Я адкрыў карты. Меў слабую карту — блефаваў. Адкуль прыдбаць яшчэ адну ўзятку? Адкрыў «прыкуп» і ўбачыў, што мне пашанцавала.

Лізка біла ў ладкі і весела смяялася. Озімаў пачырванеў ад злосці, найперш таму, што я не даў яму гуляць (а таксама меў добрыя карты); па-другое таму, што не толькі — як спадзяваўся — я не ўляцеў, але яшчэ гэтак добра выйграў «уцёмную», што значна паправіла маю гульню; па-трэцяе, злавала яго Лізкіна радасць, выяўленая гэтак гучна за мой выйгрыш.

Канчаткова я падняўся з-за стала прайграным, але здаволеным. Зразумеў толькі, што ў Озімаве прыдбаў ворага, які не ўпусціць найменшага выпадку, каб мне нашкодзіць — холадна, разважліва, па ўсіх правілах «тактыкі».

Калі развітваўся з Брагінымі, каб пайсці ў свой пакой да спадарыні Жарскай, Лізка асабліва моцна паціснула мне руку. «Можа, гэта таксама тактыка. жаночая», — падумаў, адказваючы ёй моцным поціскам.

Назаўтра пайшоў да спадарыні Двалінскай. Мела вельмі сумны выгляд.

— Пан неяк змяніўся — сказала, прывітаўшыся са мной.

— З чаго пані зрабіла гэткую выснову?

— Так. Я гэта адчуваю.

Абгаварылі справу яе выезду, пра які распачала захады.

— Не ведаю, што з таго атрымаецца, — казала спадарыня Ядвіга. — Патрабуюць шмат дакументаў, а я нічога не маю. Усё загінула падчас пажару.

Я імкнуўся развесяліць спадарыню Ядвігу; распавядаючы пра жыццё ў Польшчы, памалу падняў ёй настрой.

— Няхай пані не хвалюецца, — сказаў я. — Калі не атрымаецца выехаць легальна, тады правяду пані праз «зялёную мяжу».

— Было б добра, — адказала спадарыня Ядвіга — толькі як вось Андзя?

— Калі прыйдзецца, дык і Андзю перанясём, — сказаў ёй. — Зрэшты, маем на гэта час.

Я катэгарычна забараніў ёй дапамагаць мне, да чаго яна зноўку выказала ахвоту. Сказаў, што ў мяне надзейныя крыніцы і пакуль што нічога не патрабую. Даручыў толькі трымаць сталы кантакт з чэкістам, якому прынёс какаін і якога намерваўся выкарыстаць у будучым як інфарматара. Пакуль што прасіў, каб па-ранейшаму купляла для мяне і камплектавала пэўную карэспандэнцыю, якую забіраў з сабой у Польшчу.

Гаспадар Юзаф дапамог мне скласці дакументы ў пакет. Меў я тры вялікія партрэты: Леніна, Троцкага і Луначарскага. Каб па дарозе яны не згамталіся, накруцілі іх на гладкі кій і ў некалькіх месцах абклеілі паперай.

Беручы па чарзе партрэты, гаспадар Юзаф прамовіў:

— Ленін, Уладзімір Ільіч Ульянаў; ведаю яго: дваранін, белая костка, блакітная кроў. фантаст; мог аднолькава стаць манахам як і рэвалюцыянерам, але занадта прагнуў улады і ўзяўся за палітыку. Бо кожны рэвалюцыянер мае вар’яцкую цягу да славы і панавання. Троцкі — Бранштэйн Лэйбусь — і гэтага ведаю: чалавек з маніяй велічы, з душой гандляра і акулы з чорнай біржы. Луначарскі: і гэтага я ведаю — панічок, бабнік, заблудны эстэт. Усе кар’ерысты! Дзеля ўлады гатовыя горлы перагрызці. Найбольш агіднае, што яны ўтварылі, дык гэта падбухторвалі натоўп супраць учарашніх сваіх таварышаў. Нават супраць сваякоў, можна сказаць — супраць саміх сябе. Яны ліслівілі перад салдатнёй, зразумела, смеючыся ў кулак. Бо нельга захапляцца кансерватыўным, тупым, хцівым, злосным, хітрым расейскім хамам, гатовым поўзаць перад кожным моцным і задушыць кожнага слабейшага? За што можна паважаць салдата, учарашняга селяніна? За тое, што быў апірышчам царызму з-за сваёй цёмнасці? А апошні прыгнятаў кожную вольную думку і, каб гістарычна ацалець, быў проста няздольны да найменшай крытычнасці. Бо рэвалюцыю ў Расеі не хамы рабілі, але эліта, дваранства і інтэлігенцыя, а казакі іх нагайкамі астуджвалі, як мяцежнікаў. Пачынаючы ад дзекабрыстаў, расейская інтэлігенцыя ўсюды і заўсёды змагалася з царызмам дзеля дабра хама, а падбухторванне потым яго супраць той самай інтэлігенцыі магчыма толькі ў Расеі. Бальшавікі баяліся людзей, якія ўмеюць крытычна глядзець на рэчы, таму знішчылі сваю інтэлігенцыю, а потым былі змушаны ліслівіць хаму, з якім ужо зусім не лічыліся як з чалавекам, але як з сілай, пасіўнай, але небяспечнай. Адгэтуль ліслівасць перад хамамі. Гэта падобна на вілянне хвосцікам пародзістага сабачкі перад вялікім, брудным, смуродным, бяздомным сабакам — між іншым кажучы — страшэнна баязлівым. «Ах, які ты прыгожы, разумны» — істэрычна захапляецца сабачка, танцуючы на дрыготкіх лапках вакол дварняка. «Вуррр.» — гыркае задаволены пысач, спрабуючы падняць заднюю лапу над галавой сабачкі. Цьфу. Крывадушша! Чаму не паставіць пытанне шчыра, праўдзіва, проста, адкрыта, як робяць мужныя людзі, якія ўсведамляюць уласную чалавечую годнасць?..

Палуднаваць я пайшоў да Брагіных. Заўважыў, што Лізка зрабілася да мяне вельмі ветлівая. Шапнула нават пра жаданне мне потым нешта сказаць, але некалі, не цяпер. Цікава, што? Даведаўся: на пачатак наступнага года прыпадае ейны дзень нараджэння. Выдатная нагода зрабіць ёй добры падарунак і прыручыць да сябе. Трэба як-небудзь тактоўна даведацца, што жадала б мець. Не хачу, каб дасталася Озімаву. Калі не мне, дык камусьці іншаму, толькі не яму. Але. не трэба спяшацца, каб не сапсаваць справы. Палкоўнік правільна ахарактарызаваў яе. Легкадумніца.

Перейти на страницу:

Похожие книги