— Менавіта — перапыніў яго Юзаф. — А як тое лепшае жыццё назавуць: манархізм, дэмакратызм, сацыялізм — усё роўна, бо сутнасць не ў словах і лозунгах, а ў самім жыцці. І калі хтосьці, мой паночку, учыніць які галадамор, зробіць усіх жабракамі, беднякамі, пазбаўленымі ўсялякіх правоў, і скажа, што гэта вольнасць, роўнасць і братэрства, я скажу яму: ты хлусіш, гэта турма, гэта могільнік. Крычаць: буржуазія, буржуазія. А ў чым буржуазія правінавацілася? Англія культурная?. Так. Чаму?. Бо любіць працу. Кожны англічанін — чалавек слова і ўчынку. Я там быў; ведаю іх. Бельгія, Францыя, Швецыя, Нарвегія, Швейцарыя гэтаксама. Галандыя ў мора зямлю адваёўвае. Данія з ветравейных пяскоў ураджайную глебу стварыла. Альбо найбліжшы сусед наш, Фінляндыя: на скалах жывуць, у суровым клімаце, а параўнайце іх культуру з нашай. Пацеха. У нас еўрапейскай культуры ніколі не было і не будзе, бо людзі тут — гной, а гной толькі на тое варты, каб зямлю ўгнойваць, на працу ж інтэлігентную розум патрэбен. Дарма марнуюць найбагацейшую краіну ў свеце, з голаду канаюць і пры гэтым зайздросцяць буржуйскай манішцы, а не ведаюць, набрыдзь, што той немец, калі трэба, па 16 гадзін працуе ды яшчэ як працуе.
Пан Юзаф напоўніў кілішкі. Выпілі.
— Або грамадзянская свабода, — працягваў Юзаф. — Камедыя, паночку. Англія — манархія, а там грамадзянін карыстаецца найбольшымі свабодамі. Расея — дзяржава сацыялістычная, камуністычная, а ў яе найменшыя грамадзянскія правы. Але дзе там «найменшыя». Проста ўлады ставяцца да грамадзяніна горш чым да быдла . Не-на-ві-дзяць. Бо так падманваць, эксплуатаваць і катаваць могуць толькі садысты, якія ненавідзяць. шалёна. да смерці.
Маўчалі. Было ціха.
— Едзь, пан, у Польшчу, — сказаў праз некалькі хвілін Забава.
— У Польшчу. А навошта? З якой прычыны? Я тут 25 гадоў прапрацаваў. Тут маё месца. Я чалавек працы. Працу я люблю. Сам за пяцярых працаваў. Але цяпер. не жадаю і не буду. Няхай і са мною маюць клопаты. Я спецыяліст, цясляр; працу і цяпер магу знайсці — спецыялісты патрэбныя. А я не жадаю. Вось і далей як перакупшчык буду спекуляваць, але за фунцік солі ў год і двух фунтаў гароху рук сабе ўрываць не жадаю. Абыдзецца. А здохну. не шкада, хто ў пекле жыве, анічога згубіць не баіцца. Мне б яшчэ толькі дачку з Андзяй у Польшчу перавесці; даволі тут савецкага райскага міндалю наеліся. А з кожным годам усё горш. Ужо 5 гадоў гэтак мучымся і канца не відаць. Блага, паночку, блага.
За акном гойсаў вецер. Спрабаваў задубелымі пальцамі адчыніць аканіцы. Не здолеў і заплакаў... Па даху барабаніў дождж.
— Блага, паночку, блага. — гучаў у вушах Забавы голас пана Юзафа.
Укамендатуры 8-й пяхотнай дывізіі ў Бабруйску дзяжурны афіцэр прагледзеў дакументы Забавы.
— З якой мэтай патрэбны вам пропуск?
— Хачу даведацца пра службовае прызначэнне таварыша Андрэя Смоліна, які служыць у 8-й дывізіі.
— Сумняваюся, каб у штабе дывізіі гэта было вядома. Лепш за ўсё ў палку...
— Палкоў тры і яшчэ кавполк. Невядома, дзе шукаць.
— Калі ласка, вось пропуск...
Праз паўгадзіны Забава быў у штабе дывізіі. Агледзеў памяшканні. Звяртаўся да некалькіх пісараў, распытваючы іх пра таварыша Андрэя Смоліна, нарэшце выйшаў на вуліцу.
Быў страшэнна стомлены. Хацелася спаць. Чатыры дні быў у дарозе. Аб’ехаў некалькі местаў. Акалічнасці склаліся так, што нідзе не мог выспацца... На вакзалах піў «моцную», падробленую, напараную з содай гарбату; выпаліў мноства цыгарэт і драмаў на хаду.
Да цягніка засталося 4 гадзіны, таму пайшоў да крэпасці. Мінуў цудоўны бор, які ахінаў крэпасць, які быў напалову высечаны. Валы і абарончыя равы мелі вартыя жалю стан. Усярэдзіне крэпасці большасць будынкаў былі разбураныя і дагэтуль не адноўленыя, хоць не было дзе рассяліць салдат. Велізарныя комплексы будынкаў змрочна зеўралі чорнымі праёмамі акон і дзвярэй. Некаторыя пабудовы ляжалі ў друзе.
На адным з шырокіх пляцаў муштравалі жаўнераў, якія неахвотна выконвалі каманды. Забава сеў на ганку нейкага будынка і прыглядаўся да людзей, што сноўдалі, як мурашы. Адна група жаўнераў спявала:
Пайшоў далей. Ішоў, як аўтамат... Часам яму здавалася, што ён стаіць на месцы, а наўзбоч праплываюць будынкі.
«Дзіўна», — думаў. Але зараз жа стомлены мозг падказваў: «Гэта не будынкі рухаюцца, гэта ты ідзеш». Ішоў і шаптаў: «Ага. Гэта я іду... іду...»
Вілася ў паветры песенька жаўнераў.
«...Шчасця ключы... — шаптаў Забава, — шчасця... Ах, як хочацца спаць.»