О, я да скону буду ганарыцца тым, што музыку маю слухаў і сам кароль! Але гэта было пасля; а да таго не раз наведваўся ў касцёл яго міласць, пан рэктар, пытаўся пра мае поспехі і ласкава гаварыў, што адчуваю я бажэсцвенныя сферы музыкі, многае мне падуладна, але прарываецца ў маіх тварэннях нешта халопскае, мірское. Я і сам разумеў, што вінаваты, але ж адчуваў, што яны таксама ўдзень і ўначы гучаць ува мне, плачуць і лашчаць… Яны, песні маёй маці…

А днём сядзеш за арган — скрозь магутныя гукі гімна, харала, фугі нячутна прарастаюць, як першае жыта скрозь цвёрдую скарынку зямлі, падслуханыя ў сне «Ой рана на Йвана», «На лузе каліна чырвононькая…». Сам не разумеў, калі пальцы пачыналі слухацца не нотных значкоў, а гукаў тых далёкіх, і вось ужо несліся яны па ўсяму касцёлу, і быццам душа мая таксама ўзнімалася ўвысь.

Можа, ад таго я і не стаў панам, не паддаўся празе багацця і раскошы, не пераўвасобіўся ў аднаго з тых, хто прыходзіць слухаць маю ігру. Меў бы, калі б хацеў, многа грошай — але навошта мне яны? Не так і многа трэба чалавеку для шчасця, голым прыйшоў ён у гэты свет — такім і вернецца назад, ва ўлонне зямлі.

Ёсць у мяне мая работа, і шмат напісаў за сваё жыццё касцельных гімнаў, харалаў, мес. Іх іграюць у касцёлах, яны, запісаныя на паперу, пералятаюць межы каралеўства.

Але ёсць яшчэ тыя, пра якія не ведае ніхто. Запісаныя яны ў тоненькі сшытак, які хаваю кожны раз, калі выходжу з дому. Іх складаю ўпотай, на старэнькай фісгармоніі, якую паставіў у цесным пакойчыку. А хто прачытае іх, хто прайграе — не ведаю. Няма вакол нікога, каму мог бы даверыць іх, бо харалы гэтыя пра зямлю маю, пра мае Азяроды, пра народ, забіты і забыты богам, народ, які не мае нават свайго імя…

Толькі мой Мацэліус слухае яе.

Саромеюся я гэтай музыкі свае і гапаруся ёю. Хаваю ад усіх — і гатовы аддаць першаму, у кім яна адгукнецца маім болем; удзячны за ўсе яго міласці, майму духоўнаму настаўніку — і ненавіджу яго часам да звону ў скронях.

I так жыву, раздвойваюся на часткі. Іграю тое, за што атрымліваго почасці і славу, а пасля службы спяшаюся хутчэй на ўскраіну Вільні. Спапяляючая, шалёная радасць авалодвае сэрцам, калі саджуся за свой інструмент, калі пакойчык мой напаўняецца гукамі забытых песняў… вечнымі гукамі песняў маёй маці…

Перейти на страницу:

Похожие книги