Мясцовасьць тут паніжалася, было болей стаячай вады, дно траншэі ператварылася ў гразкае месіва, і ён далей не пайшоў. Пад вечар рабілася холадна, у траншэях гуляў нейкі асаблівы траншэйны скразьняк, ён даўно ўжо прабіраў лёгка апранутага обер-яфрэйтара. Зноў жа, сыпаў гэты надакучлівы дождж. Схавацца ад дажджу тут проста не было дзе. Праўда, на тым фланзе, бліжэй да дарогі, было некалькі пяхотных нораў, у якіх можна было б трохі затуліцца ад дажджу. Але там, ля дарогі, было, мусіць, больш небясьпечна, чым на гэтай балацявіне, і Хольц стараўся там не паказвацца. Мінулую ноч ён прапакутваў пад разьбітым, спаленым самаходам непадалёк ад брукаванкі, там дужа сьмярдзела паленай гумай і жалезнай акалінай, і ён болей дрыжэў, пад сваёй плашч-палаткай, чым спаў. Дзе яму пераспаць сёньня, ён проста ня мог прыдумаць і ад ранку сноўдаў па траншэі. Гэтыя рускія ўсё ж надзіва непрактычныя людзі, думаў обер-яфрэйтар, ладзілі абарону, столькі накапалі траншэяў, асноўных і запасных пазіцыяў, а крытых бліндажоў абсталявалі ўсяго два. Адзін разьбіла прамым пападаньнем снараду, і там цяпер будзе сьмярдзець ад непрыбраных, расшкуматаных трупаў, другі вось заняты гэтым параненым. Хоць ты яго выкурвай адтуль гранатай? Ці, нібыта ў гаспадара, прасіся пераначаваць?

Перейти на страницу:

Похожие книги