Усё кашляючы, ён застаўся ў запечку, а яна прынесла дроў і ўзялася распальваць у грубцы. Спакваля, неяк неахвотна тыя ўсё ж загарэліся. Дым трохі ішоў праз дзьверцы, а трохі ў комін — усё ж было лепш, чым у печы, з якой ён увесь валіў цераз чалесьнік у хату. Толькі вось зварыць што ў грубцы было цесна і нязручна, трэба было чакаць, калі збольшага прагараць дровы.
Накашляўшыся, Дземідовіч, мабыць, заснуў. У хаце, як заўжды, стала ціха і глуха, дровы паціху гарэлі, і яна, прымасьціўшыся на ўслончыку, перад дзьверцамі грубкі, узялася абіраць бульбу. Маленькі чыгунок з вадой неяк уладкавала збоч ля агню — гэта на зёлкі. У сенцах у яе было запасена з лета трохі сушонага маліньніку, чабару ў мяшэчку і яшчэ адной травы — заячых хвосьцікаў, якая, казалі, дужа памагала ад прастуды. Даўно ня белены, абшкрэбаны бок грубкі патроху цяплеў, але холад у хаце ад таго ня меншаў, па-ранейшаму праз шчыліны з вокнаў задуваў вецер. Звыкла гонячы з бульбіны тонкую ацяробку, Серафімка думала пра брата Мікалая. Ён быў аднагодак гэтага Дземідовіча, яны разам вучыліся ў педтэхнікуме, яшчэ ў тыя даўнія гады маладымі хлопцамі прыехалі ў мястэчка настаўнічаць — Дземідовіч выкладаць гісторыю і грамадазнаўства, а яе Мікалай — беларускую мову і літаратуру. Яны добра сябравалі і нават нейкі час кватаравалі разам у доўгім, як стадола, будынку крывога Рыўкінда за сінагогай, аж покуль Мікола не ажаніўся з настаўніцай пачатковых класаў. Тады Дземідовіч і перайшоў на кватэру да гэтага Асоўскага. Як у брата нарадзілася дачушка Аленка, Серафімка перабралася з вёскі ў мястэчка няньчыць малую і спакваля зрабілася амаль паўнаўладнай гаспадыняю ў невялічкай братавай сямейцы: даглядала малую, хадзіла на кірмаш, у лаўкі, прыбірала, гатавала ежу настаўнікам, якім заўжды было некалі: увесь дзень рабілі ў школе, а ўвечары сядзелі над сшыткамі, рыхтаваліся да ўрокаў. Апроч таго, Мікалай неўзабаве ўцягнуўся ў грамадскія справы, ставіў у РДК сьпектаклі і нават пару разоў вадзіў туды і яе, — як іграў сам з жонкаю Ядзьвігай Іванаўнай. Помніць Серафімка, пастаноўка была дужа сьмешная — як да маладой дзяўчыны падбіваўся пажылы шляхцюк, а яна не хацела выходзіць за яго, бо кахалася са сваім маладым хлопцам. Дужа сьмяяліся тады ўсе, а Мікалай і іншыя артысты доўга радасна кланяліся са сцэны, і Серафімка поўнілася гонарам, так ёй хацелася сказаць усім, што гэта ж яе родны брат такі здатны артыст. Здаецца, Дземідовіч тады таксама ўдзельнічаў у п’есе, а пасьля яны ўсім гуртом завіталі да іх на кватэру, выпівалі. Серафіма частавала іх клёцкамі — было тое якраз на мясаед пасярод зімы.
Так, сябравалі, працавалі разам, а калі і што здарылася паміж імі, Серафімка ня ведала дагэтуль. Памятае толькі, як аднойчы позна прыйшоўшы з нейкага сходу, Мікалай здаўся ёй надта расстроеным, проста разьюшаным нават, Ядзьвіга Іванаўна ўсё ўгаворвала яго, суцяшала, а ён круціў галавой і чагосьці ня мог даўмецца. Назаўтра ранічкай, застаўшыся адна з нявесткай, Серафіма запыталася пра брата, і тая скупа адказала: «Абвінавацілі ў нацыяналізме». — «У чым?» — не зразумела Серафімка. «У тым, чаго горш не бывае», — цьмяна растлумачыла нявестка.