Звык у новым для сябе асяродку і пачуваўся, як рыба ў вадзе. Умеў лёгка прыстасоўвацца да любых нечаканых акалічнасцей і прызначанай ролі. Гэта быў яго талент, удасканалены доўгімі гадамі небяспечнага жыцця ў агні вайны, віры рэвалюцыі. Канспіратыўнае жыццё насычала яго радасцю. Любіў хавацца пад чужымі прозвішчамі, праслізгваць з горада да горада, адчуваць заўсёдную рызыку і напругу нерваў. Жыць даведзенай да дасканаласці вёрткасцю гнанага звера. Для яго гэта была тая стыхія, як для добрага плыўца вада: прыемная і — заўсёды небяспечная, няпэўная.
Меў спраўныя дакументы (зразумела: падробленыя). «Уліковая картка» і «працоўная кніжка», выдадзеныя «ў Маскве ў Арбацкім раёне». На першым дакуменце, у правым верхнім ражку, кідаўся ў вока выдрукаваны і тлуста падкрэслены лозунг:
У вагоне ехалі пераважна вайскоўцы. Цягнік быў бітком набіты. Ішоў са звычайным спазненнем больш чым на дзесяць гадзін. Гэта здаўна ўсталявалася і было звычайнай з’явай на савецкіх чыгунках.
У Гомелі, беручы прыклад з іншых пасажыраў, пераважна салдат, Забава сеў у вагон праз акно. Месцы здабываліся пры дапамозе кулакоў. Крык, шум, праклёны чуліся наўкола. Вагоны выглядалі як фарты, атакаваныя вар’ятамі.
Быў у дарозе некалькі гадзін. Смурод і задуха запаўнялі вагон. У суседнім купэ ехала некалькіх чырвонаармейцаў, гарачых аматараў паспяваць. Дзёрлі горла не перастаючы, спявалі адну песеньку за другой і змаўкалі толькі на станцыях. Забава прыхіліўся спінай да перагародкі купэ, прыплюшчыў вочы і драмаў. Гучала прыглушаная пастукваннем колаў песенька:
Перад вачамі Забавы ўзнік твар спадарыні Ядвігі. Прыгожы, вытанчаны пакутамі твар. Бачыў яе гэтак нядоўга, але зрабіла на яго глыбокае ўражанне: не пачуццёвае, а эстэтычнае. Любіў прыгожыя твары, а твар спадарыні Ядвігі быў незвычайнай пекнасці. Асабліва ўпрыгожвалі яе цудоўныя залацістыя вочы, казачная ўсмешка і багатыя валасы, нібы адлітыя з бронзы. Калі спадарыня Ядвіга ў гутарцы з ім смяялася, адчуваў, як яго быццам штосьці цёплае ахутвала ў грудзях, пераймала дыханне, і ён захоплена глядзеў ёй ў вочы.
А жаўнеры далей спявалі з жарсцю, якая выклікала ў іх «мілка-ўмілаваная», калі з’яўлялася на вуліцы:
Злева ад Забавы сядзеў армянін, які пры пэўных рэфрэнах песенькі гучна пляскаў далонямі па каленах і манерна голасна смяяўся:
— А-ха-ха-ха! Ма-а-ла-дзец!.. Нават коні!.. ха-ха-ха!.. Яшка! — крыкнуў у наступнае купэ, дзе ехаў «хор» і дзе меў кагосьці знаёмага. — А заспявайце ну, наш адэскі «Чайнік»!
— Добра!
І неўзабаве хор заспяваў «Чайнік». Пасля першай, запеўнай страфы надышла чарга другой, якую «ўсходні чалавек» успрыняў з асаблівым захапленнем, падпяваючы, свішчучы, цмокаючы вуснамі і б’ючы ў ладкі. Армянін тупаў у такт песенькі, жудасна вырачваў вочы і па-змоўніцку падміргваў да развяселеных пасажыраў, нібы прапаноўваючы ім далучыцца да ягонага захаплення.
У Жлобіне зайшоў чыгуначны кантроль — ЧК. Праверылі дакументы. Тры чэкісты абыходзілі купэ. Адзін браў дакументы і падаваў таварышам да прагляду. Тыя ўважліва глядзелі кожны дакумент, а некаторыя паперкі, сумнеўныя, нават глядзелі на святло. Калі прыйшла чарга Забавы, нядбайна падаў дакументы чэкісту. Той іх прагледзеў.
— Чаму вы, — звярнуўся да Забавы, — будучы сталым жыхаром Масквы, маеце ўліковую картку са смаленскага ваенкамата?
— Працоўная кніжка выдадзена мне была у 21-м годзе, а ўліковая картка ў 22-м. У маі гэтага года я выехаў на службу ў Смаленск як манцёр і тамака прымацаваўся ў ваенкамаце.