Дзень цягнуўся бясконца. Сонца нібыта завісла на небе. Забаву даймаў сон, але ён вырашыў не спаць. Больш як дзесяць разоў абышоў сваю пляцоў- ку, усё не мог дачакацца змяркання.

Было каля трэцяй па абедзе, і сонца ўжо даволі знізілася, калі Забава, лежачы пад сагнутай ялінай, пачуў нейкія шоргаты, якія вылучаліся сярод іншых лясных гукаў... Дзесьці трэснуў дубчык, хлюпнула вада ў балоце, зашастала трава. Забава агледзеў наваколле. Пасля працяглага ўзірання заў- важыў у далечыні мужчыну, апранутага на манер засцянковага шляхцюка ў чорны сурдут, высокія боты і цёмна-сінюю шапку з лакіраваным брыльком. Спыніўся на адлегласці ста крокаў ад Забавы і ўважліва аглядаў мясцовасць. Зноў пакуламесіў па балоце. Зварочваў направа і налева, апісваючы кола, аглядаў зямлю пад нагамі. Забава занепакоіўся, але нікога больш не бачачы паблізу, вырашыў яшчэ пачакаць. А мужчына ў чорным сурдуце ўсё кружляў паблізу выспачкі, ходзячы ў радыусе прыблізна ста крокаў. Працягвалася гэта каля паўгадзіны.

«Якога д’ябла? Чаго ён хоча? — думаў са злосцю Забава. — Хай сюды прыйдзе, я яго прывітаю! Шукае гузака, ён яго знойдзе!»

Незнаёмы, пераскокваючы з купіны на купіну, праходзіў праз багну ў кі- рунку выспы. Забава прысеў на кукішкі ля ствала паваленай яліны і чакаў. Калі мужчына ў чорным сурдуце ступіў на выспу, дык атрымалася так, што спыніўся акурат ля ствала яліны, а паколькі круціўся, уважліва аглядаючы адсюль балота, дык Забава ў нейкі момант апынуўся за яго спінай. Выпра- стаўся і паклаў яму левую руку на плячо.

— О... о... о..! — выгукнуў мужчына, адскочыўшы.

— Ла-апкі ўгору! — працадзіў праз зубы Забава.

Незнаёмы, ахоплены жахам, падняў рукі ўгору, не зводзячы вачэй з рэ- вальвернай рулі, быццам штохвіліны чакаючы стрэлу.

— Садзіся! — сказаў Забава.

Незнаёмы пахопліва сеў. Забава абшукаў яго кішэні, знайшоўшы ў іх: сцізорык, тытунь, газетную паперу... Зброі і дакументаў не было.

— Ты адкуль?

— З Краснага.

— Як прозвішча?

— Бакут.

— Чаго тут лазіш?

— Так сабе...

— Так сабе?.. Ведаю вас: самагонныя апараты хаваеце!.. Так? А ты тут пільнуеш! Так?

— Не, таварышу, далібог...

— Бога можаш і не любіць!.. Нешта ты тут круціш! Кажы лепш праўду, бо забяру з сабой у Менск.

— Скажу праўду, таварышу! Я тут аніякіх «кумпірацый» не маю... Быў я ў лесе і знайшоў папяросную паперу.

Паказаў Забаву папяросную паперу, якую трымаў у левай руцэ; пасярэдзі- не яе малымі, залатымі літарамі было надрукавана: «Solali». Гэтую курыльную паперу, калі Забава, адпачываючы паблізу багны, круціў цыгарэты, вырваў вецер, аднёсшы на некалькі крокаў далей. Забава паленаваўся яе шукаць.

— Што ж з таго, што ты знайшоў папяросную паперу?

— Папяросная папера замежная, у нас такіх няма. Мы, сяляне, з газеты самакруткі палім. Вось я і пайшоў шукаць па слядах, бо тут павінны быць дзесьці людзі з-за мяжы, з Польшчы... кантрабандысты...

— Можа, гэтая папяросная папера некалькіх дзён ужо тут ляжыць?

— Не... Свежая... Каб даўно ляжала, тады б яе раса пад’ела і пакур- чыла...

«Як трэба асцерагацца! — думаў Забава. — Найменшая драбяза можа цябе выдаць!»

Затрымаўшы селяніна пры сабе і па-ранейшаму прыкідваючыся «упа­дай», Забава распытваў яго спачатку пра самагонку, а потым пра шмат што іншае дзеля інфармацыі, бо яшчэ не вельмі добра ведаў памежжа.

Ужо густыя цені дрэў клаліся ў лесе, калі адпусціў свайго палоннага.

— Ідзі сабе, — сказаў, — толькі глядзі, бо мне нешта не вельмі хочацца табе верыць. У вас народ хітры! Ой, хітры!

Селянін скіраваў на паўднёвы ўсход, паспешна ідучы праз балота ў кірун- ку гасцінца. Калі яго крокі аціхлі, Забава выцягнуў з-пад яліны мяшок са шкуркамі, замацаваў яго зручна на спіне, праверыў зброю і рушыў на захад, асцярожна пераскокваючы з купіны на купіну.

* * *

Забава блукаў дзесьці паблізу мяжы. Нягледзячы на тое, што меў з сабою компас, не мог выйсці на вядомую яму дарогу, а пераходзіць з таварам мяжу ўсляпую, у невядомым месцы, не хацеў. Блукаў па цёмных, як тунелі, сця- жынах, ахінутых, нібы скляпеннямі, галінамі ляшчыны. Чуў удалечыні спеў чырвонаармейцаў, але слоў за вялікай адлегласці не мог разабраць.

Вырашыў абавязкова выйсці на гасцінец і пераходзіць мяжу паблізу яго. Амаль з гадзіну ішоў назад на ўсход, а потым скіраваўся на поўдзень. Такім чынам аддаліўся ад мяжы і, як яму здавалася, павінен быў знайсці гасцінец. Увайшоў у вялікі лес. Магутныя хвоі стаялі чорныя, змрочныя і здавалася, што сваімі кронамі падпіралі неба. Пахла грыбамі, цвіллю і гнілой драўнінай. Паветра было вільготнае... Сцяжына вілася між кустоў і дрэў... Перасякалі яе, як набрынялыя вены, магутныя карані лясных волатаў. Лес станавіўся ўсё гусцейшы.

«Напэўна, паблізу будзе рачулка», — думаў Забава. У адным месцы давя- лося яму затрымацца даўжэй. З левага боку ад сцяжыны, па якой ішоў, адчуў на сабе погляд. Спыніўся... Злавесныя фасфарычныя вочы глядзелі з цёмнай глыбіні лесу.

Перейти на страницу:

Похожие книги