пазнала і другога, — ягонага брата Віцьку, які, прыгнуўшыся, штосьці валок па падворку. Але якая халера прыгнала сюды гэтых Піліпёнкаў, што ім спатрэбілася тут? — падумала Серафімка. Яна не любіла гэтых людзей, зрэшты, як не любілі іх і ўсе навакольныя людзі, адны баяліся, другія ненавідзелі гэтых нячыстых на руку і на дробныя ўчынкі пакасьнікаў. Праўда, гадоў колькі таму яны разлучыліся: старэйшы прыстаў у прымакі да адной маладзіцы з Лядаў, а малодшы зьехаў у Оршу. Ды во цяпер зноў сышліся…
Але, мусіць, няпрошаныя госьці таксама згледзелі яе, трохі пастаялі на падворку і, бы злыдні, нетаропка падаліся на зады, сьцежкай да сажалкі. Яны і не хаваліся нават, валюхаста клыпалі, зрэдчасу азіраючыся на яе, і ў яе блага заныла сэрца: чаго іх прыпёрла сюды ў такі бедалажны час?
2. Хлебнікаў
Застаўшыся адзін у траншэі, капітан Хлебнікаў зьнямогла пасядзеў з пісталетам у руцэ, а пасьля паставіў яго на ахоўнік і з вялікім намаганьнем узгрэбся на ногі. Пісталет ён ашчадна запіхаў у кішэню сваіх перапэцканых у гразі дыягана-левых брыджаў, а сам, расставіўшы ўбакі рукі і лапаючы імі па сьценах цеснай траншэі, пабрыў да напаўзаваленай нары — уваходу ў камандзірскі бліндаж, дзе ён бясконца доўга праваляўся ў кутку на нейчым пакінутым шынялі. Ён і цяпер зьнясілена выцягся на ім, правым бокам угору, каб мець пад рукой пісталет, які ён ашчаджаў цяпер болей за ўсё іншае. Увесь час ён баяўся ўпусьціць яго з рук, запэцкаць гразёй, бо калі яна трапіць у ствол, як тады ён стрэльне ў самы крытычны момант? А стрэліць, мусіць, прыйдзецца, у немца-фашыста ці ў сябе самога, без таго ўжо, відаць, не абыдзецца. Жахлівы ваенны лёс капітана цяпер ушчыльную падвёў яго менавіта да такой магчымасьці. Нічога лепшага ён ня бачыў наперадзе. Як наогул нічога ня бачыў.